У буфэце 20-га выбарчага ўчастку, што ў будынку гімназіі № 42, назіральнікі налічылі ў продажы 50 найменьняў сьпіртных напояў. На разьліў іх прадаюць без нацэнкі, папярэджвае аб’ява ў буфэце.
«Глядзіце, тут прапануюць і „дармовы закусон“, які замаскаваны пад дэгустацыю — каўбаскі ўжо амаль паелі, але засталіся яшчэ печыва і сок. А на другім століку стаяць дармовыя гарбата і кава. Не праходзіць міма, называецца, выбірай — не хачу!», — пракамэнтаваў тое, што ўбачыў у буфэце, назіральнік Аляксандар Мурыгін.
Буфэт абслугоўваецца ўнівэрсамам «Цэнтральны», кошты ў якім вышэйшыя за сярэднія ў Менску. Паводле наведніка буфэту, кошты ў ім такія самыя, як у краме. «Тут гарэлка — 100 грам 9 тысяч, а вось на суседнім участку столькі ж нальюць за 7 тысяч», — скардзіцца наведнік.
Адносна галасаваньня на ўчастку назіральнік Аляксандар Мурыгін мае дзьве асноўныя заўвагі. Першая — што часта ў кабінкі для галасаваньня выбарцы заходзяць па некалькі чалавек адначасова. Гэта парушэньне закону, але сябры камісіі ня робяць ім заўваг. Другое — назіральнікам далі для назіраньня месца, зь якога не відаць, як выбарцы праходзяць рэгістрацыю і атрымліваюць бюлетэні. «Праўда, пасьля нашых пратэстаў адно крэсла для назіральнікаў паставілі бліжэй да рэгістрацыі, але астатнім так нічога і ня бачна, акрамя саміх сябе ў люстэрку», — паведаміў Аляксандар Мурыгін.