У аўторак, 6 кастрычніка, у Беларусі пачалося датэрміновае галасаваньне на прэзыдэнцкіх выбарах. Па краіне і за яе межамі адкрыліся больш за 6 тысяч участкаў. Любы выбаршчык можа аддаць голас, прад’явіўшы пасьведчаньне асобы. Даказваць, што няма магчымасьці прагаласаваць у дзень выбараў, 11 кастрычніка, ня трэба.
Тым, хто першымі аддаў голас на датэрміновым галасаваньні, Цэнтравыбаркам выказвае падзяку, перадае карэспандэнт Свабоды. Галасуюць пераважна студэнты і пэнсіянэры, па бюлетэні ўтварылася чарга.
Хоць законы Беларусі забараняюць прымушаць грамадзян да ўдзелу ў выбарах наагул і ў датэрміновым галасаваньні ў прыватнасьці, зьяўляюцца зьвесткі, што ад студэнтаў патрабуюць удзельнічаць у галасаваньні. Сьведчаньні гэтага сабраў блогер Антон Матолька: камусьці проста даюць звальненьне ад заняткаў, а ад кагосьці патрабуюць 100% яўкі, іначай пагражаюць выселіць з інтэрнатаў. Ён кажа, што аднога са студэнтаў, які паведаміў пра прымус галасаваць датэрмінова, выклакалі ў дэканат і "сталі ледзь не запужваць на самой справе".
Традыцыйна ў датэрміновым галасаваньні ўдзельнічае да трэці выбарцаў. Праваабаронцы і апазыцыя лічаць датэрміновае галасаваньне адным з асноўных мэханізмаў фальсыфікацыяў на выбарах.