Суд прызнаў Алега Сянцова вінаватым у «стварэньні тэрарыстычнай супольнасьці і ў кіраваньні ёю».
Палітычнаму актывісту Аляксандру Кольчанку, які таксама быў абвінавачаны ў гэтай справе, прысудзілі 10 гадоў пазбаўленьня волі.
Пасьля абвяшчэньня прысуду Сянцоў і Кольчанка хорам засьпявалі гімн Украіны, скончыўшы яго словамі: «Слава Украіне! Героям слава!».
Сянцова і Кольчанку затрымалі супрацоўнікі ФСБ у траўні 2014 году ў анэксаваным Расеяй Крыме. Паводле вэрсіі ФСБ, іхняй мэтай было ўчыніць вясной 2014 году дывэрсійна-тэрарыстычныя акты ў Сімфэропалі, Севастопалі і Ялце — узарваць самаробныя прылады каля мэмарыялу Вечнага агню і помніка Леніну ў Сімфэропалі, падпаліць офісы грамадзкай арганізацыі «Руская абшчына Крыму» і партыі «Адзіная Расея».
Сянцоў і Кольчанка сваю віну адмаўляюць. Праваабарончы цэнтар «Мэмарыял» прызнаў падсудных палітвязьнямі. Міжнародная праваабарончая арганізацыя Amnesty International заклікала Расею зьняць абвінавачаньні супраць Сянцова і Кольчанкі. Праваабаронцы лічаць гэтыя абвінавачаньні надуманымі і палітычна матываванымі.
У абарону і падтрымку ўкраінскага рэжысэра Сянцова ня раз выказваліся расейскія і замежныя дзеячы мастацтва.