Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мір замест заробкаў


Валер Карбалевіч
Валер Карбалевіч

15 жніўня падчас наведваньня Менскага заводу колавых цягачоў (МЗКЦ) Аляксандар Лукашэнка ясна і выразна сфармуляваў сваё перадвыбарнае пасланьне, сваю праграму. Хоць гэты мэсыдж гучаў і раней, але цяпер ён прадстаўлены ў канцэнтраваным выглядзе і адчаканенай форме. І ў параўнаньні з выбарчымі праграмамі ў папярэдніх прэзыдэнцкіх кампаніях, цяперашняя выглядае вельмі кантрастна.

Нагадаю, што падчас усіх мінулых выбараў зьмястоўная частка лукашэнкаўскага пасланьня зводзілася да абяцаньня падвысіць сярэдні заробак у краіне да пэўнага ўзроўню. Аднак цяпер усё рэзка памянялася. «Я пачынаю пытацца: а што хоча народ пачуць ад будучых кандыдатаў у прэзыдэнты? А народ хоча заробку пабольш і пажадана паменш працы... Але ня гэта сёньня галоўнае», — глыбакадумна заявіў кіраўнік дзяржавы, выступаючы на МЗКЦ.

Такім чынам, заробак цяпер — не галоўнае. А што ж ёсць галоўнае, калі не ўзровень жыцьця насельніцтва? Лукашэнка тлумачыць: «Ідзе перадзел сьвету. І заробак — гэта вельмі важна. Але перада мной як прэзыдэнтам стаіць задача абараніць краіну. І як нам, сярэдняй дзяржаве, па цяперашніх мерках, выстаяць, вытрываць, і каб мы не патрапілі, як дзьве шасьцярэнькі, каб нас не зьмялі і не ўтапілі. Вось што сёньня самае галоўнае ».

То бок, штучна ствараецца сытуацыя крэпасьці ў аблозе. Беларусі, нібыта, пагражае страшная зьнешняя небясьпека, вакол ворагі. Прычым, «за гэтай бойкай па адзін, і па другі бок стаяць моцныя гэтага свету», — запэўнівае А. Лукашэнка. То бок, пагроза зыходзіць і з Захаду, і з Усходу, ад, нібыта, саюзьнікаў. Галоўнае, нагнятаць напружанасьць, наганяць страху. Дарэчы, гэтую задачу добра выконваюць расійскія тэлеканалы. І калі ўсе напалоханыя, заікацца аб заробках неяк няёмка. «Як бы нам ні было цяжка, мы павінны захаваць мір у нашай краіне, усё роўна, зь якім прэзідэнтам. Трэба, каб былі мір і стабільнасьць», — як заклён паўтарае ён. Такім чынам, мір, адсутнасьць вайны замест росту заробкаў, падвышэньня дабрабыту — вось сутнасьць перадвыбарчай праграмы Лукашэнкі. І народу толькі застаецца дзякаваць і кланяцца.

Якое апусканьне амбіцый! Яшчэ ж зусім нядаўна Лукашэнка будаваў у Беларусі зіхатлівы «Горад на Узгорку», Зямлю запаветную. Беларускі лідэр бачыў краіну як «духоўнага лідэра ўсходнеславянскай цывілізацыі», як эталён, узор, прыклад для астатніх народаў, якім ня так пашанцавала з прэзыдэнтам. «На Беларусь глядзяць як на выратавальніка славянскай цывілізацыі, і мы павінны гэтую цывілізацыю выратаваць!», — пафасна вяшчаў Аляксандар Лукашэнка. А зараз усё гэта ператварылася ўсяго толькі ў тэрыторыю выжываньня. Які сумны фінал грандыёзнага праекту.

Здавалася б, у канцэпт міру, адсутнасьці вайны, стабільнасьці добра ўпісваецца сцэнар «ціхіх выбараў». То бок, прэзыдэнцкая кампанія праводзіцца як руцінная, тэхнічная, бюракратычная працэдура, без скандалаў і канфліктаў. І такому сцэнару ніхто не пагражае, нават апазыцыя не заклікае да Плошчы, арыентуецца, як кажа Тацяна Караткевіч, на «мірныя перамены».

Але, падаецца, такія зусім ужо ціхія выбары не задавальняюць Лукашэнку. Бо калі ўсё ціха і мірна, то навошта патрэбны «абаронца стабільнасьці»? Ад каго абараняць? Таму трэба штучна стварыць ворагаў, арганізаваць напружанасьць ці імітаваць яе, каб напужаць народ.

Што для гэтага робіцца? Па-першае, рыхтуецца новая вэрсія прэзыдэнцкай дырэктывы «Аб мерах па ўмацаваньні грамадзкай бясьпекі і дысцыпліны». Па-другое, 18 жніўня падпісаны прэзыдэнцкі ўказ № 356, якім зацьвярджаецца Палажэньне аб камісіі па супрацьдзеяньні экстрэмізму і барацьбе з тэрарызмам. Такія камісіі будуць стварацца абласнымі выканкамамі і Мінгарвыканкамам.

Па-трэцяе, знайшлі і «тэрарыстаў». Імі выявіліся падазраваныя ў напісаньні вулічных графіці. Іх затрымлівалі як тэрарыстаў, узброены спэцназ прымяняў такія сілавыя сродкі, што адзін хлопец атрымаў двайны пералом сківіцы.

Па-чацьвёртае, заява міністра ўнутраных спраў Ігара Шуневіча, што міліцыя гатовая да выбараў. «Магу гарантаваць — мы гатовыя да адэкватнага адказу на любы выклік, любую пагрозу. Мы гатовыя да таго, каб мінімізаваць любыя шкодныя наступствы. Скажу нават больш: мы гатовыя на сённяшні дзень спрацаваць трохі раней, калі будзе ў гэтым неабходнасць, каб не давесьці сытуацыю да крытычнай», — падкрэсліў міністар. Не зьдзіўлюся, калі ў дні галасаваньня па Менску будуць дэманстратыўна езьдзіць аўтазакі.

Але падаецца, што ўсё гэта робіцца ня толькі для таго, каб штучна стварыць напружанасьць і напалохаць абывацеля. Справа ў тым, што яны і самі баяцца. Усе гэтыя рухі робяцца яшчэ й таму, каб пераадолець ўласныя страхі. Гучныя арышты апошніх дзён таксама ня сьведчаць аб спакоі і стабільнасьці ў краіне. Спакой нам толькі сьніцца.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG