Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Уладзімер Беражкоў, хакейны вязень


Уладзімер Беражкоў
Уладзімер Беражкоў

У адносінах да генэральнага мэнэджэра хакейнага клюбу «Дынама» (Менск) Уладзімера Беражкова ўжытая мера стрыманьня, ён узяты пад варту.

Хакейнага функцыянэра абвінавачваюць у злоўжываньні службовым становішчам і нямэтавым выкарыстаньні сродкаў. Санкцыі згодна з адпаведным артыкулам Крымінальнага кодэксу прадугледжваюць да 10 гадоў пазбаўленьня волі з канфіскацыяй маёмасьці. Раней паводле аналягічнага абвінавачваньня быў затрыманы генэральны дырэктар каманды Максім Суботкін.

Уладзімер Беражкоў быў дастаўлены ў СІЗА 14 жніўня, яму інкрымінуецца крадзёж клюбных сродкаў у памеры ня менш чым 45 мільёнаў рублёў. Шмат каго адпачатку зьдзівіў «кошт пытаньня», паколькі заробак за месяц у топ-мэнэджэра такога ўзроўню ў Кантынэнтальнай хакейнай лізе ўтрая большы.

Арышт выклікаў вялікі розгалас найперш сярод калегаў Беражкова па спартовай газэце «Прессбол», якую да пераходу на працу ў менскае «Дынама» ён узначальваў на працягу двух дзясяткаў гадоў. У рангу галоўнага рэдактара Беражкоў пасьлядоўна ставіў пад сумнеў дынамаўскі мэханізм «паразытаваньня» — пры мінімальнай аддачы зь бюджэту выпампоўваліся мільёны даляраў. А ўрэшце пагадзіўся з аргумэнтамі апанэнтаў — маўляў, крытыкаваць лёгка, зрабі нешта сам — і паспрабаваў сябе ў ролі генэральнага мэнэджэра каманды.

Дэбют на новым месцы аказаўся ўдалым: спалучэньне ў зьвёнах легіянэраў і мясцовых гульцоў дазволіла правесьці адзін з самых пераканаўчых сэзонаў. Сёлета посьпех плянавалася разьвіць, даказаўшы невыпадковасьць высілкаў, але, як кажа хакейны аглядальнік выданьня Вячаслаў Федарэнкаў, падобна на тое, што трэція сілы ня толькі намагаюцца сапсаваць рэпутацыю пэрсанальна Беражкову, але і ўсяму беларускаму хакею:

«Што б мне ні казалі, я не паверу, што Ўладзімер Пятровіч нейкі махляр. Я ня першы год яго ведаю, і ня другі; і перакананы, што ён можа ўстаяць перад любой спакусай. Калі ты працуеш у арганізацыі, дзе бюджэт, скажам так, не адзін мільён даляраў,

У мяне на гэты конт думка некалькі іншая: калі ты працуеш у такой арганізацыі і камусьці хочацца цябе па нейкім артыкуле «зачыніць», то гэта можна зрабіць на раз

камусьці здаецца, што ты будзеш красьці непазьбежна. Але той, хто так мяркуе, проста краў бы сам. У мяне на гэты конт думка некалькі іншая: калі ты працуеш у такой арганізацыі і камусьці хочацца цябе па нейкім артыкуле «зачыніць», то гэта можна зрабіць на раз.

Тут толькі два пытаньні. Першае: навошта гэта наогул? Другое: ці разумее той, хто ўсё гэта ўчыніў, што калі ў яго недзе і сьвярбела, то рабіць можна было ў любы час, але толькі ня зараз, за два тыдні да старту сэзону. Ці ёсьць увогуле разуменьне, што гэта стрэл у сьпіну самому «Дынама»? Шмат хто зараз намагаецца знайсьці ў гэтай сытуацыі нейкую лёгіку, а мне так падаецца, што асаблівай лёгікі тут няма, нехта замуціў усё на рэфлексіі. Трэба сказаць, ня вельмі далёкі чалавек, бо не пралічыў усе магчымыя наступствы, для ўсяго: для клюбу, для беларускага хакею, для Беларусі наогул. Проста нейкае, як казалі ў сталінскія часы, «шкодніцтва».

