У Берасьці, як і ў іншых мясьцінах, галасаваньне суправаджаецца канцэртамі ды таннымі буфэтамі. Назіральнікі фіксуюць парушэньні, некаторыя выбарцы кажуць, што «калі б не было Караткевіч, то галасавалі б за Лукашэнку».
У Берасьці, як і па ўсёй Беларусі, адметнасьцю выбараў сталі танныя буфэты ды канцэрты мастацкай самадзейнасьці. Вялікіх натоўпаў на ўчастках няма. Назіральнікі кажуць — гэта з-за таго, што шмат людзей прагаласавалі датэрмінова.
Карэспандэнт Свабоды прайшоў па некалькіх участках у цэнтры Берасьця.
Спадар: «Я галасаваў за Караткевіч...»
Спадарыня: «Я таксама за Караткевіч. Таму што мы хочам, каб нешта мянялася. Яна маладая, пэрспэктыўная. Павінна быць новае паветра, новы віток, нешта новае ў гэтым жыцьці павінна быць. Мы думаем, што шанцаў у яе няма, але мы хадзілі, каб пры падліку, пры аналізе, бачылі, што людзі хочуць пераменаў».
Спадар: «Калі б не было Караткевіч, я б таксама за Лукашэнку прагаласаваў. А тое, што ва Ўкраіне... гэта, канечне, спрацавала на руку нашаму прэзыдэнту...»
Як распавёў берасьцейскі кіраўнік кампаніі назіраньня «Права выбару» Ігар Маслоўскі, «улада не вытрымлівае трох крытэраў», каб выбары адпавядалі дэмакратычным стандартам:
«Па-першае — гэта масавае неўключэньне прадстаўнікоў палітычных партыяў ва ўчастковыя выбарчыя камісіі. Па-другое — гэта велізарны працэнт датэрміновага галасаваньня. І трэцяе — скрыні для датэрміновага галасаваньня захоўваюцца неналежным чынам».
Спадар Маслоўскі распавёў, што ўлады выкарыстоўваюць новы мэтад ціску на назіральнікаў — калі праўладныя назіральнікі скардзяцца ў камісію, што незалежныя назіральнікі перашкаджаюць гэтай самай камісіі працаваць.
Менавіта на такой падставе ў часе датэрміновага назіраньня быў пазбаўлены акрэдытацыі Ўладзімер Вялічкін, які працаваў як незалежны назіральнік ад жыхароў свайго дому.
Берасьцейскі кіраўнік назіральнікаў ад кампаніі «За справядлівыя выбары» Леанід Майструк распавёў, што фіксуюцца ледзь не адкрытыя ўкіды бюлетэняў у скрыні:
«Па папярэднім галасаваньні ў нас сур’ёзныя нараканьні ўзьніклі ў Баранавічах, дзе назіральнік, які прысутнічаў цэлы дзень, практычна ўбачыў яўнае парушэньне, зьвязанае з укідам бюлетэняў. Была зроблена афіцыйная заява ў пракуратуру. Былі таксама прадстаўнікі місіі АБСЭ, якія выехалі на месца».
Назіральнікі прагназуюць, што выбары будзе цяжка прызнаць дэмакратычнымі.
Паводле афіцыйнай інфармацыі, на 14 гадзіну 11 кастрычніка ў Берасьцейскай вобласьці прагаласавала 65% выбарцаў. Датэрмінова ў рэгіёне прыйшлі на ўчасткі 37,5% выбарцаў.