Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вусаў: «Запахла смажаным, і БНФ сышоў, каб сябе цалкам не дыскрэдытаваць»

абноўлена

Палітоляг Павал Вусаў пра выхад БНФ з выбарчай кампаніі Тацяны Караткевіч: «Напэўна, дывідэнды не былі атрыманыя»

Сёньня Сойм Партыі БНФ прагаласаваў за выхад з выбарчай кампаніі Тацяны Караткевіч.

Палітоляг Павал Вусаў пракамэнтаваў гэты крок кіраўніцтва партыі:

«Шчыра кажучы, сыходзячы зь лёгікі дзейнасьці партыі БНФ у гэтыя гады і яе ўключэньня ў кааліцыю „Народны рэфэрэндум“, гэтыя заявы прынамсі мне падаюцца даволі дзіўнымі.

Магу патлумачыць гэта толькі тым, што партыя БНФ, калі ўключалася ў кааліцыю з „Гавары праўды“, разьлічвала напэўна атрымаць нейкія фінансавыя дывідэнды ад гэтай кампаніі. Аднак, напэўна, гэтыя дывідэнды не былі атрыманыя, альбо таго, што партыя БНФ чакала, яна не атрымала, таму і пасьледавалі гэтыя заявы.

Павал Вусаў
Павал Вусаў

Другі момант — зараз разгортваецца агульная кампанія супроць дзеяньняў Караткевіч, яе абвінавачваюць, прынамсі „Гавары праўду“, у супрацы з уладамі, што кідае даволі моцны цень і на Беларускі Народны Фронт. Партыя БНФ, на маю думку, як арганізацыя, сябе даволі моцна дыскрэдытавала за час супрацы з „Гавары праўду“.

Паглядзіце: калі яшчэ пачалася крытыка аналітыкамі і палітыкамі дзеяньняў „Гавары праўду“ і Тацяны Караткевіч, але партыя БНФ нічога не рабіла, а наадварот, апраўдвала Караткевіч, ніякіх гучных заяваў не было. А калі адбылася прэсавая канфэрэнцыя з удзелам Статкевіча і Някляева, і Някляеў фактычна наўпрост сказаў, што Дзьмітрыеў супрацоўнічае са спэцслужбамі, то, напэўна, запахла смажаным і Партыя БНФ вырашыла проста сысьці з гэтай кампаніі, каб цалкам сябе не дыскрэдытаваць.

Відаць, зрабіла ўплыў і грамадзкая думка адносна таго, што робіць Караткевіч. Але на 100% скажу, што выхад БНФ зь яе кампаніі ніяк не паўплывае на далейшы лёс Тацяны Караткевіч і яе "прэзыдэнцкіх амбіцыях". Напэўна, яна будзе і далей удзельнічаць у выбарчай кампаніі і будзе мець пэўны, скажам гэтак, ляяльны падыход уладаў да яе дзейнасьці».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG