Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Масква: Саўчанку выдадуць Украіне, калі Кіеў прызнае яе віну і пасадзіць


Надзея Саўчанка
Надзея Саўчанка

Міністэрства юстыцыі Расеі паведаміла, што вяртаньне Надзеі Саўчанкі ва Ўкраіну можа абмяркоўвацца пры ўмове прызнаньня Ўкраінай рашэньня расейскага суду.

Спасылаючыся на Крымінальна-працэсуальны кодэкс Расеі, у ведамстве сьцьвярджаюць, што «ў перадачы можа быць адмоўлена ў выпадку непрызнаньня судом ці іншым кампэтэнтным органам замежнай дзяржавы прысуду суду Расейскай Фэдэрацыі». Адказ на запыт па гэтым пытаньні публікуе 1 кастрычніка агенцтва «Інтэрфакс».

Паводле міжнароднага права, такія пытаньні рэгулююцца Канвэнцыяй аб перадачы асуджаных у 1983 годзе, якую прызнаюць і Ўкраіна, і Расея. Масква лічыць, што пытаньне такой перадачы рэгулюе таксама Крымінальна-працэсуальны кодэкс Расеі.

Адвакат Саўчанкі Мікалай Полазаў так пракамэнтаваў гэтае паведамленьне: «Што тычыцца нашага закладніка, пачалі выстаўляць умовы». «Ні ў воднай заяве ўладаў апраўдальны прысуд Саўчанцы нават не дапускаецца», — дадаў ён.

Іншы адвакат Саўчанкі Марк Фейгін лічыць заяву Міністэрства юстыцыі Расеі сьведчаньнем, што абарона даказала невінаватасьць падсуднай. Паводле Фейгіна, Украіна павінна пагадзіцца на расейскую прапанову. «Пасьля атрыманьня Саўчанкі неадкладна адпусьціць і рагатаць уголас, паказваючы ў бок Крамля пальцам!» — напісаў Фейгін у Твітэры.

У расейскім Данецку працягваецца судовы працэс над грамадзянкай Украіны, дэпутатам Вярхоўнай Рады Надзеяй Саўчанкай. Расейскія пракуроры абвясьцілі абвінаваўчае заключэньне ўкраінцы, паводле якога ёй пагражае да 25 гадоў зьняволеньня.

Саўчанка ўжо больш за год знаходзіцца ў СІЗА ў Расеі, дзе яе, у прыватнасьці, абвінавачваюць у забойстве двух супрацоўнікаў расейскага тэлебачаньня.

Саўчанка і яе абарона абвінавачаньні адпрэчваюць і сьцьвярджаюць, што на момант гібелі расійскіх журналістаў яе ўжо захапілі сэпаратысты, якія потым прымусова пераправілі яе ў Расею.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG