Лінкі ўнівэрсальнага доступу

З васьмі кандыдатаў на прэзыдэнта грошы не патрэбныя толькі Лукашэнку і Лябедзьку


Асабістыя фінансавыя фонды адкрылі шэсьць з васьмі патэнцыйных кандыдатаў на пасаду прэзыдэнта Беларусі.

Інфармацыя пра гэта сёньня зьявілася на афіцыйным сайце Цэнтральнай выбарчай камісіі. Паведамленьне вельмі кароткае, фактычна з аднаго сказу. Зь яго немагчыма даведацца, хто канкрэтна гэтыя шэсьць прэтэндэнтаў.

Свабода змагла дазнацца, што не палічылі неабходным заводзіць асабістыя фонды толькі два прэтэндэнты — гэта дзейны кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка і старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька.

Кіраўнік выбарчага штабу спадара Лябедзькі Леў Марголін так тлумачыць Свабодзе, чаму лідэр АГП адмовіўся адкрыць асабісты фінансавы фонд:

Леў Марголін
Леў Марголін

«Па-першае, выкарыстоўваць гэты рахунак можна толькі пасьля таго, як цябе афіцыйна зарэгіструюць у якасьці кандыдата. Але калі цябе не зарэгіструюць, то гэтыя грошы дастануцца дзяржаве. І іх трэба будзе вяртаць тым, хто іх туды пералічваў. Аднак паколькі вярнуць грошы немагчыма, і я пра гэта ведаю з досьведу прэзыдэнцкай кампаніі 2010 году, то яны застаюцца дзяржаве.

Па-другое, нават калі цябе зарэгіструюць, то, каб скарыстаць гэтыя грошы, напрыклад, выдаць улётку, трэба ўзгадніць яе тэкст з Цэнтравыбаркамам. А гэтага мы катэгарычна ня хочам рабіць. Будзеш да іх хадзіць, а яны будуць казаць: вось гэтае слова трэба выкрасьліць, вось тут трэба так напісаць і гэтак далей. У мяне ёсьць досьвед выбарчай кампаніі 2010 году. Ні ў Калякіна, ні ў Караткевіч такога досьведу няма. І яны, напэўна, ускладаюць вельмі вялікія надзеі на гэты рахунак.

У нас ёсьць партыйны рахунак. Паводле нашага статуту мы можам зьбіраць там ахвяраваньні. І таму для нас нашмат зручней карыстацца гэтым рахункам. Бо тое, што мы там атрымаем, гэта ўсё наша. І мы не павінны даваць нікому справаздачы і нікому вяртаць гэтыя грошы.

Калі нашага кандыдата зарэгіструюць, то мы будзем выкарыстоўваць і такую магчымасьць, як асабісты рахунак кандыдата. Аднак пакуль што мы ня бачым у гэтым ніякай патрэбы».

Адпаведна Выбарчаму кодэксу крыніцамі фармаваньня асабістага фонду кандыдата на прэзыдэнта зьяўляюцца ягоныя ўласныя грашовыя сродкі. Закон абмяжоўвае іх верхні памер 9 тысячамі базавых велічынь (пакуль адна базавая велічыня складае 180 тысяч беларускіх рублёў). Акрамя таго, да крыніцаў адносяцца добраахвотныя ахвяраваньні грамадзянаў Беларусі (памер кожнага зь іх не павінны перавышаць 20 базавых велічынь) і ахвяраваньні юрыдычных асобаў (ня болей за 50 базавых велічынь).

Цэнтравыбаркам дазволіў збор подпісаў васьмі ініцыятыўным групам: Аляксандра Лукашэнкі, Сяргея Калякіна, Сяргея Гайдукевіча, Тацяны Караткевіч, Анатоля Лябедзькі, Жанны Раманоўскай, Віктара Цярэшчанкі, Мікалая Ўлаховіча. Каб афіцыйна зарэгістравацца кандыдатам, трэба сабраць сама меней 100 тысяч сапраўдных подпісаў грамадзян Беларусі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG