На выбарчым участку ў Каледжы мастацтваў Тацяна зьявілася роўна а 12-ай гадзіне. Там яе ўжо чакаў натоўп журналістаў, празрыстыя ўрны для галасаваньня, самадзейны канцэрт і два шэрагі назіральнікаў за выбарамі. Тацяна Караткевіч выйшла з кабінкі для галасаваньня і зьвярнулася да журналістаў па-беларуску:
«Я паставіла знак перамогі насупраць свайго прозьвішча», — сказала яна. — Наш шанец перамагчы — гэта двузначная лічба і другі тур».
Журналісты тут жа пытаюцца, ці будзе яна заклікаць людзей ісьці на плошчу. Караткевіч адказвае «не».
Не хацелася б, каб людзі, якія прагаласавалі за мірныя перамены, трапілі пад правакацыю іншых палітычных сіл.
«Я сёньня не магу забясьпечыць бясьпеку людзей, — тлумачыць яна. — Рэакцыя ўлады можа быць неадэкватнай і агрэсіўнай. І другое: не хацелася б, каб людзі, якія прагаласавалі за мірныя перамены, трапілі пад правакацыю іншых палітычных сіл».
Разам з Тацянай на ўчастку — яе муж Віталь і маці Натальля. Маці кандыдатку падтрымлівала ад самага пачатку, яшчэ на стадыі збору подпісаў была сябрам ініцыятыўнай групы.
Муж да інтэрвію і публічнай ўвагі выглядае нязвыклым, на пытаньні адказвае відавочна хвалюючыся і вельмі стрымана. Што да статуса ў якасьці мужа кандыдаткі, то кажа, што асабліва нічога ў ягоным жыцьці не памянялася:
«Мы і пазнаёміліся на сэмінары, палітыка — гэта частка нашага жыцьця», — кажа ён. Больш пра сябе распавядаць ня хоча, нават ня кажа, дзе працуе: «Я ўсё жыцьцё штосьці раблю сваімі рукамі».
12.30
Тацяна зь Віталём прыяжджаюць у школу, дзе вучыцца іх 12-гадовы сын Елісей. Пра свае пляны пазаўзець за сына на спаборніцтвах па піянэрболе Тацяна распавяла яшчэ падчас урачыстага галасаваньня. У школе яе яўна добра ведаюць. Намесьнік кіраўніка штаба Алег Мяцеліца сходу робіць заўвагу настаўніцам за тое, што па тэлевізары ў холе гучна ідзе канал з расейскім шансонам. «У вас жа проста на экране напісана 12+», — кажа Мяцеліца. Канал імгненна выключаюць.
У спартовай залі Тацяна застаецца хіба на хвілінаў 10. Елісей — высокі хлапчук у майцы з Пагоняй і надпісам Belarus Freedom. Некалькі фатаздымкаў — і Тацяна пакідае мужа з сынам, а сама накіроўваецца ў штаб.
13.21
Тут абмяркоўваюцца апошнія дэталі сёньняшняй праграмы Тацяны яшчэ ў якасьці кандыдата ў прэзыдэнты. Абед у «Лідо», паход на выставу сучаснага мастацтва, каток у «Карона-Замак», вячэра ў рэстаране «Грунвальд». Плян падкрэсьлена асабісты і «мірны».
Тацяне пачынаюць тэлефанаваць журналісты. Лукашэнка назваў яе «чалавекам у спадніцы» і засумняваўся, што яна зможа кіраваць краінай.
«Мы ведаем, хто ваш муж», — чытае Тацяна ў інтэрнэце зьвернутыя да яе словы Лукашэнкі. «Гэта што, пагроза?!» — уздымае яна вочы ад экрана. «Муж як муж, — кажа яна. — Калі быў студэнтам, далучыўся да „Зубра“. А цяпер ён муж, тата, супрацоўнік і мая падтрымка».
Робіцца вядома, што штабы іншых кандыдатаў — Сяргея Гайдукевіча і Мікалая Ўлаховіча — запрасілі на прамы эфір на Беларускае тэлебачаньне. Караткевіч — не запрасілі.
14.48
Абед у «Лідо». Тацяну суправаджае ці ня ўся яе каманда. За паўгадзінны абед да Тацяны цугам ідуць людзі пажадаць посьпеху, сказаць «мы за вас» і сфатаграфавацца. Амаль усе зь дзецьмі. Тацяна нікому не адмаўляе.
«Вось, — кажа, — як зь Дзедам Марозам фатаграфуюцца, так і са мною. Хутка пачну жаданьні спаўняць».
15.55
Тацяна забягае ў бібліятэку імя Пушкіна. У гэтым будынку ўчастак, на якім назіральніцай працуе сёньня яе маці Натальля. Перад бібліятэкай стаяць палаткі з пасьцельнай і жаночай бялізнай.
На сам участак Тацяне як кандыдатцы заходзіць нельга. Маці выходзіць да яе ў перадвыбарчы буфэт. Тут звыклыя «прэзыдэнцкія» піражкі па 4 800 і пашыраны продаж маек і кепак колераў афіцыйнага сьцяга.
16.25
Выстава ў Палацы мастацтваў. «Я хвалююся, чакаю вечара. Мне трэба пераключацца, — кажа Тацяна. — Сумую, што не магу пайсьці на выбарчыя ўчасткі. Мы паглядзелі, што ёсьць выстава маладых мастакоў. Хочацца зразумець, што разам з намі адначасова жывуць людзі, якія могуць быць чымсьці адметныя», — тлумачыць яна свой выбар.
Арганізатары выставы прапануюць кожнаму наведніку пакінуць імёны сваіх «фаварытаў» на адмысловай паперцы. Тацяна абірае мастакоў Ганну Сілівончык, Галіну Дыдышко і Андрэя Лянкевіча.
У адной з заляў яе спыняе пара зь дзіцём.
«Мы жадаем вам посьпеху! Нават нашая дачка, якая жыве ў Санкт-Пецярбургу, адмыслова пайшла галасаваць за вас», — кажа жанчына.
«Мы лічым, што грамадзтва сасьпее да таго, што абярэ жанчыну прэзыдэнтам», — працягвае мужчына.
«Дзякуй, мы ня будзем спыняцца», — абяцае Караткевіч.
17.00
«Вось у вас у нядзелю і абед, і выстава, і канькі, — пытаюся я, пакуль мы едзем да катка. — А калі вы не кандыдат, як праводзіце выходныя?»
«Я ўжо забылася, як гэта, — адказвае Тацяна. — Я ўжо пяць месяцаў як кандыдат. Але і ў звычайным жыцьці тое самае. Калі бачу нейкую выставу, то абавязкова схадзіць. У кіношку, разьвеяцца, атрымаць новыя ўражаньні. Чаго мне сёньня не хапае — гэта сустрэч зь сябрамі. І каб час правесьці зь сям’ёй“».
У штабе забіраем сына Елісея і едзем на каток.
17.18
У Тацяны 38-ы памер канькоў і дзіцячая мара стаць фігурысткай. Катацца яна зьбіраецца проста ў паліто і калготках. У перапранальні нас ужо чакае фотакарэспандэнт „Камсамольскай праўды“. Прыгожы сюжэт пра тое, як кандыдатка ў прэзыдэнты катаецца на каньках, зьявіцца на інтэрнэт-старонцы выданьня літаральна праз гадзіну. Тацяна катаецца сапраўды добра, трымаецца ўпэўнена і ні разу не ўпала.
«Я за сваё жыцьцё шмат каго навучыла катацца на каньках, езьдзіць на ровары, — кажа яна. — У мяне добры навучальны досьвед».
17.51
Пакуль спускаемся ў ліфце на паркоўку, размаўляем зь Елісеем. Ён кажа, што жыцьцё ягонае ад мамінага кандыдацтва ніяк не памянялася. аднаклясьнікі ў яго нічога пра гэта не пытаюцца. Ведае, што пра маму рознае пішуць у інтэрнэце, але ён не чытае, а чытае тата.
— А чаму твая мама можа быць прэзыдэнтам?
— Таму што яна не баіцца. Не баіцца ім стаць.
19.30
У 18.40 Радыё Свабода робіць імклівы пяціхвілінны эфір з офіса кандыдаткі. Каля 19.30 Тацяна Караткевіч разам з начальнікам штаба Андрэям Дзьмітрыевым, сваякамі і паплечнікамі ідзе на вячэру ў кавярню «Грунвальд». Калі камусьці тэлефануюць журналісты, усе сябры штабу, не хаваючыся кажуць, што яны на вячэры і дзе. Андрэй Дзьмітрыеў нават спрабуе дамовіцца тут на інтэрвію з журналістамі БТ. Тацяна замаўляе маркоўны фрэш, што ня можа ня выклікаць згадкі пра кандыдата ў кандыдаты Віктара Цярэшчанку.
У гэты момант на Кастрычніцкай плошчы ўжо пачынаюць зьбірацца людзі.
«Вы пойдзеце на плошчу?», — яшчэ раз удакладняю я.
«Не, мы казалі ня раз і кажам цяпер, што ня пойдзем».
Ад усяго гэтага застаецца ўражаньне, што каманда Караткевіч хоча знаходзіцца ў гэтым час на вачах людзей у як мага больш публічным месцы.
19.59
«Уся кампанія ўладаў была пабудаваная на тым, што яны пра эканоміку не гавораць, — тлумачыць мне тут жа ў „Грунвальдзе“ давераная асоба Караткевіч і эканаміст Сяргей Чалы, — Што любая згадка эканамічных рэформаў — гэта тэрарызм, Майдан, дэстабілізацыя і гэтак далей. Разьлік быў на тое (ва ўладаў — РС.), што ў эканоміцы мы ня можам нічога паабяцаць, і ўсё вельмі кепска, затое мір. І менавіта таму акцэнт кампаніі (Караткевіч — РС.) быў зроблены на эканоміку. І там максымальны водгук ад людзей мы атрымалі.
Галоўны мэсыдж які? Лукашэнка доўгія гады казаў, што гатовы гэтыя рэформы пачаць, але вы ж самі (народ) гэтага ня хочаце. То адной з мэтаў гэтай кампаніі было паказаць, што людзі не ідыёты, што калі гаварыць зь імі як з дарослымі і тлумачыць, які стан у эканоміцы і што рабіць, каб з гэтага выбрацца, яны гатовыя чуць і падтрымліваць. І сёньняшняя фраза Лукашэнкі пра тое, што раз вы самі да гэтага гатовыя, то бадай і я таксама, кажа пра тое, што гэта велізарная перамога».
— А вашаму кандыдату ад гэтага што? — пытаюся я.
— Паслухайце, мы ж не разважаем у катэгорыях, каму ад гэтага будзе лепш! Галоўнае, каб краіне было лепш! — адказвае эканаміст Чалы.
20.39
Над сталом разносіцца інфармацыя пра вынікі афіцыйных экзыт-полаў. Інстытут сацыялёгіі Акадэміі навук аддае Караткевіч трэцяе месца і 4,3% галасоў. Няўлоўным чынам падаецца, што ва ўсіх сябраў каманды Караткевіч настрой пагаршаецца і адрэналін спадае. Тацяна застаецца роўна спакойнай.
«Няма падставаў давяраць гэтым лічбам, — кажа яна. — Думаю, што яны будуць блізкія па значэньні да лічбаў, якія агучыць ЦВК».
І сапраўды, праз пяць гадзінаў старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына скажа пра 4, 43% у Караткевіч.
«Шкада, што вырашылі пагуляцца лічбамі на карысьць аднаго чалавека», — мяркуе Андрэй Дзьмітрыеў.
«Гэта той самы рэдкі выпадак, калі нашая „статусная апазыцыя“ будзе гатовая іх прызнаць, — камэнтуе лічбы Сяргей Чалы. — Бо гэта спосаб ігнараваць фэномэн Караткевіч. Сказаць нешта кшталту „а ў яе ж нічога ня будзе, а вось жа і нічога няма“. Хаця ўсе цудоўна разумеюць, што насамрэч галасоў вельмі шмат.
На пытаньне, колькі ў іх можа быць галасоў, сябры каманды Караткевіч кажуць: „ня менш за 20%“.
Караткевіч і Дзьмітрыеў сыходзяць у офіс „Эўрарадыё“ на жывы эфір.
22.58
«Ну што, усе гатовыя?» — у офісе ўсё яшчэ кандыдаткі ў прэзыдэнты Тацяны Караткевіч разьліваюць шампанскае ў плястыкавыя шклянкі.
«Мы ўжо перамаглі і пераможам заўтра, у 2016, 2018... Ура!» — выгуквае Тацяна, дакранаючыся сваёй шклянкай да іншых.
«Давайце пачнем з таго, што скажам адзін аднаму дзякуй, — зьвяртаецца да валянтэраў кампаніі Андрэй Дзьмітрыеў. — Думаю, што ніхто з нас не разьлічваў на тое, што за чатыры месяцы можна дасягнуць такіх вынікаў... Паверце, гэта першы крок... Тое, што зрабіла Тацяна Мікалаўена, гэта неверагодна... Памятаеце, як мы зьбіралі подпісы і лічылі „хопіць — ня хопіць“... Страх сёньня Ярмошынай і ўсёй улады перад гэтымі лічбамі, нас ня спыніць... Наперадзе нас чакае перамога!»
Каб павіншаваць Тацяну, у штаб прыехала каля трох дзясяткаў чалавек. Большая частка зь іх — з участкаў, дзе назіралі, як у Беларусі адбываюцца прэзыдэнцкія выбары.
«Як яны могуць так рабіць?!! — абураецца маладая стомленая дзяўчына, — проста на нашых вачах дапісваць гэтыя лічбы, калі бачаць, што мы лічым кожнага чалавека!» «Нас было трое на ўчастку. У нас атрымалася 544 чалавекі, а ў камісіі — 700, — распавядае дзяўчына, якая назірала на 92 участку ў Маскоўскім раёне Менску. — Гэта распаўсюджаная сытуацыя, ня толькі ў нас».
Валянтэры ў Караткевіч — спрэс маладыя ці вельмі маладыя. Для большасьці — гэта першая кампанія ў жыцьці.
«Вось мой сябар прыйшоў, раздрукаваў некалькі тысяч падпісных лістоў за Караткевіч, я назіральнік, вось гэтая дзяўчына таксама назіральнік», — распавядае зусім малады чалавек.
«Мы яе абралі таму, што хочам жыць у вольнай і незалежнай краіне», — кажа дзяўчына.
«Мы ня бачым, хто апроч яе, — далучаецца хлапец, які прыйшоў у кампанію пасьля таго, як ўвесну проста пабачыў выступ Караткевіч на партале tut.byю — З Улаховічам ці Гайдукевічам мы дакладна ня будзем жыць у вольнай краіне. Пра Лукашэнку і казаць няма чаго. Калі б прыйшоў чалавек, ну кшталту Статкевіча, то тады Беларусь адразу стала б праэўрапэйскай, і яе лёгка было б анэксаваць Расеі. А Тацяна — чалавек мірны, яна хоча з усімі разьвіваць стасункі, — і з Захадам і з Усходам. Гэта вельмі добрая пазыцыя».
«Самае галоўнае, што гэта ўсё мірна», — падхоплівае дзяўчына.
Маладыя людзі перакананыя, што калі б Караткевіч пачала кампанію хаця б год таму, то перамагла б. «Байкот зараз немагчымы», — кажуць яны. — Было бачна, што людзі пойдуць на выбары і іх пойдзе шмат. Байкатаваць было бессэнсоўна«.
«Мне 17 год. Усё сваё жыцьцё я жыву пры адным прэзыдэнце. Я хачу вывучаць беларускую мову, у бацькоў жаданьне весьці бізнэс, у сяброў бацькоў — жаданьне грошай больш атрымліваць. А што мы сёньня маем? Адно абяцаньне стабільнасьці і што вайны ня будзе. Патрэбныя зьмены. Альтэрнатывы Караткевіч на гэтых выбарах няма. Статкевіч і Някляеў кажуць, што альтэрнатывы Лукашэнку няма, але гэта хлусьня, бо ёсьць Караткевіч».
«Я так гучна хачу сказаць вам „дзякуй“, каб вы зразумелі, што гэтае „дзякуй“ — для кожнага з вас», — гучна кажа Тацяна Караткевіч.
23.59
Валянтэры яшчэ застаюцца ў офісе сьвяткаваць. Тацяна ў сваім кабінэце адно за адным дае інтэрвію замежным журналістам. Вельмі стомлены Андрэй Дзьмітрыеў, кіраўнік выбарчага штабу, кандыдат якога з хвіліны на хвіліну стане экс-кандыдатам, паўгадзіны адказвае на мае пытаньні.
— Я думаю, вы расчараваныя?
— Як чалавек ужо з пэўным досьведам, я не спадзяваўся на іншы варыянт. Як грамадзянін гэтай краіны я спадзяваўся, што ўлада скарыстаецца той магчымасьцю, якую падарылі ёй міжнародныя падзеі... Калі б афіцыйная ўлада не пабаялася даць Тацяне тыя адсоткі, якія яна сапраўды сёньня атрымала, то потым Лукашэнка, які сёньня застаецца на сваёй пасадзе, і гэта ўжо відавочна, мог бы сказаць — ну, добра, так за мной стаіць большасьць, але вось меншасьць, якая хоча пэўных пераменаў, і яна таксама даволі вялікая... Можна было б пачынаць рабіць вельмі важныя крокі ў краіне. А тое, што яны вырашылі пайсьці шляхам вось гэтых 80%, гэта азначае, што потым можна казаць — так усё добра ў краіне. Ведаеце, калі на выбары прыходзіць 90%, зь іх 80% галасуе — ў крызіс — за дзейнага кіраўніка краіны, гэта азначае толькі адно — што ўсім усё падабаецца.
00.43
Большасьць валянтэраў ужо разьбеглася, каб пасьпець на мэтро. У офісе застаецца толькі Тацяна і галоўныя асобы ў штабе. Усе выглядаюць нэрвовымі і стомленымі. Апроч Караткевіч, чакаюць папярэдніх вынікаў, якія агучыць Лідзія Ярмошына. Вынікаў няма.
2.10
Лічбаў усё яшчэ няма. Каманда Караткевіч праводзіць напружаныя перамовы паміж сабой за зачыненымі дзьвярыма. Камэнтаваць вынікі адмаўляюцца да моманту прэсавай канфэрэнцыі, якую анансавалі на 12 кастрычніка а палове першай дня ў рэстарацыі «Сёмае неба».
— Як вы зараз настроеныя, вы будзеце прызнаваць вынікі?
— Вельмі складанае пытаньне, бо шмат сумненьняў — адказвае Тацяна.
Яна выглядае спакойнай, ня стомленай прынамсі зьнешне і адказвае на пытаньне ва ўжо звыклай для яе ветлай і асьцярожнай манеры.
— Упэўненасьць ёсць толькі адна: за нас прагаласавала нашмат больш, чым 5%. Трэба ўлічыць таксама, што былі няроўныя ўмовы барацьбы, нашых прадстаўнікоў не было ў выбарчых камісіях, не было такога ж доступу да СМІ. Вельмі шмат сумненьняў.
02.32
ЦВК агучвае папярэднія вынікі. У Аляксандра Лукашэнкі 83,49%. У Тацяны Караткевіч — 4,42%. Сяргей Гайдукевіч і Мікалай Улаховіч — 3,32% і 1,67% адпаведна. На другім месцы кандыдат «супраць усіх» — 6,40%.