Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Горадні валянтэры зьбіраюць рэчы для ўцекачоў з Данбасу


Алесь Кіркевіч
Алесь Кіркевіч

У Горадні валянтэры праводзяць акцыю ў межах «Гуманітарнага маршруту Беларусь-АТА». Гуманітарны груз мае накіравацца ў Чарнігаў, прызначаны ён для ўцекачоў з Данбасу.

У Горадні валянтэрскую дзейнасьць па зборы гуманітарнай дапамогі для ўцекачоў з Данбасу каардынуе Алесь Кіркевіч. Зьбіраць гуманітарную дапамогу з гэтай мэтай пачалі ў Менску, а пазьней сталі і ў іншых беларускіх гарадах. Самому Алесю Кіркевічу вельмі хацелася, каб у Горадні гэтым займаліся сур’ёзна. Паводле Кіркевіча, сабраныя рэчы спачатку звозяць у Менск, а адтуль гуманітарны груз накіроўваюць ва Ўкраіну, дзе ён і трапляе да людзей, якія маюць у ім патрэбу.

«Прыходзяць самыя розныя людзі: знаёмыя і незнаёмыя. Ну вось адзін зусім незнаёмы чалавек прапанаваў набыць па танных коштах шампуняў і прадметаў асабістага ўжытку. Мы прынялі рашэньне гэта зрабіць. Нейкая жанчына прынесла дублёнку, якая каштуе, напэўна, не адну сотню даляраў — чалавек не пашкадаваў. Відаць, што людзі да гэтага сур’ёзна ставяцца, і тут відавочная маральная каштоўнасьць такіх учынкаў», — кажа Алесь Кіркевіч.

Гуманітарная дапамога, сабраная гарадзенцамі для ўцекачоў з Данбасу
Гуманітарная дапамога, сабраная гарадзенцамі для ўцекачоў з Данбасу

Кіркевіч зазначае, што людзі, калі прыносяць гуманітарную дапамогу для ўцекачоў, як правіла, нічога ня кажуць. Ніякіх патасных размоваў няма:

«Чалавек прынёс, зрабіў канкрэтную справу. І ён гэта сам разумее, і мы таксама разумеем, што ўсё іншае ня мае ніякага значэньня».

Маладая жанчына — Вольга, якая прынесла цёплае адзеньне, распавядае, што даўно займаецца дабрачыннасьцю, і калі пабачыла абвестку ў сацыяльных сетках, адразу сабрала цёплыя рэчы і прынесла іх валянтэрам. Яна распавядае, што мае шмат сяброў ва Ўкраіне і пастаянна сочыць за тым, што там адбываецца:

Спадарыня Вольга
Спадарыня Вольга

«Мне гэтыя рэчы ўжо не патрэбныя. А яны ў добрым стане, і выкідваць іх ня варта. Прадаваць я ня ўмею і думаю, што гэта не асабліва правільна. Ну вось я іх і прынесла. Для мяне вайна — гэта вельмі страшна. Людзі ўжо ня ведаюць, з чым сутыкнуцца, у іх ужо няма дома, няма таго месца, дзе ўсё жыцьцё жылі, і гэта вельмі страшна. Такім людзям насамрэч патрэбна ня толькі матэрыяльная, але і маральная дапамога», — кажа спадарыня Вольга.

Рэчы для ўцекачоў з Данбасу прынёс і гарадзенскі музыка Алесь Дзянісаў. Ён перакананы, што калі чалавек мае рэчы, якімі не карыстаецца, то проста павінен падзяліцца імі з тымі людзьмі, каму яны патрэбныя. Дзянісаў кажа, што не адзін раз ужо перадаваў рэчы і для анархістаў, якія займаюцца дабрачыннай дзейнасьцю, і для касьцёла, і лічыць гэта звычайнай справай. І цяпер у яго дома знайшліся цёплыя курткі, нагавіцы, швэдры для ўцекачоў з Данбасу. Маўляў, гэта ж дапамога людзям, якія зьбеглі ад вайны і страцілі практычна ўвесь жыцьцёвы набытак.

Алесь Дзянісаў
Алесь Дзянісаў

Цікаўлюся ў музыкі — як бы ён паставіўся, калі б ягоныя рэчы трапілі да людзей, зь якімі ён не падзяляе поглядаў на вайну ў Данбасе?

«Ясна, што найперш у гэтай сытуацыі церпяць простыя людзі. І зразумела, што самі Пуцін ці Парашэнка альбо іх дзеці на фронце не ваююць, а ваююць простыя людзі, якія і самі часам ня ведаюць, хто там мае рацыю, а хто не. Найболей мне шкада людзей, якія ня хочуць там вайны — гэта і бабулі і дзядулі, і дзеткі, і цяжарныя

Гуманітарная дапамога, сабраная гарадзенцамі для ўцекачоў з Данбасу
Гуманітарная дапамога, сабраная гарадзенцамі для ўцекачоў з Данбасу

жанчыны, якія ўцякаюць ад гэтае вайны, кідаюць свае дамы, усё, што нажылі. Мне ўсё роўна, да каго трапяць мае рэчы, бо я ведаю, што гэта ня пойдзе на вайну, а толькі для людзей, якія ад яе пацярпелі. І калі яны трапяць да чалавека, які не падзяляе маіх поглядаў на гэтую вайну, то што зробіш, мы ўсе розныя...», — кажа Алесь Дзянісаў.

Маладая жанчына Юля распавядае, што рашэньне прынесьці цёплыя рэчы для ўцекачоў з Данбасу яна прымала разам з мужам. Ніякіх супярэчнасьцяў у іх наконт гэтага ня ўзьнікла. Яны былі толькі рады, што нехта ў Горадні заняўся такой вартай справай.

«Вырашылі аддаць нашы рэчы ўкраінцам, бо любім Украіну і спадзяюся, што Ўкраіна любіць нас. Мы колькі знаёміліся з украінцамі, то яны заўсёды былі рады бачыць нас і вельмі гасьцінна нас сустракалі. Быў нават выпадак, калі ўкраінцы былі гатовыя зьняць апошнюю кашулю дзеля нас толькі таму, што мы — беларусы. Таму мы шмат не вагаліся, куды пойдуць нашы рэчы. Мы адразу зразумелі, што гэта накіруем ва Ўкраіну», — кажа спадарыня Юля.

Спадарыня Юля
Спадарыня Юля

Алесь Кіркевіч распавядае, што ў Горадні валянтэры надта не даюць рэклямы пра збор гуманітарнай дапамогі ўцекачам з Данбасу, а дзейнічаюць пераважна праз сацыяльныя сеткі. Але, паводле яго, і такім чынам можна шмат зрабіць.

— Вядома, усё магло б выглядаць і па-іншаму, калі б у нас быў нейкі офіс, калі б гэта было аформлена ў нейкую арганізацыю, калі б была магчымая больш разгорнутая дзейнасьць. Але пакуль мы дзейнічаем так, як дзейнічаем, а што будзе далей — паглядзім...

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG