Расея прагаласуе супраць праекту рэзалюцыі Рады Бясьпекі ААН аб стварэньні міжнароднага трыбуналу па авіякатастрофе малайзійскага «Боінгу» на ўсходзе Ўкраіны. Пра гэта ў панядзелак заявіў сталы прадстаўнік Расеі пры ААН Віталь Чуркін.
Паводле яго слоў, у выпадку, калі дакумэнт набярэ неабходныя для прыняцьця дзевяць з 15 галасоў краін-сябраў Рады Бясьпекі, расейская дэлегацыя скарыстаецца правам вета.
Разам з тым, ён выказаў надзею, што малайзійскі праект аб стварэньні трыбуналу ня будзе пастаўлены на галасаванне.
«У мяне ёсць такая надзея, таму што я зусім ня бачу, што і як ад гэтага выйграе», — сказаў Чуркін.
Галасаваньне па праекце рэзалюцыі, прапанаваным Малайзіяй, прызначана на сераду. Акрамя малайзійскіх уладаў ідэю падтрымліваюць Нідэрлянды, Аўстралія, Бэльгія і Ўкраіна.
«Боінг» авіякампаніі Malaysia Airlines, які ляцеў з Амстэрдама ў Куала-Лумпур, быў зьбіты 17 ліпеня 2014 года пад Данецкам, як мяркуецца, прарасейскімі сэпаратыстамі з выкарыстаньнем комплексу «Бук».
Ўсе, хто быў на борце — 298 чалавек — загінулі. Большасьць загінулых былі грамадзянамі Нідэрляндаў.