Апытаньне ў Горадні
Малады мужчына: «Па-мойму, на сёньняшні дзень ужо нічым не адрозьніваюцца. Расея пайшла па нашым шляху. Усе экспэрымэнты, якія ставілі над беларусамі, зараз у Расеі паўтарылі ў квадраце, а нават у кубе. Пяць гадоў таму, мабыць, у Расеі было больш дэмакратыі. А сёньня, я лічу, ужо аднолькава нідзе яе няма».
Малады хлопец: «Думаю, аднолькавыя яны. Можа, у Расеі трохі больш жорсткі, бо там вялікая краіна і там цяжэй кіраваць. А ў нас краіна меншая, яе лягчэй кантраляваць. Хаця, гледзячы навіны, можна сказаць, што асаблівай розьніцы са свабодай і дэмакратыяй у нашых краінах няма».
Малады мужчына: «Мяне гэта не цікавіць, і я асабліва ў гэта ня лезу. У Расеі ніколі ня быў. Але перавагу аддаю Пуціну — ён мне падабаецца».
Мужчына перадпэнсійнага веку: «Які народ, такая і ўлада, а з двух дыктатараў і выбіраць ня трэба. Ёсьць вядомая ангельская прымаўка: з двух зол няма чаго выбіраць. Пакуль у нас мазгоў ня будзе, нічога ня будзе ні ў кіраўніцтве дзяржавай, ні ў самой дзяржаве. Я думаў раней, што вось зьявяцца ў людзей грошы, яны стануць самастойнымі. А вы паглядзіце на расейскіх алігархаў: сядзяць, баяцца і дрыжаць...»
Жанчына сярэдняга веку: «Я сама расейка, але там людзі лічаць, што ў нас залатое жыцьцё, што ў нас усё цудоўна, і яны мараць жыць, як мы. Мае браты, калі прыяжджаюць, вельмі хваляць Лукашэнку, ім так у нас усё падабаецца».
Карэспандэнт: «А вы як лічыце?»
Жанчына сярэдняга веку: «Я лічу, што ў кожнага чалавека ёсьць недахопы...»
Малады хлопец: «Думаю, калі і адрозьніваюцца, то нязначна — абодва моцныя кіраўнікі, і свабоды дастаткова ў абедзьвюх нашых краінах».
Малады мужчына: «У Расеі ня быў, цяжка адказваць. Але вялікай розьніцы паміж імі ня бачу. Думаю, што нам ня з тым бокам трэба раўняцца. Нам трэба глядзець на Захад, а не на Ўсход...»