Як можна ацаніць першыя вынікі збору подпісаў? Што пераважае ў беларусаў — апатыя альбо надзея на перамены? Колькі чалавек з тых, хто запісаўся ў ініцыятыўныя групы, рэальна займаюцца зборам подпісаў?
На гэтыя ды іншыя пытаньні ў перадачы «Экспэртыза Свабоды» адказваюць кіраўнікі ініцыятыўных групаў Тацяны Караткевіч і Анатоля Лябедзькі — Андрэй Дзьмітрыеў і Віктар Карняенка.
Цыганкоў: Якія вашы першыя ўражаньні ад этапу збору подпісаў? Як можна гэтую кампанію параўнаць зь нейкімі іншымі? Ці апраўдаліся вашы чаканьні — як наконт актыўнасьці людзей, так і наконт працы вашых паплечнікаў?
Дзьмітрыеў: Я б сказаў, што людзі крок за крокам раскачваюцца. Кожны дзень яны больш актыўна ставяць подпісы, я так разумею, што яны пачынаюць абмяркоўваць гэта паміж сабой. Шчыра скажу, мы чакалі большай апатыі, асабліва ў рэгіёнах. Але людзі падпісваюцца і жадаюць нам посьпеху.
Карняенка: У параўнаньні з 2010 годам у грамадзянаў апатыі больш, і, адпаведна, больш запалоханасьці. Кампанія, якую цяпер праходзіць каманда Лябедзькі, адбываецца ўпершыню, бо яна бясплатная. Мы ня ставілі задачу перамагчы на выбарах, бо выбараў няма. Мы ня ставілі задачу набраць максымальную колькасьць галасоў, так бы мовіць, абагнаць усю апазыцыю і стаць галоўным апазыцыянэрам у краіне.
Наша задача — паказаць, што апазыцыя ёсьць, яна ня згодная з палітыкай, якая праводзіцца. Што ёсьць альтэрнатыўныя прапановы па сацыяльна-эканамічным курсе краіны. І што цяперашні курс уладаў вядзе да бяды. І ў гэтым сэнсе ўсё адбываецца, як і плянавала АГП.
Цыганкоў: Андрэй Дзьмітрыеў, колькі чалавек з вашай ініцыятыўнай групы, якая складае амаль 2 тысячы чалавек, рэальна зьбірае подпісы?
Дзьмітрыеў: Тут у нас даволі просты падлік. Каля 500 чалавек удзельнічае вельмі актыўна. Астатняя большасьць зьбярэ ад 2 да 4 падпісных аркушаў, пераважна знаёмых, жыхароў пад’езду. І мы ўдзячныя за такую падтрымку, мы на гэта і разьлічвалі. Мы спадзяёмся, што сытуацыя разгойдаецца і людзі будуць актыўней ставіць подпісы, — але і пакуль усё ідзе нармальна. Сытуацыя матывуе людзей.
Цыганкоў: Многія апазыцыйна і дэмакратычна настроеныя людзі выступаюць за байкот выбараў. Ці падыходзяць такія людзі да вашых пікетаў, ці пачынаюць вылучаць свае аргумэнты?
Дзьмітрыеў: Такое бывае ў Менску, але гэта вельмі рэдка, адзінкі людзей. Збольшага людзі падыходзяць зь іншымі настроямі — нават калі яны ня вераць у перамогу над Лукашэнкам, але сур’ёзна ставяцца да свайго выбару. Таму тут вельмі істотны падзел паміж тым, што мы бачым у інтэрнэце, і тым, што чуем на вуліцы ў размовах зь людзьмі.
Трэба сысьці з Фэйсбуку і працаваць зь людзьмі, пераконваючы іх, што краіне патрэбныя перамены. А байкот ці ўдзел — гэта ня так істотна
Я б параўнаў палітыку зь бегам. Ты бяжыш да сваёй мэты, а табе заўсёды крычаць у сьпіну. Апладзіраваць будуць толькі на фінішы. Маё перакананьне — ня важна, за што вы выступаеце, за байкот ці ўдзел, але ідзіце і размаўляйце зь людзьмі. Трэба сысьці з Фэйсбуку і працаваць зь людзьмі, пераконваючы іх, што краіне патрэбныя перамены. А байкот ці ўдзел — гэта ня так істотна.
Цыганкоў: Анатоль Лябедзька і сам быў палітычным вязьнем, і падчас гэтай кампаніі амаль штодня ўздымае тэму палітвязьняў. Вам ня крыўдна ад прыхільнікаў байкоту чуць словы кшталту «падстаўныя кандыдаты», «клоўны» і гэтак далей?
Карняенка: Я думаю, што ў выбарах ня ўдзельнічаюць тыя структуры, якім няма чаго паказаць, у якіх няма людзкіх рэсурсаў. Да нашых пікетаў прыхільнікі байкоту падыходзяць вельмі рэдка. Але мы тлумачым — мы нікога не заклікаем прыйсьці і галасаваць за нашага кандыдата. Бо ведаем, што гэта глупства, што выбараў няма і галасоў паставяць столькі, колькі вырашыць адміністрацыя.
Мяне вельмі цешыць, што ў камандзе зьявіліся новыя людзі. Калі б мы падтрымлівалі байкот, то іх бы не было. 7–8 пікетаў штодня ў Менску, 2–3 у абласных цэнтрах — усяго 36 па ўсёй краіне. І гэты збор подпісаў відавочны, публічны, і такі працэс проста было б сорамна ня выкарыстаць.
Цыганкоў: Кампанія Лябедзькі сапраўды праходзіць пад лёзунгам «Выбараў няма, але выбар ёсьць». Гэта, а таксама некаторыя акцэнты ў вашых сёньняшніх словах, прымушае мяне спытаць — а ці сапраўды вам патрэбна сабраць гэтыя сто тысячаў подпісаў, або ў вас ёсьць нейкія іншыя пляны наконт гэтай кампаніі?
Карняенка: Я ня буду выкручвацца — мы ацэньваем нашы шанцы як 50 на 50. Магчыма, мы і не зьбяром подпісы. Але тое, як адбываецца кампанія — напрыклад, сёньня мы правялі дзень салідарнасьці з палітвязьнямі. Я думаю, у любым варыянце мэта гэтай кампаніі будзе выкананая. Я б схлусіў, калі б сказаў, што мы ня хочам сабраць подпісы. Аднак прызнаюся, што людзі ня вельмі ахвотна зьбіраюцца працаваць бясплатна. У тым ліку і гэта мэта гэтай кампаніі — прывучаць людзей рабіць нешта празь «не магу», сьціснуўшы зубы.
Мы не дазволім нікому ў рэгіёнах фальсыфікаваць подпісы. Колькі зьбяром — столькі зьбяром
Некаторыя палітыкі ўжо пачалі пераймацца тым, што апазыцыйныя палітыкі будуць фальшаваць подпісы. Таму ў нас прынята прынцыповае рашэньне — кожны дзень увечары праводзіцца нарада, і мы вельмі пільна акцэнтуем увагу на тым, што мы не дазволім нікому ў рэгіёнах фальсыфікаваць подпісы. Колькі зьбяром — столькі зьбяром.
Цыганкоў: У адной зь мінулых перадач «Экспэртыза Свабоды» Аляксандар Старыкевіч адзначыў, што камандзе Караткевіч будзе прасьцей за іншых сабраць подпісы, паколькі ўжо была кампанія «Народны рэфэрэндум» — і цяпер ёсьць база дадзеных людзей, гатовых падпісацца за дэмакратычных кандыдатаў. Ці пачалі вы ўжо хадзіць па гэтых адрасах?
Дзьмітрыеў: Першае, што даў «Народны рэфэрэндум», — сябры нашай каманды ведаюць, як правільна гэта рабіць, як размаўляць зь людзьмі. Другое — так, мы ўжо пайшлі па гэтых адрасах і вельмі задаволеныя вынікамі. Людзі задаволеныя, што іх не забылі, што іхні подпіс ня зьнік, што гэтая тэма працягваецца. Для іх важна, што мы працягваем рабіць сваю справу, і яны нас збольшага з задавальненьнем падтрымліваюць.