Лідэр Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька разам з паплечнікамі зладзілі раздачу ўлётак каля прахадной Менскага трактарнага заводу.
Падчас працоўнай перазьменкі палітыкі прапанавалі працаўнікам МТЗ інфармацыю пра сфальшаваныя лічбы вынікаў галасаваньня на прэзыдэнцкіх выбарах, пра падман працоўных адносна нізкіх заробкаў і росту коштаў, пра рэпрэсіўную кантрактную сыстэму і многія іншыя сацыяльныя праблемы працоўных і ўсяго грамадзтва. Паведамленьні палітычнага і сацыяльнага зьместу ў тэксьце ўлёткі былі зьмешчаныя пад загалоўкамі «Вас падманулі і абрабавалі», «Мы патрабуем спыніць рост коштаў», «Што вы атрымаеце, калі праграма „Мільён працоўных месцаў“ будзе рэалізаваная». За трыццаць хвілін актывісты АГП раздалі некалькі сотняў улётак. Старшыня АГП Анатоль Лябедзька гэтак пракамэнтаваў палітычную акцыю:
«Выбары скончыліся. Але яны не прывялі да пераменаў, праблемы засталіся, а таму нам важна ведаць, чым жывуць людзі. Мы раздалі 500 асобнікаў літаральна за некалькі хвілін. Тое, як людзі разьбіраюць інфармацыю, азначае, што людзі прагнуць гэтай інфармацыі, што яны не насыціліся так званай выбарчай кампаніяй. Значыць, трэба ісьці сюды з нашай праграмай „Мільён новых працоўных месцаў“. Крызіс будзе толькі павялічвацца. Будзем змагацца за пашырэньне прасторы свабоды».
Як паведаміў Анатоль Лябедзька, інфармацыйныя акцыі Аб’яднаная грамадзянскай партыя будзе праводзіць і каля іншых прадпрыемстваў. У тым ліку і ў іншых гарадах краіны.