Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці сапраўды за Аляксандра Лукашэнку сабралі 1 мільён 800 тысяч подпісаў?


Валянцін Стэфановіч
Валянцін Стэфановіч

Праваабаронцы Валянцін Стэфановіч зь «Вясны» і Алег Гулак з БХК ад імя ўдзельнікаў кампаніі назіраньня «Праваабаронцы за свабодныя выбары» заявілі пра падставы сумнявацца ў подпісах, якія сабраныя за кожнага з зарэгістраваных кандыдатаў на прэзыдэнта.

Пры гэтым адносна Аляксандра Лукашэнкі праваабаронцы зрабілі агаворку, што з 1 мільёна 800 тысяч подпісаў, якія пададзены ў ЦВК за гэтага кандыдата, «рэальна 100 тысяч можна было сабраць». Асноўныя падставы для сумненьняў — прынцып выбарачнасьці праверкі подпісаў і непразрыстасьць гэтай працэдуры, выпраўляць якую ЦВК адмаўляецца.

Паводле Валянціна Стэфановіча, выкарыстаньне адміністрацыйнага рэсурсу пры зьбіраньні подпісаў за Лукашэнку было заўважана на ранейшых выбарах і цяпер паўтарылася зноў.

«Такіх сыгналаў да нашых доўгатэрміновых назіральнікаў паступала вельмі шмат. Гэта тое, што подпісы часта зьбіралі на прадпрыемствах, у працоўны час, у тым ліку пры непасрэдным удзеле прадстаўнікоў адміністрацыі прадпрыемстваў. Зафіксаваныя выпадкі, калі збор подпісаў праводзілі не сябры ініцыятыўных групаў, што наўпрост забаронена 61-м артыкулам Выбарчага кодэксу.

Тут важна адзначыць, што, на жаль, пастанова ЦВК у гэтым годзе такая самая па зьмесьце, як і ў 2010 годзе. Цяперашняя пастанова фактычна дазволіла ўносіць дадзеныя пра выбарцаў у падпісныя лісты не сябрам ініцыятыўных групаў. Мы гэта крытыкавалі і крытыкуем, бо гэта наўпрост пярэчыць артыкулу 61. Мы лічым, што ў пэўным сэнсе ЦВК легалізоўвала такія рэчы, калі подпісы зьбіралі не сябры ініцыятыўных групаў. У Брэсьце такі выпадак зафіксаваны, нам вядома прозьвішча гэтага чалавека, які зьбіраў подпісы нават у адсутнасьць сябра ініцыятыўнай групы.

І другое — гэта сама працэдура праверкі подпісаў. Зноўку, як і раней, яна цалкам закрытая для назіраньня. Нашы назіральнікі ў большасьці выпадкаў не маглі прысутнічаць пры гэтай працэдуры. Між тым працэдура дакладна прапісаная, і вельмі важна, каб яна выконвалася, інакш магчымыя розныя маніпуляцыі».

Алег Гулак
Алег Гулак

Старшыня БХК Алег Гулак сумняецца ў самім прынцыпе праверкі, паводле якога ЦВК можа ануляваць усе подпісы на падставе праверкі толькі невялікай часткі падпісных лістоў. Алег Гулак апавёў, што назіральнікам удалося пабачыць некаторыя подпісы, сабраныя за Віктара Цярэшчанку, якога ў выніку ЦВК не зарэгістраваў. «Гэта былі копіі лістоў, да якіх сапраўды маглі ўзьнікнуць прэтэнзіі», — прызнаў праваабаронца. Але ўсе сабраныя за Цярэшчанку подпісы, мяркуе Алег Гулак, не правяраліся. Прызнаньне нават большасьці з правераных несапраўднымі ня можа стаць прычынай ануляваньня ўсёй масы сабраных подпісаў, бо гэта таксама дае ЦВК магчымасьць для маніпуляцыяў, лічыць праваабаронца.

«Варта падумаць, як зрабіць гэтую працэдуру праверкі больш сапраўднай. Тым больш што цяпер камісіі паказалі, што праверыць вялікую колькасьць подпісаў яны ў стане. Бо фактычна было праверана 20% подпісаў, ад усіх подпісаў гэта мінімум 400 тысяч, і калі камісіі пасьпелі праверыць, як казала спадарыня Ярмошына, датэрмінова, дык абмяжоўвацца такой выбаркай не зусім справядліва».

Ці правяралі назіральнікі, як зьбіраліся подпісы за Аляксандра Лукашэнку?

Паводле Алега Гулака, у гэтым не было патрэбы. Збор подпісаў за Аляксандра Лукашэнку, паводле праваабаронцы, выглядаў «сур’ёзна»: было шмат пікетаў, а паводле зьвестак зьбіральнікаў, яны хадзілі і па кватэрах грамадзянаў. І ўсё ж цалкам давяраць гэтым вынікам няма падстаў, лічыць Алег Гулак.

«Мы ведаем агульныя высновы шматлікіх удзельнікаў збору подпісаў пра тое, што людзі падпісваліся ў прынцыпе неахвотна за ўсіх кандыдатаў. Ведаем, што пікеты не давалі шмат эфэкту, а яшчэ менш — хаджэньне па кватэрах. Але, у адрозьненьне ад іншых кандыдатаў, у зборшчыкаў подпісаў за гэтага кандыдата было больш магчымасьцяў там, дзе зьбіраецца шмат людзей — на вытворчасьці. Гэта сумнеўна з пункту гледжаньня закону, хоць эфэктыўна з пункту гледжаньня зборшчыкаў».

Людзі баяцца сьведчыць адкрыта, бо на прадпрыемствах зь імі хутка за гэта паквітаюцца

Паводле Алега Гулака і Валянціна Стэфановіча, у назіральнікаў шмат сыгналаў з прадпрыемстваў пра тое, што там подпісы за Лукашэнку зьбіралі фактычна пад прымусам ці рабілі іншыя парушэньні, але гэтыя сыгналы ананімныя. «Людзі баяцца сьведчыць адкрыта, бо на прадпрыемствах зь імі хутка за гэта паквітаюцца. Ёсьць і тыя, каму гэта абыякава, яны прызвычаіліся да парушэньняў», — мяркуе Валянцін Стэфановіч.

Пры падвядзеньні вынікаў першага этапу выбарчай кампаніі праваабаронцы адзначылі таксама тое, як былі сфармаваныя выбарчыя камісіі. На думку назіральнікаў, «адсутнасьць сфармуляваных крытэрыяў уключэньня грамадзян у выбарчыя камісіі дазваляе ўладам адвольна вызначаць склад камісіяў». У выніку камісіі, якія пазьней будуць кантраляваць дакладнасьць выбараў, амаль цалкам сфармаваныя праўладнай " пяцёркай«. Гэта БРСМ, «Белая Русь», «Беларускае грамадзкае аб’яднаньне вэтэранаў», Беларускі саюз жанчын, Фэдэрацыя прафсаюзаў Беларусі. Пры гэтым прадстаўнікоў апазыцыйных партыяў ва ўчастковых выбарчых камісіях толькі 0,046%, у тэрытарыяльных камісіях — толькі 0,5%.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG