Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Экс-прэзыдэнт Латвіі Гунтыс Улманіс папярэджвае беларусаў: Вучыцеся на досьведзе Крыма і Ўсходняй Украіны


Гунтыс Улманіс пра Беларусь, Лукашэнку і мову
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:07:33 0:00

Гунтыс Улманіс пра Беларусь, Лукашэнку і мову

Былы прэзыдэнт Латвіі Гунтыс Улманіс пра тое, чаму ня можа быць дзьвюхмоўнай сыстэмы і чаму беларусам ня трэба быць блізарукімі і наіўнымі ў адносінах з Расеяй.

Першы прэзыдэнт Латвіі пасьля аднаўленьня незалежнасьці Гунтыс Улманіс — удзельнік спэцыяльнага праекту Радыё Свабода «Расея і я». Унучаты пляменьнік прэзыдэнта Латвіі Карліса Улманіса. Дзяцінства правёў у сыбірскай ссылцы. Двойчы абіраўся прэзыдэнтам парлямэнтам краіны — у 1993 і 1996 годзе. Гунтысу Улманісу — 76 гадоў.

Ганна Соўсь: У 1996 годзе ў інтэрвію беларускай газэце «Свободные новости», вы казалі пра тое, што вы спачатку ўспрымалі Беларусь як разьвіваную дэмакратыю з некаторымі праблемамі ...

Гунтыс Уламаніс: Спадзяваліся, спадзяваліся...

Ганна Соўсь: ... але пасьля таго, як ЗША далі палітычны прытулак двум лідэрам Беларускага Народнага фронту, вы зьмянілі сваё стаўленьне. Як вы ацэньваеце больш чым дваццаць гадоў кіраваньня Лукашэнкі? Зараз на фоне падзей ва Ўкраіне ён ужо не апошні дыктатар у Эўропе. Беларусь стала пляцоўкай для мірных перамоваў у ваенным канфлікце Расеі і Ўкраіны. Як вы ацэньваеце яго ролю ў гісторыі Беларусі? Як вам здаецца, наколькі ён самастойны палітык, ці ўсё ж, нягледзячы на розную рыторыку, ён залежны ад Масквы?

адно пытаньне заўсёды будзе вельмі, выключна важным: ўзаемаадносіны з Расеяй і расейскім народам

Гунтыс Уламаніс: Ролю прэзыдэнта Лукашэнкі ацэняць народы, гісторыя і час. Гэта пакінем вашаму народу. Вядома, нам усім хочацца, каб Беларусь была часткай Эўропы на самай справе, хоць яна і зьяўляецца геаграфічна неад’емнай часткай. Але па мэтадам кіраўніцтва, па павазе да дэмакратычных прынцыпаў нам бы вельмі хацелася, каб Беларусь была ў нашай кампаніі, у кампаніі краінаў Балтыі. Калі казаць на народным узроўні, то ў Беларусі і Латвіі ніколі ніякіх праблемаў, спрэчак, нянавісьці не было і ня будзе. Многія беларусы пражываюць у Латвіі, і я ніколі ня чуў, каб яны дрэнна гаварылі пра сваё жыцьцё. Так, беларускі народ абраў шлях з Лукашэнкам, але гэта яго выбар. Я лічу, што маладыя пакаленьні павінны самі абдумваць, якім шляхам яны пойдуць далей, якую адукацыю яны хочуць атрымаць, якое жыцьцё яны самі бачаць у сваёй краіне. Было б складана патрабаваць ад людзей старэйшых пакаленьняў пераломваць тое, што ёсьць у дзяржаве, наўрад ці яны гэта могуць і наўрад ці хочуць. Але маладое і сярэдняе пакаленьне павінна задаваць сабе пытаньне: гэта тая краіна, у якой я хачу жыць, ці я хачу штосьці ў ёй мяняць? Я не прыхільнік таго, што звонку можна памяняць сыстэму ў асобнай дзяржаве. Досьвед апошніх дзесяцігодзьдзяў паказвае, што моцны ўплыў зьнешніх фактараў, як правіла, гібельны. Так што я жадаю беларускаму народу, каб іх краіна мацнела, квітнела, разьвівалася, каб яны любілі сябе і іншых. І я ўпэўнены, што народ знойдзе свой шлях. Праўда, адно пытаньне заўсёды будзе вельмі, выключна важным: ўзаемаадносіны з Расеяй і расейскім народам. Калі ў нас ёсьць гэтыя праблемы... У Беларусі вельмі цесная сувязь з Расеяй, і якая будучыня ў гэтых ўзаемаадносінаў?.. Але я б хацеў беларусаў трошкі папярэдзіць: вучыцеся на досьведзе Ўсходняй Украіны, вучыцеся на досьведзе Крыма. Ня будзьце блізарукімі і наіўнымі, глядзіце на свае вочы і думайце, куды і як вы ідзяце.

Ганна Соўсь: У Беларусі ў 1995 годзе прайшоў спрэчны рэфэрэндум, дзякуючы якому расейская мова атрымала статус другой дзяржаўнай, і фактычна за гэтыя гады выцесьніла беларускую мову. У свой час ваш нацыянальны геній Яніс Райніс падтрымліваў беларускую мову, удзельнічаў у моўнай канфэрэнцыі ў 1926 годзе ў Менску і дапамагаў беларускай дыяспары ў Латвіі. Як вы лічыце, як знайсьці аптымальны балянс паміж падтрымкай сваёй нацыянальнай мовы і павагай да іншых моваў? І як зрабіць так, каб расейская мова ня стала небясьпечным фактарам для краіны-суседкі Расеі? Каб не прыйшлі «зялёныя чалавечкі» для таго, каб «абараняць расейскамоўных»? Гэта вельмі далікатнае пытаньне, для многіх краінаў актуальнае...

для мяне нічога больш сьвятога няма на сьвеце, чым мая родная мова

Гунтыс Уламаніс: Яно ня столькі далікатнае, колькі патрабуе характару. Першае: якое дзьвюхмоўе? Адна мова. Адна краіна — адна мова. У побыце, у сям’і — няма пытаньняў. У невялікіх краінах тры-чатыры мовы — гэта нармальная зьява, і кожны жыхар будзе валодаць імі і мець зносіны на іх. Але мова — гэта такое ж сьвятое, як гімн, сьцяг, як герб. Маё меркаваньне: адзін закон — адна мова ў першую чаргу. Усё астатняе потым пад гэта будуецца і робіцца. Я не хачу даваць рэкамэндацыі з нагоды мовы беларускаму народу. Ні ў якім разе. Але для мяне нічога больш сьвятога няма на сьвеце, чым мая родная мова. Гэта сьвятая сьвятых. Часам здаецца, што ў паўсядзённым жыцьці гэта дробязь. І я вельмі часта крыўджуся на сваіх латыскіх сяброў, на сваю нацыю за тое, што мы бываем вельмі рахманыя. Сустракаемся з расейскім чалавекам і адразу гаворым на расейскай мове. Хоць гэты расейскі чалавек, добры па характары і такі ж, як яго суразмоўца-латыш, гатовы вывучаць латыскую мову, гатовы размаўляць на латыскай мове, але мы вельмі часта пакідаем сваю мову, так бы мовіць, ззаду. Можа быць, гэта такая маленькая бытавая мая парада: паважай сваю мову ня толькі ў законах, паважай сваю мову ў паўсядзённым жыцьці, пры сустрэчах зь іншымі людзьмі. Я думаю, што гэта павінна прынесьці вынік і вечнае жыцьцё сваёй мове. Беларуская мова — вельмі прыгожая мова, і яна заслужыла, каб на ёй гаварылі куды шырэй, больш і глыбока.

ня будзе дзьвюхмоўнай сыстэмы

Сёньня нашымі супернікамі вельмі жорстка ставіцца пытаньне дзьвюхмоўнай сыстэмы. Ну ня будзе дзьвюхмоўнай сыстэмы. Яна ёсьць на самой справе ў побыце, але яна ня можа быць у заканадаўчым парадку, таму што характар, велізарная энэргія расейскай мовы праглыне латыскую мову ў вельмі кароткі час. Гэта я не баюся казаць ня толькі таму, што хвалююся за сваю латыскую мову, а таму, што ў Эўропе вельмі часта лічаць: «што за праблема, пражывае некалькі нацыянальнасьцяў, ну і рабіце некалькі дзяржаўных моваў». Здаецца, вельмі проста і элемэнтарна, але агрэсіўнасьць адной мовы да іншай відавочная. Не таму, што людзі не размаўляюць паміж сабой на розных мовах, а таму, каб не даць латыскай мове сысьці ў гісторыю. Латыская мова праіснавала, я думаю, многія тысячагодзьдзі, дзяржаўнасьці не было, але мова выжыла. І гэтая мова вельмі моцная, вельмі самабытная, але яе трэба абараняць усімі магчымымі сіламі. Гэта мой погляд, і я думаю, у гэтым павінны нас зразумець нашы расейскія сябры.

Ганна Соўсь: І праз столькі гадоў пасьля аднаўленьня незалежнасьці ўсё роўна трэба абараняць мову?

Гунтыс Улманіс: Абараняць. Мову трэба абараняць незалежна ад старажытнасьці, мова — гэта вечнае сьвятое, што ёсьць у кожнага чалавека, і любы чалавек і любая дзяржава сваю мову павінны абараняць як герб, як сьцяг, як гімн.

Гэта фрагмэнт праекту «Расея і я», сэрыі відэаінтэрвью з былымі кіраўнікамі пост-савецкіх дзяржаваў пра адносіны з Расеяй. У праекце «Расея і я» бяруць ўдзел былыя прэзыдэнты Ўкраіны Леанід Краўчук і Віктар Юшчанка, былыя прэзыдэнты Малдовы Пётра Лучынскі і Ўладзімер Варонін, былы прэзыдэнт Латвіі Гунтыс Улманіс, былы кіраўнік Літвы Вітаўтас Ландсбергіс, былы кіраўнік Беларусі Станіслаў Шушкевіч, былы прэзыдэнт Эстоніі Арнольд Руйтэль, былы прэзыдэнт Кыргызстану Аскар Акаеў, экс-прэзыдэнт Армэніі Робэрт Качаран і былая выкаўнаўца абавязкаў прэзыдэнта Грузіі Ніно Бурджанадзэ. Глядзіце ўсе інтэрвію на нашым сайце ў кастрычніку.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG