Будынак па вуліцы Ільінскага, на якім было графіці, — гэта былы раённы дом культуры. Ён даўно зачынены на рамонт, якога ўжо ніхто і не чакае. Тут месцамі няма вокнаў, аблупленая фарба на сьценах, і графіці з «вольнымі птушкамі прэсы» было адзіным, што неяк ажыўляла панылы выгляд будынку.
Віцябляне звыклі да гэтага малюнка, зробленага на ўзроўні другога паверху невядомымі мастакамі. Газэтныя птушкі ў клетках — першая сядзіць за кратамі, другая ірвецца праз іх у неба і трэцяя, нарэшце, вылятае на волю — многія ўспрымалі як сымбаль памкненьня да волі. А віцебскія журналісты ўбачылі ў гэтым свой, «прафэсійны» сымбалізм: увасабленьне незалежнасьці СМІ, памкненьне да вольнай журналістыкі.
У пачатку лістапада мінулага году, напярэдадні міжнароднай акцыі салідарнасьці журналістаў «Станем за журналістыку» некалькі чалавек сфатаграфаваліся на фоне гэтага графіці. Ідэя фотасэсіі заключалася ў тым, каб працягнуць тэму, узьнятую мастаком-графіцістам. Удзельнікі фотасэсіі таксама трымалі ў руках папяровыя клеткі і зробленых з газэты птушак-арыгамі. Фотаздымкі былі разьмешчаныя ў сацыяльнай сетцы «Фэйсбук», потым зьявіліся на сайце ГА «БАЖ». Міліцыя расцаніла фотасэсію як несанкцыянаванае пікетаваньне, нейкім чынам высьветліла асобы сямі ўдзельнікаў, і ўсе яны былі пакараныя судом — шасьцёра журналістаў і грамадзкіх актывістаў атрымалі штрафы памерам ад 18 да 25 базавых велічынь, а выпадковы мінак, які проста вырашыў далучыцца да фотасэсіі — трое сутак арышту.
Справы за фотаграфаваньне «з птушкамі і клеткамі» набылі шырокі грамадзкі рэзананс, у тым ліку міжнародны. «Эўрапейская фэдэрацыя журналістаў» (IFJ) і ГА БАЖ выступілі з адкрытым лістом у падтрымку ўдзельнікаў фотасэсіі. А прадстаўнікі IFJ правялі акцыю салідарнасьці зь віцебскімі калегамі — паўтарылі іх фотасэсію ў Брусэлі, трымаючы ў руках папяровыя птушкі і клеткі, а таксама шыльдачкі з надпісам «Хіба гэта злачынства?» У інтэрнэце пачалося абмеркаваньне: ці насамрэч на фатаграфаваньне ў грамадзкім месцы патрэбны дазвол мясцовых уладаў — як на пікет або мітынг, або гэта прыхамаць выключна віцебскай міліцыі, даўно «неабыякавай» да незалежных журналістаў.
Праваабаронца Павел Левінаў, таксама пакараны штрафам удзельнік фотасэсіі «з клеткамі і птушкамі», пачаў пісаць скаргі на рашэньні судоў, а таксама заявы ў адміністрацыю Чыгуначнага раёну. Ён вырашыў паглядзець, што будзе, калі ў чыноўнікаў афіцыйна папрасіць дазволу на фотасэсію-пэрформанс каля графіці. У раённай адміністрацыі мусілі пагадзіцца, што пэрформанс — гэта акт мастацкай творчасьці, і ён не падпадае пад дзеяньне закону аб масавых мерапрыемствах, паводле якога ва ўладаў трэба прасіць дазволы.
Аднак улады вырашылі перастрахавацца: работнікам ЖКХ далі загад і слоік шэрай фарбы, каб зьнішчыць графіці, якое ўвасабляла вольную прэсу. Цяпер замест газэтных птушак — тры няроўныя квадраты, і праз шэрую фарбу ўсё адно праглядаюцца выявы чорных клетак...
Зьнішчанае графіці аніяк не назавеш захадамі па добраўпарадкаваньні закінутага будынку. Побач на абшарпанай сьцяне застаўся яшчэ адзін малюнак — дзіўнаватага выгляду спадар дорыць дзяўчынцы паветраны балёнік. І ўжо куды больш парадку было б, калі б работнікі ЖКГ прыбралі горы сьмецьця і апалага лісьця вакол былога РДК. Але раскіданыя піўныя бляшанкі і пустыя бутэлькі, мабыць, не падаюцца мясцовым уладам настолькі небясьпечнымі, як газэтныя птушкі, што вырваліся на волю.