Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мікалай Казлоў: Як назіраць за папярэднім галасаваньнем?


Папярэдняе галасаваньне падчас прэзыдэнцкіх выбараў 2010 году
Папярэдняе галасаваньне падчас прэзыдэнцкіх выбараў 2010 году

Парады былога падпалкоўніка міліцыі, які на парлямэнцкіх выбарах 2008 году злавіў за руку несумленных сяброў выбарчай камісіі.

7 год таму падпалкоўнік міліцыі Мікалай Казлоў выкрыў фальшаваньне на ўчастку ў Менску, дзе ён дзяжурыў падчас датэрміновага галасаваньня. Сёньня на выбарчых участках зноў пачынаецца датэрміновае галасаваньне — цяпер на прэзыдэнцкіх выбарах 2015 году, за якімі былы міліцыянт зьбіраецца назіраць як прадстаўнік Аб’яднанай грамадзянскай партыі. Якімі парадамі гатовы падзяліцца Мікалай Казлоў напярэдадні старту папярэдняга галасаваньня?

— Мікалай, маглі б вы нагадаць, што здарылася 7 год таму? Сьведкам чаго вы сталі і як дзейнічалі?

Мікалай Казлоў
Мікалай Казлоў

— Гэта была ноч, калі канчалася папярэдняе галасаваньне і пачыналася асноўнае. Скончылася праца камісіі, сышлі назіральнікі, пры іх зачынілі дзьверы, а ключ урачыста аддалі мне. Але не сышлі старшыня камісіі і яе намесьніца. Гэта былі дырэктар школы Пятніца і Гладкая. Ужо ня памятаю, хто зь іх непасрэдна быў старшынёй камісіі, бо гэтыя два чалавекі ўдзельнічаюць ва ўсіх выбарах і ўвесь час мяняюцца — адзін старшынёй, другі намесьнікам, на наступныя выбары — наадварот. То бок гэта такая каманда, у якой усё адпрацавана. І вось, пасьля таго як перадалі мне ключ, яны пасядзелі гадзіны паўтары-дзьве, гарбату папілі, і тут Гладкая падыходзіць да мяне і просіць ключ. Спытаў: навошта? Яна, паколькі я быў у форме, падпалкоўнік міліцыі, відаць, вырашыла, што са мной можна размаўляць цалкам адкрыта. І сказала наўпрост, што дзеля таго, каб укінуць бюлетэні. Патлумачыла гэта тым, што мала народу прыйшло, а яны далі шмат дадзеных. Сказаў, што гэта немагчыма, ключ я ня дам. Яна спалохалася і пазваніла ў выканкам. З выканкаму пазванілі ў маю ўправу міліцыі. Там быў адказным за выбары спадар Грышчанка, той самы, які цяпер кіруе міліцыянтамі на вулічных акцыях у Менску. Той набраў мой мабільны нумар і загадаў аддаць ключ. Я і яму патлумачыў, што гэтага рабіць нельга, бо яны зьбіраюцца фальшаваць галасаваньне. Але Грышчанка сказаў, што яны нібыта забылі там нейкія важныя рэчы, а я мушу выканаць загад — перадаць ключ. Загад я выканаў — перадаў ім ключ, а празь недзе дзьве хвіліны, як яны туды зайшлі, адчыніў дзьверы і ўбачыў, як яны, адвярнуўшы стужку паперы зь пячаткай, вельмі актыўна засоўвалі туды бюлетэні — цэлы пачак.

Адразу ж я патэлефанаваў ва ўправу, Грышчанку, і далажыў, што бачыў, як сябры выбарчай камісіі закідвалі бюлетэні ў скрыню. Грышчанка сказаў, што разьбяруцца з гэтым раніцай. Але раніцай, калі мяне мянялі на дзяжурстве ва ўчастку, калега сказаў, што ва ўправе вялікі скандал, плянуюць на мяне завесьці крымінальную справу за перашкоды выбарчай камісіі і ўвогуле «адправіць у вар’ятню». Цытую даслоўна. Вось тады я зрабіў усё, каб гэтая гісторыя трапіла ў інтэрнэт. Потым быў разбор са мной на ўзроўні начальніка менскай міліцыі Фармагея, яшчэ быў нейкі прадстаўнік адміністрацыі Лукашэнкі і супрацоўнік зь Міністэрства ўнутраных спраў. Яны распытвалі, што адбылося, я ўсё ім распавёў, але ў мяне склалася ўражаньне, што яны палічылі, нібыта я агент нейкіх спэцслужбаў — такое было стаўленьне. Потым на нейкі час усё заціхла, а потым мяне звольнілі".

— Як вы мяркуеце, падобныя фальшаваньні на гэтых выбарах будуць паўтарацца?

— Абсалютна перакананы, што так, бо ўсе гэтыя людзі дагэтуль працуюць у выбарчых камісіях. І ня толькі Пятніца і Гладкая. Яны мяняюцца месцамі, іх вылучаюць нібыта розныя арганізацыі, але калі паглядзець уважліва — прозьвішчы тыя самыя. Дарэчы, пасьля той гісторыі ў прыватных размовах шмат людзей, у тым ліку міліцыянты і чыноўнікі, падыходзілі і казалі мне, што гэтаксама адбываецца паўсюль. Толькі што некаторыя ўкідваюць бюлетэні ўдзень, нічога не саромеючыся, а некаторыя ноччу, як было на маім участку. Абсалютна перакананы, што гэтак будзе і цяпер бо ім трэба паказаць яўку. А як яе пакажаш, акрамя як колькасьцю бюлетэняў?

— Ці магчыма ўбачыць, як ідзе фальшаваньне падчас папярэдняга галасаваньня?

— Паўтаруся, на кожным участку гэта адбываецца па-рознаму. Супрацоўнікі камісіяў праяўляюць велізарную вынаходлівасьць, і ўбачыць нешта, злавіць іх за руку вельмі цяжка. У ідэале трэба вельмі добра апячатваць скрыню, трэба ключы захоўваць гэтак, каб яны былі недасяжныя для сяброў камісіі.

— Але ў любым выпадку ключ аддаюць міліцыянту, і ўжо ад яго залежыць, аддасьць ён ключ супрацоўнікам камісіі для маніпуляцыяў зь бюлетэнямі ці не, як вы зрабілі. Гэта засталося?

— Мяркую, засталося. Як інакш? Патрэбна, вядома, больш сур’ёзная крымінальная адказнасьць за тое, што міліцыянт садзейнічаў у фальшаваньні. Бо гэта ж ня жартачкі, гэта вельмі важны выбар. Яны ўжо скралі ў краіны 20 гадоў жыцьця, гэта ня грошы сьцягнулі з кішэні, а значна важнейшыя рэчы! Цэлае пакаленьне ўжо вырасла ў падмане, без аніякіх пэрспэктыў. Таму, лічу, за такія злачынствы павінны караць вельмі сурова. І таму перад міліцыяй на пэрыяд выбараў павінна ставіцца задача не стаяць там на ўчастках, як балванчыкі, а сачыць за тым, каб выбары ішлі сумленна, бо гэта тычыцца таксама іх, іхных дзяцей, жонак, сваякоў.

— Ці мяркуеце вы, што ўвядзеньне празрыстых скрыняў дапамагло б прадухіліць фальшаваньне на этапе папярэдняга галасаваньня?

— Так. Бо назіральнікі маглі б сфатаграфаваць скрыню зь бюлетэнямі, перад тым як яе апячатаюць, а раніцай зноў сфатаграфаваць і параўнаць здымкі. Дык таму ўлады і не ідуць на ўвядзеньне празрыстых скрыняў. І з тае ж прычыны Цэнтравыбаркам не дае катэгарычнага дазволу на фота- і відэаздымкі — пакідае гэта на вырашэньне самой камісіі. Урэшце, маглі б і відэакамэры ўсталяваць — вунь нават у Расеі гэтак робяць, гэта ня так шмат і каштуе. Ва ўсякім разе, гэта таньней, чым яшчэ адна рэзыдэнцыя, яшчэ адзін прэзыдэнцкі самалёт, альбо дакладна таньней, чым палёт Колі Лукашэнкі ў Нью-Ёрк. Вось зэканомілі б на ягоным палёце — і набылі б камэры для назіраньня за выбарамі.

— Тым ня меней, ці ёсьць у вас пэўныя парады назіральнікам, якія сёньня пачнуць назіраць за папярэднім галасаваньнем? На што найперш зьвяртаць увагу?

— Пачну хіба з таго, што абавязкова трэба дамаўляцца зь іншымі назіральнікамі пра тое, каб скрыня заўсёды цягам дня была пад кантролем. Разумею, што застаецца яшчэ ноч, але ўсё роўна гэта максымальна ўскладняе задачу фальшаваньня.

Другое: калі магчыма, фатаграфаваць пячатку на скрыні — сфатаграфаваць, каб потым параўнаць з тым, як будзе раніцай.

Аглядаць скрыню цалкам, пракантраляваць, каб не было магчымасьці адкруціць дно.

Паглядзець уважліва на пячатку, а яшчэ раней настойваць, каб стужка паперы, якой заклейваюць скрыню, была мінімальная па шырыні, інакш яе можна адгарнуць і ўкінуць бюлетэні.

Карацей, зьвяртаць увагу на ўсе дробязі. Бо хітрасьці ў іх поўна, і яны гэтым карыстаюцца. Яны звыклі гэтым займацца.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG