Чаму ўлады Беларусі нават падчас выбарчай кампаніі ня могуць спыніць падзеньня нацыянальнай валюты? Як моцна беларускі рубель залежыць ад расейскага? Ці магчыма даць прагноз наконт далейшых зьмяненьняў курсу?
На гэтыя ды іншыя пытаньні ў перадачы «Экспэртыза Свабоды» адказваюць эканамісты Зьміцер Крук і Яўген Прэйгерман.
Цыганкоў: Чаму ўлады моўчкі назіраюць за падзеньнем беларускага рубля? Ці нічога ня могуць зрабіць ці што прасьцей будзе адпусьціць рубель, а не змагацца за курс?
Прэйгерман: Уладам пакуль і казаць асабліва няма чаго. Сёньня такая сытуацыя, што нягледзячы на прэзыдэнція выбары, стрымліваць курс дастаткова цяжка. Ня тое, каб гэта было цалкам немагчыма зрабіць. Але ўсе мы разумеем, што жыцьцё пасьля выбараў працягнецца, і ставіць нейкі крыж на эканоміцы ўлады ня хочуць.
Цыганкоў: У «беларускай традыцыі» часьцей было наадварот — да выбараў трымаліся з апошніх сілаў, а потым — дэвальвацыя. Тое, што зараз улады ня хочуць трымаць курс — можа, яны хочуць разабрацца з гэтым пытаньнем у жніўні, каб верасень і кастрычнік былі спакайнейшыя?
Прэйгерман: Мне падаецца, што міжнародная сытуацыя ў эканоміцы такая, што не зразумела, чаго чакаць ад коштаў на нафту і ад расейскага рубля. Таму ўладам нейкія палітычныя стратэгіі выпрацоўваць даволі цяжка. Пакуль Лукашэнка стрымлівае сябе, хаця па іншых пытаньнях, такіх як заробкі, заявы ўжо пайшлі — але наконт курсу пакуль няма.
І я ня думаю, што тут нам варта цалкам абапірацца на той досьвед, які быў у ранейшых выбарчых кампаніях. Бо сытуацыя шмат у чым іншая, а ў эканамічным сэнсе — куды менш стабільная за ранейшую.
Цыганкоў: У нядаўнай Экспэртызе Вадзім Іосуб сказаў, што курс беларускага рубля нашмат болей цяпер залежыць ад расейскага, чым раней. Ці згодныя вы з такой ацэнкай?
Крук: Так, гэтая залежнасьць ёсьць і яна дастаткова моцная. Памылкай было б казаць, што яна не была раней. Але раней яна штучна стрымлівалася кіраваньнем курсаўтварэньня. Таму мы і назіралі такія скачкі, што былі ў 2011 годзе, ці ў канцы 2014-га. Нашыя ўлады жадалі трымаць курс, але не маглі гэтага рабіць больш за месяц-два, і ў выніку дэвальвавалі рубель.
Зараз ўлады фактычна прызналі, што курс нашага рубля залежыць ад расейскага, і ня ўмешваючы ў працэс курсаўтварэньня, мы атрымліваем паступовае падзеньне нацыянальнай валюты.
Цыганкоў: Ці можна спрагназаваць далейшую дынаміку курсу? Здаецца, беларускія ўлады не друкуюць новыя грошы, у людзей не растуць заробкі — усё гэта павінна гуляць на ўмацаваньне рубля.
Крук: Суадносіны замежных і ўнутраных чыньнікаў, што ўплываюць на курс рубля, я б ацаніў як 80 на 20 на карысьць замежных. З унутраных нэгатыўна ўплывае тая тэндэнцыя, што пачалася ў чэрвені — перавод рублёвых дэпазытаў у валютныя.
Цыганкоў: А гэта адбылося з-за таго, што ўлады пачалі зьніжаць працэнты па дэпазытах?
Крук: Працэнты пачалі зьніжацца, бо ўлады імкнуліся ажывіць эканоміку, падштурхнуць эканамічны рост, з гэтым у нас вялікія праблемы. Але так, я пагаджуся, гэта стала адным з чыньнікаў таго, што насельніцтва пачало пераводзіць рублёвыя дэпазыты ў замежныя валюты.
Калі б аб’яднаць усе чыньнікі, то можна сказаць, што большасьць унутраных чыньнікаў грае на стабілізацыю рубля. Але замежныя — нашмат больш уплывовыя. Таму прагназаваць курс вельмі цяжка. Што будзе з нафтай, што будзе з Кітаем, з Іранам? — ніхто ня можа сказаць. Але мне падаецца, што дно ў нафтавых цэнах ужо дасягнутае. Сыходзячы з гэтага, чакаць далейшай істотнай дэвальвацыі я ня бачу падставаў. Наадварот, калі цана на нафту падымецца, варта чакаць пэўнага ўмацаваньня беларускага рубля.
Прэйгерман: У такіх умовах, калі замежныя чыньнікі граюць галоўную ролю, то ўлады такой краіны, як Беларусь, абмежаваныя ў сваіх захадах нешта рабіць. Другое, ва ўладзе ёсьць разуменьне, што сытуацыя якасна іншая, і ранейшыя крокі не дадуць эфэкту. Але досьвед нам паказвае, што ў крытычныя моманты Лукашэнка вяртаецца да нейкіх адміністрацыйных захадаў, якія давалі пэўны палітычны вынік раней. Таму так ці інакш мы пачуем шмат рытарычных заяваў, ці нават пабачым спробы пакіраваць курсам звыклымі мэтадамі.