Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці можна верыць лічбам рэйтынгу Тацяны Караткевіч: меркаваньні экспэртаў


НІСЭПД апублікаваў рэйтынгі кандыдатаў у прэзыдэнты Беларусі, складзеныя па выніках нацыянальнага апытаньня грамадзкай думкі ў верасьні. За Аляксандра Лукашэнку сёньня гатовыя галасаваць 45,7%. За Тацяну Караткевіч — 17,9%. Гатоўнасьць прыйсьці на выбары выказваюць звыш 72,5%.

Свабода папрасіла экспэртаў ацаніць гэтыя вынікі.

Класкоўскі: Дэмакратычная альтэрнатыва Лукашэнку апрыёры акумулюе ўвесь пратэстны электарат

Аляксандар Класкоўскі
Аляксандар Класкоўскі

Палітычны аналітык Аляксандар Класкоўскі кажа, што сумневы наконт дакладнасьці дадзеных НІСЭПД — справа звычайная, але ў Беларусі няма сацыялягічнай службы, якой можна было б давяраць больш, чым НІСЭПД.

«Кожны раз, калі НІСЭПД дае чарговую нізку лічбаў па выніках сваіх пытаньняў, у апазыцыйным асяродзьдзі найперш узьнікае хваля прэтэнзіяў такога кшталту, што ў аўтарытарным грамадзтве нельга ладзіць дакладныя сацыялягічныя дасьледаваньні, а самыя радыкальныя крытыкі пачынаюць падазраваць гэтую інстытуцыю ў працы на рэжым. Натуральна, лепей было б, калі б у краіне было хоць бы некалькі такіх незалежных інстытуцыяў і здаровая канкурэнцыя натуральна падвышала б давер да лічбаў.

Разам з тым іншых паказчыкаў няма. Калі тыя ці іншыя апазыцыянэры пачынаюць казаць, што вось усе мае сябры ў Фэйсбуку супраць дыктатуры, ці, маўляў, я абышоў некалькі пад’ездаў, і ўсе, хто мне адчыніў, казалі, што яны супраць Лукашэнкі, — гэта тым болей суб’ектыўны падыход. Таму што, хто не адчыніў, магчыма, меў іншую пазыцыю. А цяпер бальшыня не адчыняе, і збор подпісаў, як мы бачылі, сутыкнуўся зь вялікімі цяжкасьцямі. Акрамя таго, я асабіста ведаю людзей, зьвязаных з гэтай інстытуцыяй, і лічу іх сур’ёзнымі прафэсіяналамі», — кажа аналітык.

Класкоўскі лічыць, што перш за ўсё значны рост рэйтынгу Тацяны Караткевіч тлумачыцца тым, што яна дэ-факта аказалася адзіным кандыдатам, які прадстаўляе на выбарах апазыцыю:

«Што тычыцца фэнамэнальнага росту папулярнасьці Тацяны Караткевіч, то гэта мае свае спружыны. Па-першае, фактычна яна стала змушаным адзіным кандыдатам ад апазыцыі. Як вядома, сам гэты праект апазыцыянэры правалілі, утапілі ў дыскусіях, утапілі ва ўзаемным недаверы і г.д. У выніку адзінага не абралі, і Караткевіч стала адзінай прадстаўніцай дэмакратычных сіл у выбарчым бюлетэні. А тая ж сацыялёгія сьведчыць, што апрыёры такі чалавек, такая дэмакратычная альтэрнатыва дзейнаму прэзыдэнту акумулюе ўвесь пратэстны электарат. Як кажа сацыёляг Сяргей Нікалюк, „нават вылучы маю жонку, дык і яна зьбярэ тыя 25%, якія стала супраць рэжыму“. Вось гэты чыньнік найперш працуе.

Гэта сьвежы твар, новая фігура на палітычным небасхіле, за ёй няма шлейфу паразаў, няма адмоўных канатацыяў

Другі чыньнік — гэта тое, што гэта сьвежы твар, новая фігура на палітычным небасхіле, за ёй няма шлейфу паразаў, няма адмоўных канатацыяў, тое, што яна жанчына, і тое, што яна гаворыць так задушэўна. Гэта таксама дзейнічае — ужо не на такіх сьвядомых і даўніх праціўнікаў рэжыму, а якраз на палітычнага абывацеля, які ня хоча на барыкады, але разам з тым бачыць, што кашалёк становіцца ўсё худзейшы і трэба нешта мяняць у гэтым жыцьці. Вось на гэтыя чаканьні кладзецца лёзунг мірных перамен», — кажа экспэрт.

У цэлым Класкоўскі лічыць, што і стратэгія Караткевіч, і стратэгія «ігнору» выбараў аднолькава слабыя.

«У гэтай кампаніі выявіліся рэзка дзьве стратэгіі апазыцыі. Адна — гэта ісьці шляхам мірных перамен, бязь лішняй канфрантацыі з уладай, і такім чынам паспрабаваць неяк заваяваць у гэтай уладзе пэўныя пляцдармы і набыць вядомасьць у грамадзтве. Другая стратэгія — гэта байкот або „ігнор“ (бо байкот заканадаўча забаронены).

Калі пакласьці руку на сэрца, абедзьве гэтыя стратэгіі ў сёньняшніх умовах выглядаюць слабымі. З аднаго боку, невядома, якую лічбу ў выніку выведуць для Караткевіч, бо, натуральна, Лукашэнка не зацікаўлены, каб у краіне зьяўляўся яшчэ адзін палітык зь вялікай палітычнай вагой. Зь іншага боку, і стратэгія „ігнору“, як паказвае тое ж апытаньне НІСЭПД, сёньня не спрацуе, бо большасьць беларусаў прыйдзе на ўчасткі.

Таму тут варта казаць пра разьяднанасьць і слабы патэнцыял апазыцыі, а таксама пра збольшага дрымотны стан беларускага грамадзтва. Трэба працаваць з гэтым грамадзтвам, каб мець у пэрспэктыве нейкі посьпех», — лічыць Класкоўскі.

Роўда: Караткевіч не зрабіла нічога, што б магло прывесьці да такога росту рэйтынгу

Уладзімер Роўда
Уладзімер Роўда

Палітоляг Уладзімер Роўда ў інтэрвію Радыё Свабода выказаў сумнеў наконт дакладнасьці лічбаў, якія дае НІСЭПД.

«Апошнім часам я вельмі падазрона стаўлюся да ўсіх гэтых рэйтынгаў пасьля таго скандалу, які адбыўся падчас мінулых прэзыдэнцкіх выбараў, калі, паводле дадзеных НІСЭПД, на першым месцы (сярод незалежных кандыдатаў. — РС) быў Някляеў, а паводле дадзеных іншых сацыялягічных службаў на першым месцы быў Саньнікаў. Пасьля гэтага ў нас пачаліся вялікія праблемы з гэтымі незалежнымі дасьледчыкамі. Калі, скажам, у чэрвені Караткевіч мела рэйтынг 1,1% (насамрэч НІСЭПД даваў тады лічбу 2,2%. — РС), а тут атрымаўся такі бліскучы рост — 17,9%. Гэта досыць шмат. Такім чынам, на маю думку, гэта пытаньне хутчэй да нашых сацыёлягаў, чым да палітыкаў. Палітык Караткевіч, мне здаецца, не зрабіла нічога такога, што б магло прыводзіць да такіх рэакцыяў. Ну, а кампанію байкоту яна падставіла істотна, і фактычна цяпер гуляе на полі Лукашэнкі. Я ўважліва прачытаў яе праграму, і атрымалася, што там перапісана ўсё амаль даслоўна з праграмы Лукашэнкі — пачынаючы са зьнешняй палітыкі (яна ж зьбіраецца ў Маскву свой першы візыт рабіць, і для яе Расея — гэта галоўны партнэр) і сканчаючы ўнутранай палітыкай, дзе ў яе ёсьць шмат момантаў, якія робяць яе падобнай да Лукашэнкі», — кажа палітоляг.

Роўда не бярэцца прагназаваць, які адсотак атрымае Караткевіч ад ЦВК, але думае, што стаўленьне да яе будзе даволі ляяльнае.

«Я думаю, што ЦВК будзе яе крышку падтрымліваць, бо цяпер ім патрэбны прадстаўнік апазыцыі, прычым такі прадстаўнік апазыцыі, які будзе потым, магчыма, займаць адпаведнае месца ў парлямэнце. На месцы Вольгі Абрамавай зьявіцца Тацяна Караткевіч. У прынцыпе, калі казаць пра памкненьні ўладаў у дачыненьні да Караткевіч, то яны такія даволі празрыстыя — выкарыстаць яе», — лічыць экспэрт.

Статкевіч: Людзі гавораць ад безвыходнасьці

Мікалай Статкевіч
Мікалай Статкевіч

Мікалай Статкевіч, кандыдат у прэзыдэнты на выбарах-2015, перакананы:

«Бліжэй да рэальнасьці апытаньні, безумоўна, НІСЭПД, бо афіцыйныя — занадта палітызаваныя і ангажаваныя. Лукашэнка сам апытвае, колькі за яго прыйдуць. Я не сацыёляг і не гадалка, але з досьведу я ведаю, што рэальная яўка на выбарах — звычайна, калі не здараецца нешта экстраардынарнае — заўсёды меншая, чым тая, якую даюць сацыёлягі. Лічба будзе, безумоўна, меншая за 72%. Людзі могуць абсалютна шчыра казаць, што пойдуць на выбары, а потым ня пойдуць. Дый цяпер адны апытаньні, а потым выступяць кандыдаты, прыцягнуць увагу, інтрыга зьявіцца, а потым зноў заглухне...

З улікам папярэдняга галасаваньня і прымусовага элемэнту прыйдзе на выбары больш за 50%, але нават ня 70%, значна меней.

Я думаю, што ў Караткевіч 7,2%, што далі ёй па адкрытым апытаньні, — гэта рэальны рэйтынг, калі людзі самі называюць прозьвішча. Бо ў закрытым апытаньні (на ім Караткевіч абралі 17,9%. — РС) людзі, магчыма, ад безвыходнасьці, калі абіраць няма каго, кажуць, што хай будзе гэты. Гэтага ведаюць, таго ведаюць, гэтага ведаць ня хочуць — застаецца „жанчына, прыемная ва ўсіх адносінах“. Рэальны рэйтынг — адкрытае апытаньне».

Шрайбман: Караткевіч мае патэнцыял падвысіць гэтыя лічбы

Арцём Шрайбман
Арцём Шрайбман

Арцём Шрайбман, палітычны аглядальнік tut.by, давярае сацыёлягам.

«Каму верыць? Я больш давяраю апытаньням НІСЭПД, мне вядомая іх мэтадалёгія, але невядомыя факты, якія б казалі пра іх перадузятасьць. Гэтага нельга сказаць пра дзяржаўныя службы апытаньняў, яны выконваюць дзяржаўныя функцыі. Што да лічбаў, я б ставіўся да іх асьцярожна. Пакуль гэта людзі, якія толькі сказалі, што «прыйдуць» ці «хутчэй прыйдуць» на выбары. Ды гэтае рашэньне чалавек прымае за некалькі дзён да выбараў, а нехта і ў дзень выбараў, бо раптам будуць іншыя справы, раптам з надвор’ем нешта будзе. Але я цалкам давяраю таму, што большасьць беларусаў цяпер плянуе ўдзельнічаць у выбарах.

Гэта міт, што беларусы будуць байкатаваць выбары: нават калі яны нецікавыя, калі ўсё лічыцца прадвызначаным, як у камуністычныя часы, яны ўсё адно галасуюць. Людзі разумеюць гэта як нейкі абавязковы рытуал, цырыманіял. Гэта ня мае ніякага дачыненьня да сапраўднай веры ня тое што ў сумленнасьць гэтых выбараў, а нават у сумленнасьць усёй палітычнай справы.

Лічбу, якую можа атрымаць Караткевіч на выбарах, я б ацаніў у 25% людзей, якія рэальна прагаласуюць.

Цяжка прагназаваць, якія лічбы будуць у Гайдукевіча і Ўлаховіча. Мне цяжка ўявіць, на якія групы грамадзтва яны абапіраюцца. Іх сапраўдныя лічбы будуць у некалькі адсоткаў.

Калі казаць пра Караткевіч, яна мае патэнцыял падвысіць гэтыя лічбы (якія атрымала ў апытаньні НІСЭПД. — РС), нават дабрацца да 25%. Па-першае, калі мы кажам пра традыцыйны, ядзерны апазыцыйны электарат, то ён амаль ня ходзіць на выбары, калі пра памяркоўны апазыцыйны — ён будзе галасаваць за Караткевіч. Калі казаць увогуле пра электаральную базу Тацяны Караткевіч, там «электаральнае балота», пра што выдатна сказаў Юры Дракахруст. Караткевіч зрабіла спробу выйсьці з апазыцыйнага кола, можа спрацаваць у пэўным адсотку беларускага грамадзтва, які расчараваўся ў дзейным кіраўніку дзяржавы. Частку гэтых людзей яна можа прыцягнуць. Калі б на выбары прыйшлі ўсе, у яе было б болей, бо антыўладны электарат складае больш за 25%.

Зь лічбамі прыблізна ў 55–60%, як і ў 2010, 2006, 2001 годзе, пераможа Лукашэнка. Гаворка не пра тое, што ў яго рэальна ёсьць столькі падтрымкі грамадзтва, а пра тое, што яго прыхільнікі схільныя хадзіць на выбары ў большай ступені. З тых, хто прыйшоў на выбары, ня 80%, а, як паказваюць тыя ж апытаньні НІСЭПД, 55–60% атрымліваецца за спадара Лукашэнку. У мінулыя гады былі такія ўчасткі па Менску і буйных абласных гарадах, дзе Лукашэнка атрымліваў 35–40%, але на шмат якіх участках, кажу ў тым ліку на падставе маіх асабістых гутарак зь сябрамі выбарчых камісіяў, ён набіраў якраз такія адсоткі, пра якія кажа НІСЭПД».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG