Ворагі тваіх сяброў могуць быць і тваімі ворагамі. Ворагі тваіх ворагаў могуць быць тваімі сябрамі. А можа быць і так, што ты ўвязваесься ў чужую бойку і робіш сабе новых сур’ёзных ворагаў, не асабліва набываючы сабе новых сяброў.
Гэта прыкладна тое, як можна апісаць расейскую цяперашнюю апэрацыю ў Сырыі. Яна гледзіцца як трошкі панічная спроба Масквы набыць міжнароднай вагі ва ўмовах ізаляцыі, але можа каштаваць ёй даражэй, чым, магчыма, спадзяюцца ў Крамлі.
Падзеі разгортваюцца лявінападобна. Ісьлямісцкія групоўкі і савудаўскія рэлігійныя лідэры ўжо адзін за адным абвяшчаюць Расеі джыхад. Прагучалі думкі пра патэнцыйнае пашырэньне расейскай вайсковай апэрацыі на Ірак і магчымае ўвядзеньне расейскіх сухапутных войскаў. Зьяўляюцца непацьверджаныя паведамленьні то пра зьбітыя расейскія самалёты, то пра абстрэлы паўстанцамі расейскай вайсковай базы, якая знаходзіцца даволі блізка да лініі фронту.
І гэта, на жаль, можа быць толькі пачаткам.
І гэта, на жаль, можа быць толькі пачаткам. Не гаворачы пра відавочныя асацыяцыі з Аўганістанам, варта хіба ўзгадаць, што пераважную большасьць са шматмільённага мусульманскага насельніцтва Расеі складаюць суніты: ад татараў і чачэнцаў да працоўных мігрантаў з Цэнтральнай Азіі. У Сырыі Расея стала ўдзельнікам рэлігійна-афарбаванага канфлікту на баку мусульманаў іншых накірункаў — алявітаў і шыітаў — якія ваююць акурат супраць сунітаў. Што тут яшчэ сказаць.
Месяц таму ніхто ў Расеі думаць ня думаў пра Сырыю, як перад Эўрамайданам ніхто ня думаў пра Крым і Данбас. Але цяпер публічны парадак дня зьмяніўся кардынальна. У 2014 годзе расейская тэлевізія раптоўна паведаміла гледачам пра тое, што яны заўсёды марылі пра далучэньне Крыму да РФ, а цяпер яна раптоўна пачала клапатліва тлумачыць, чаму Расея павінна ваяваць у Сырыі.
Пры чым, важней тут, часам здаецца, нават не барацьба з тэрарыстычнай пагрозай, а сам факт таго, што расейская авіяцыя бамбіць кагосьці дзесьці ў далёкім замежжы. Маўляў, ваяваць на чужой тэрыторыі — вось яна, сапраўдная азнака вялікай дзяржавы.
Месяц таму ніхто ў Расеі ня мог бы сабе ўявіць, што могуць зьявіцца вонкавапалітычныя праблемы, больш важныя за Ўкраіну. Але, як кажа расейская прымаўка, клін выбіваюць клінам.
Для Расеі гэта вельмі дрэнна. Але для Беларусі ў гэтым могуць быць і перавагі.
Падобна, што Крэмль на пустым месцы знайшоў сабе новы галаўны боль, патэнцыйна куды больш сур’ёзны за супрацьстаяньне ў Данбасе і пытаньне Крыму. Да міжнароднай ізаляцыі, санкцыяў і структурнага крызісу ў расейскай эканоміцы цяпер можа дадасьціся абвостраная вайна супраць ісьлямістаў а то і, крый божа, хваля ісьлямскага тэрарызму на тэрыторыі Расеі.
А значыцца, на Беларусь Крэмль будзе мець усё менш і ўвагі, і сілаў, і рэсурсаў. Да аргумэнтаў супраць магчымага ўваходу Беларусі ў склад Расеі хутка можа дадацца пазабытае зь дзевяностых — «а ці вы хочаце, каб беларускія салдаты ваявалі ў безнадзейнай гарачай кропцы за тысячы кілямэтраў ад Беларусі?»
Гэта дае ўладам шанец ня толькі далей паглыбляць сувязі з Захадам, але і паступова праводзіць даўно насьпелыя палітычныя і эканамічныя рэформы ў краіне (што было і застаецца перадумовай для размарожваньня стасункаў з Эўразьвязам і ЗША). Трэба ўсяго толькі перагарнуць старонку з «прэзыдэнцкімі выбарамі» ў гэтую нядзелю і пачаць, нарэшце, працу.
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.