Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Цярэшчанка: Госпадзі, толькі не дапусьці нікога зь іх да ўлады! Няхай лепш будзе Лукашэнка


Віктар Цярэшчанка
Віктар Цярэшчанка

3 кастрычніка ў прамым эфіры тэлеканала Беларусь-1 адбыліся дэбаты паміж кандыдатамі ў прэзыдэнты. Віктар Цярэшчанка распавёў Свабодзе пра свае ўражаньні ад тэледэбатаў:

«Усе трое ўдзельнікаў — вельмі прыемныя людзі. Але ніхто зь іх не назваў ніводнай прычыны, ніводнай прынцыповай палітычный памылкі ў кіраваньні краінай, ніхто ня мае элемэнтарнага разуменьня тых праблем, якія існуюць у краіне. Для мяне гэта было дзіўным. Агульныя фразы: усім прыстойныя пэнсіі, заробкі, усім дастатак, дабрабыт. А адкуль ўсё гэта возьмецца? Якія канкрэтныя прапановы аб вывадзе краіны са стагнацыі? Ніхто не сказаў аб шляхах вываду краіны з крызісу. Ніхто зь іх ня бачыць памылак у цяперашняй палітыцы, у кіраваньні краінай. Ніхто зь іх не спыніўся на гэтым. Але ўсе дэкляруюць, што пры іх будзе дабрабыт, прапаноўваюць мірныя перамены. Усё гэта — проста набор слоў. А як мяняць гэта, што канкрэтна трэба рабіць, ніхто з кандыдатаў ня ведае.

Вось Тацяна Караткевіч кажа пра тое, што трэба рухацца наперад, пра мірныя перамены, пра тое, што цяжкае становішча на МАЗе, на МТЗ, патрэбныя рэформы... Пералічыла ўсё, што дрэнна, а вось што трэба зрабіць — ні слова. Што такое „мірныя перамены“? Гэта звычайны лёзунг, за якім нічога не стаіць.

Мікалай Улаховіч казаў таксама пра перамены, пра тое, што мы патрапілі пад усясьветны крызіс, адкуль нам трэба выбірацца разам з Расеяй. Гэта агульны лёзунг. Мы ведаем, што Беларусь абагнала ўсе краіны сьвету па тэмпах інфляцыі, па росту цэнаў.

Алег Гайдукевіч казаў пра сустрэчы з жывымі людзьмі, што яны аб’ехалі ўсю Беларусь. Ну і што?

І ўсе трое запрашалі людзей прыйсьці на выбары. Усе казалі пра інвэстыцыі... А сур’ёзна пра эканоміку ніхто не сказаў нічога.

Я выкажу, магчыма, крамольную думку: Госпадзі, толькі не дапусьці нікога зь іх да ўлады. Няхай лепш прэзыдэнтам будзе Лукашэнка зь ягонай дыктатурай і фэадальнай сыстэмай, але, крый Божа, ніхто зь іх. Уладзе, дзякуючы гэтым тэледэбатам, удалося „падставіць“ усіх трох».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG