Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Настаўнікі хлусьні» ці тыгры на манежы?


Ціхан Чарнякевіч
Ціхан Чарнякевіч

Колькі аб’ёму, колькі зьмястоўнасьці ў гэтых двух словах – «датэрміновае галасаваньне»! Зь імі мінала дзяцінства, прыходзіла юнацтва, сталеньне. Часам проста настальгія пачынаецца, як нейкае насланьнё.

Успомніш размовы мамы-настаўніцы, што «зноў прымусілі ўсіх галасаваць…», а тады нейкі там курс універа, і лекцыя спыненая ўладнаю рукою дэкана, і выкладчык ужо маўчыць, а над вялізнай курсавой аўдыторыяй лунае: «Як вы ведаеце, празь некалькі дзён, … але лепш, разумеючы вашае жаданьне зьехаць на выходныя…» Альбо гэты крык намесьніцы дэкана, аўтаркі найсумнейшай у сьвеце кніжкі пра Багдановіча: «Хто з вас жыве ў інтэрнаце?! Сёньня ж схадзіць!» І ўжо трошкі паважней у асьпірантуры: стаіш у чарзе па нейкую крабавую палачку ў цесьце, а на тэлефон нечаканы званок, ды з гарадзкога нумару: «Ціхан Валер’евіч, вы ж усё разумееце, грамадзянскі абавязак…» Праз колькі хвілін твой сябра з той жа чаргі выслухоўвае такую самую тыраду. Пра камэндантаў і загадчыкаў інтэрнату я ўжо й не кажу: такое было адчуваньне, што загон насельнікаў на выбарчы ўчастак загадзя прапісваўся наймальнікам у працоўным кантракце.

З чароўнымі словамі, прыведзенымі на пачатку, непарыўна зьвязанае слова «бюджэт». Праца ў дзяржаўнай установе нібыта загадзя прадугледжвае тваю абсалютную згоду й падтрымку генэральнай лініі партыі ў той галіне, дзе ты штурмуеш будучыні аванпосты. Як быццам сядзіш у службовым аўтамабілі, і, як нешта не падабаецца, то выйсьце адно – валі кулём. Ня хочаш валіць? Цярпі.

Зь цягам часу цярпеньне пераходзіць у звычку (не ва ўсіх, але шмат у каго), а звычка ва ўмоўны рэфлекс. Жыцьцё паводле законаў інэрцыі дазваляе бюджэтніку атаясамліваць апошнюю з наканаванасьцю. Ахвота да перамены месцаў можа рэалізавацца для бюджэтніка толькі ў абласных гарадах, а найбольш – у Менску. Астатнія 6 мільёнаў чалавек, як правіла, ня тое што працу не мяняюць, а нават у краму ходзяць тую самую, і, нават жывучы ў вялікім горадзе, вельмі рэдка выходзяць за межы свайго мікрараёну.

Ужо ня раз гаворана было, што асноваю ініцыятыўнай групы і, фактычна, выканаўцамі фармальных целарухаў (збор подпісаў, датэрміновае галасаваньне, чальцоўства ў мясцовых выбарчых камісіях) падчас усіх выбарчых кампаній зьяўляюцца настаўнікі й выкладчыкі. Пісала пра гэта і «Наша Ніва», а нядаўна ў даволі жорсткай форме выказаўся на адрас пэдагогаў Зьміцер Дашкевіч. Калёнка ягоная мае назву «Настаўнікі хлусьні» і пераносіць самое ўвішнае шчыраваньне на ніве агітацыі за ўзурпатара на ўласна пэдагагічную дзейнасьць, злучаючы гэтыя два мала зьвязаныя між сабою складнікі ў адно.

Агітацыя для настаўніка – ня праца, а дадатковая «грамадзкая» нагрузка, да якой старэйшае пакаленьне пэдагогаў прызвычаілася яшчэ за часамі СССР, зь ягоным піянэрважацтвам, зборам макулятуры й мэталалому. Якой хлусьні можа навучыць на ўроку настаўнік фізыкі ці біялёгіі? Ніякай, калі толькі ня зойдзе ў сфэру псэўданавуковага шарлатанства (бывае такое). А грамадзкую нагрузку ці, дакладней, загады ў бюджэтнай сфэры прынята выконваць.

Найбольшая доля адказнасьці за хлусьню ляжыць не на шараговых настаўніках-выканаўцах, а на адміністрацыі, якая зазвычай падбіраецца зь людзей сапраўды вернападданых. Яна, адміністрацыя, і кіруе выбарчым участкам і, як слушна кажа Зьміцер Дашкевіч, удзельнічае ў фальсыфікацыях выбараў. Настаўніка-шарагоўца да такіх важных справаў ніхто не дапусьціць, а вось ляяльны дырэктар шэрай школы такім чынам можа быць заўважаны і праведзены ўверх па кар’ернай лесьвіцы. Статуснае становішча адміністрацыі школ павялічваецца і ўключэньнем у мясцовыя саветы дэпутатаў. Прынамсі, у маім родным горадзе Пінску «дырэктар школы» = «дэпутат», і ўсім гэта вядома.

Ацэньвацца тут можа ня толькі прад’яўлены наверх працэнт за пэўнага кандыдата, але і падбор пэрсаналу. Ня шмат хто ведае, але цяпер дырэктар прызначае настаўнікаў, вырашае, падоўжыць супрацоўнікам кантракты ці не, а калі падоўжыць – то на колькі гадоў. У нядаўнім часе, яшчэ гадоў дзесяць таму, гэтым усім займаліся мясцовыя аддзелы адукацыі. Цяпер жа, дзеля большай дысцыпліны, выканкамы дэлегавалі адпаведныя паўнамоцтвы дырэктарам школаў, правераным людзям, якія, не зацягваючы справу, могуць імгненна зрабіць спагнаньне ці звольніць непажаданага настаўніка альбо, наадварот, прэміяваць прыемных сабе супрацоўнікаў.

Зразумела, усе гэтыя «аспэкты прыгоннага права» бачацца чалавеку звонку абсурднымі. Аднак самыя настаўнікі за апошнія пятнаццаць гадоў пасьпелі да іх прызвычаіцца. Калі нічога іншага ня бачыць, акрамя дрэсуры, то і тыгр пачынае танчыць на манежы – пагатоў харчы выдаюць рэгулярна. Але, каб выправіць становішча, называць усю грамаду «настаўнікамі хлусьні» і заклікаць іх да ўсеагульнага пакаяньня за хлусьню – малапрадуктыўна. З такім самым апломбам некалі й запрыгоненую беларускую літаратуру «старэйшыя браты» кшталту Максіма Горкага пяшчотна называлі «прымітыўна-простай». Каб пераламіць інэрцыю, з настаўнікамі варта працаваць значна больш, распавядаць пра падставовыя рэчы, якія, зрэшты, замацаваныя нарматыўнымі актамі беларускага заканадаўства, каб урэшце хоць нехта зь іх наважыўся ісьці супраць плыні і паказаў іншым прыклад.

А дурны прыклад, як кажуць, спараджае інфэкцыю.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG