Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За Лукашэнку больш за 80%, Караткевіч — каля 5%. Спантаннае шэсьце да Плошчы Незалежнасьці

11 кастрычніка ў Беларусі адбыліся пятыя прэзыдэнцкія выбары. Паводле дзяржаўных экзыт-полаў, Лукашэнка перамог, а Тацяна Караткевіч займае другое ці трэцяе месца.

11:10 11.10.2015

Статкевіч у дзень выбараў носіць бульбу ў склеп

Былы кандыдат у прэзыдэнты і палітвязень Мікола Статкевіч плянуе сёньня сустрэцца зь беларускімі і замежнымі журналістамі, каб даць ім сваю ацэнку выбарчай кампаніі ў Беларусі.

11:00 11.10.2015

Сіўчык: Ніякіх акцый на вечар не рыхтуем

Кіраўнік руху салідарнасьці «Разам» Вячаслаў Сіўчык прысьвеціць дзень выбараў назіраньню.

10:53 11.10.2015

Лябедзька будзе назіраць на «самым брутальным» участку

Лідэр Партыі АГП Анатоль Лябедзька галасаваць ня пойдзе, але зарэгістраваўся назіральнікам на выбарчым участку. Менавіта на гэтым участку назіральнік ад АГП, былы міліцыянт Мікола Казлоў, зафіксаваў галасаваньне «карусельшчыкаў».

10:46 11.10.2015

Ярмошына: Палова тых, хто хацеў удзельнічаць у выбарах, ужо прагаласавала

Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына сёньня раніцай пракамэнтавала журналістам высокую яўку выбаршчыкаў падчас датэрміновага галасаваньня.

10:38 11.10.2015

Журналіста газэты «Новы Час» Арцёма Ляву а 8 гадзіне раніцы не пусьцілі на выбарчы ўчастак. Яму нават не дазволілі зайсьці ў памяшканьне выбарчага участка, патлумачыўшы тым, што складаюць супраць журналіста акт.

10 кастрычніка Арцём Лява правёў цэлы дзень на выбарчым участку № 33 Ленінскага раёна Менску. Ніякіх нараканьняў на яго адрас у сяброў выбаркаму не было.

10:29 11.10.2015

У буфэтах паліцы ломяцца ад выпечкі і далікатэсаў. Прадаецца алькаголь — ад беларускай гарэлкі да марціні. На ўчастку таксама можна набыць бульбу, агуркі, памідоры. Таксама караваі і вырабы народных промыслаў.

10:27 11.10.2015

Участак, дзе будзе галасаваць Аляксандар Лукашэнка, знаходзіцца ў беларускім дзяржаўным унівэрсытэце фізычнай культуры і спорту. Журналістаў папрасілі прыйсьці а 9-ай гадзіне раніцы, калі зьявіцца Лукашэнка, пакуль невядома.

На ўчастку ўзмоцненая ахова. Прыехалі спэцназаўцы, каля 20 чалавек. На ўваходзе ўсіх выбарцаў правяраюць мэталяшукальнікамі. Паглыблены дагляд журналістаў. Журналістаў падзялілі на дзьве часткі.

10:16 11.10.2015

Тацяна Караткевіч заклікала прагаласаваць усіх і выкладваць фатаздымкі свайго выбару. Пра гэта яна напісала ў Фэйсбуку.

10:15 11.10.2015

На пасаду кіраўніка Беларусі прэтэндуюць старшыня Лібэральна-дэмакратычнай партыі Сяргей Гайдукевіч, прадстаўніца грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду» Тацяна Караткевіч, дзейны кіраўнік дзяржавы Аляксандар Лукашэнка і старшыня Беларускай патрыятычнай партыі Мікалай Улаховіч.

XS
SM
MD
LG