Зрабіць кар’еру хакеіста Ўладзімеру Беражкову ў свой час перашкодзілі траўмы. Але хакей заўсёды існаваў паралельна — цягам васьмі гадоў ён быў віцэ-прэзыдэнтам Беларускай фэдэрацыі хакею. А пасьля таго, як менскае «Дынама» прапісалася ў Кантынэнтальнай хакейнай лізе, «Прессбол» стаў зацятым крытыкам непрафэсійнай стратэгіі ваколдынамаўскага мэнэджмэнту, што ледь не завершылася судовым працэсам.

З чарговай пертурбацыяй у «Дынама» Беражкоў быў ня толькі «амніставаны», а ўвайшоў у назіральную раду хакейнага клюбу, стаўшы аўтарам канцэпцыі разьвіцьця беларускага прадстаўніка ў КХЛ. З канчатковым пераходам пад дах «Менск Арэны» прозьвішча Беражкова стала гучаць ня так часта, але эфектыўны курс абноўленага калектыву, да якога прыклаў руку і генэральны мэнэджэр, адзначалі і заўзятары, і адмыслоўцы.

Летась у кастрычніку Ўладзімер Беражкоў быў абраны намесьнікам старшыні Фэдэрацыі хакею Беларусі, а ў апошнія дні сёлетняга ліпеня ўвайшоў у склад праўленьня Кантынэнтальнай хакейнай лігі. У гэты ж час за кратамі апынуўся генэральны дырэктар «Дынама» Максім Суботкін.

Намесьнік упраўляючага дырэктара расейскай Вышэйшай хакейнай лігі Мікалай Карповіч некалі таксама пачынаў у «Прессболе» і апошнія падзеі вакол колішняга боса ацэньвае наступным чынам:

«Уладзімер Пятровіч, без перабольшаньня, быў маім настаўнікам, бо менавіта ў газэце „Прессбол“ стартавала мая журналісцкая кар’ера. Пад яго кіраўніцтвам я адпрацаваў 6 гадоў. Беражкоў адносіцца да якраз да тых людзей, якім давяраеш нават больш,

я ня веру, што чалавек, які ўсё жыцьцё змагаўся з карупцыяй, мог удзельнічаць у тым, што яму прыпісваюць

чым самому сабе. Можна сказаць, што на ягоных матэрыялах фармавалася маё сьветаўспрыяцьце, і „Прессбол“ пераўтварыўся ў пэўны рупар ня толькі для спартовай грамадзкасьці. Таму я ня веру, што чалавек, які ўсё жыцьцё змагаўся з карупцыяй, мог удзельнічаць у тым, што яму прыпісваюць. Ня тое, што ня веру, я перакананы: Уладзімер Пятровіч ня мае да гэтага дачыненьня, а ўсё, што зараз адбываецца вакол менскага „Дынама“ і канкрэтна Беражкова, нагадвае нейкі фарс.

Мне ўвогуле неразумела: як пад наглядам кіраўніка МУС, які зьяўляецца куратарам клюбу, цягам 1,5 месяца могуць „зачыніць“ двух галоўных дзейных асобаў усяго мэнэджэмэнту — спачатку гендырэктара, а цяпер вось выканаўцу абавязкаў? Хутчэй, гэта падобна на нейкія ўнутраныя разборкі ў дзяржаве, прынамсі так гэта бачыцца з тэрыторыі Расеі, дзе, дарэчы, Уладзімера Беражкова вельмі любяць і паважаюць. Тут ён сапраўды карыстаецца заслужаным аўтарытэтам і як журналіст, і як хакейны функцыянэр».

Не пасьпелі за Ўладзімерам Беражковым зачыніцца дзьверы сьледчага ізалятару, як на афіцыйным сайце менскага «Дынама» зьявілася інфармацыя адносна прызначэньня новага выканаўцы абавязкаў гендырэктара. Ім стаў адстаўны палкоўнік Анатоль Курылец, які дагэтуль адказваў у «Дынама» за пытаньні бясьпекі. Да прыходу ў вялікі спорт Курылец працаваў намесьнікам міністра ўнутраных спраў на пасадзе начальніка галоўнага ўпраўленьня кадраў МУС. У 2013 годзе сышоў на пэнсію.

Тым часам з дынамаўскага сайту выдаленая ўся інфармацыя пра Беражкова ў разьдзеле «Кіраўніцтва».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG