Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дыпляматы Беларусі і ЭЗ пагутарылі наконт правоў чалавека. Упершыню з 2009-га


Сёньня ў Брусэлі адбыўся першы раўнд дыялёгу па правах чалавека па лініі Беларусь — Эўразьвяз.

«У ходзе дыялёгу былі абмеркаваныя розныя пытаньні, уключна з стварэньнем нацыянальнага інстытуту па правах чалавека, тэматыкай свабоды слова, выказваньняў і сходаў, прымяненьня сьмяротнага пакараньня, барацьбы зь зьневажальнымі для чалавечай годнасьці відамі абыходжаньня, а таксама захаваньня правоў дзіцяці.

У рамках шматбаковага супрацоўніцтва Беларусь і ЭЗ таксама абмеркавалі пытаньні ўзаемадзеяньня ў ААН», — адзначаецца ў прэс-рэлізе МЗС Беларусі.

Там таксама адзначылі, што перамовы, «дазволілі правесьці сумленны і паважлівы першапачатковы абмен думкамі па сутнасьці пытаньняў з мэтай наступнага ўмацаваньня ўзаемнага даверу і развіцьця супрацоўніцтва».

Беларускую дэлегацыю ўзначаліў начальнік галоўнага ўпраўленьня шматбаковай дыпляматыі МЗС Юры Амбразевіч, дэлегацыю Эўразьвязу — начальнік упраўленьня правоў чалавека і дэмакратыі Эўрапейскай службы зьнешніх дзеяньняў Сыльвіё Ганзата.

Гэта была першая сустрэча ў межах дыялёгу па правах чалавека за апошнія 6 гадоў.

У 2009 годзе Беларусь і Эўразьвяз дасягнулі дамоўленасьці што да правядзеньня дыялёгу аб выкананьні правоў чалавека. Афіцыйна дыялёг на гэтую тэму быў ініцыяваны 6 красавіка 2009 году па выніках пасяджэньня Рады Эўразьвязу на ўзроўні міністраў юстыцыі. У рамках дыялёгу прадугледжваліся сустрэчы і ў Беларусі, і ў Эўразьвязе «прынамсі раз на год». Аднак пасьля 2009 году такіх сустрэч не было.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG