Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Расея нікога выдаваць не зьбіраецца», — маскоўскі экспэрт пра Міжнародны трыбунал па MH17


Канстанцін Калачоў
Канстанцін Калачоў

Прэзыдэнт Расеі Ўладзімер Пуцін асабіста выказаўся супраць прапановы аб стварэньні Міжнароднага трыбуналу, які б судзіў вінаватых за забойства пасажыраў і экіпажу малайзійскага «Боінга» год таму ў небе над акупаванай прарасейскімі баевікамі часткай Данбасу.

Малайзія зьвярнулася ў Раду Бясьпекі Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў з ініцыятывай стварыць трыбунал ААН для судовага перасьледу асоб, якія падазраюцца ў зьнішчэньні пасажырскага самалёта Малайзійскіх авіялініяў летась ва ўсходняй Украіне.

Прапанова была распрацавана сумесна зь пяцьцю краінамі, якія расьсьледуюць катастрофу рэйсу MH17 над тэрыторыяй пад кантролем прарасейскіх сэпаратыстаў, калі загінулі ўсе 298 пасажыраў. Чаму Расея рашуча пярэчыць ініцыятыве, Свабода спытала ў маскоўскага палітоляга, кіраўніка «Палітычнай экспэртнай групы» Канстанціна Калачова.

— Чаму Расея блякуе ў Радзе бясьпекі ААН рэзалюцыю пра трыбунал што да расьсьледаваньня катастрофы?

— Расея так робіць таму, што лічыць гэты трыбунал перадузятым і мяркуе, што вырак будзе не на яе карысьць. Кіраўніцтва краіны апасаецца, што Расею будуць вінаваціць ва ўдзеле ў гэтай трагедыі. Для кіраўніцтва важна, каб унутры краіны большасьць падзяляла афіцыйную вэрсію таго здарэньня, а таксама — каб у сьвеце афіцыйны пункт гледжаньня Расеі прысутнічаў. Прычым нават коштам канфлікту.

— А якая афіцыйная вэрсія трагедыі пануе ў Расеі?

— На самой справе адзінай вэрсіі няма. Розныя структуры агучваюць адрозныя сцэнары таго, што адбылося. Напрыклад, Сьледчы камітэт заяўляе, што малайзійскі «Боінг» быў зьбіты ракетай «паветра-паветра» ізраільскай вытворчасьці, авіяцыйныя экспэрты кажуць, што самалёт зьбіў украінскі «Бук». У выніку ўсё патанае ў інфармацыйным шуме — мноства вэрсіяў, мноства меркаваньняў, якія супярэчаць адно аднаму. Выходзіць, што кожны грамадзянін Расеі можа абраць вэрсію, якая яму больш падабаецца. Але тых, хто гатовы прызнаць магчымасьць таго, што самалёт быў зьбіты расейскай сыстэмай «Бук» з падкантрольнай апалчэнцамі тэрыторыі, у Расеі няшмат. То бок ёсьць калектыўнае адмаўленьне датычнасьці Расеі і гатоўнасьць паверыць у любую альтэрнатыўную вэрсію, абы яна ўскладала адказнасьць на ўкраінскі бок.

На месцы катастрофы
На месцы катастрофы

— Ці магчыма, што ў выніку Расея выдасьць нейкую групоўку сэпаратыстаў у якасьці адказных і тым самым абеліць сябе?

— Расея нікога выдаваць не зьбіраецца. Ёсьць вялікая праблема. Таму што нават калі гэта былі апалчэнцы, узьнікае пытаньне, дзе яны ўзялі сыстэму «Бук». Ёсьць дзьве вэрсіі. Першая — сыстэма належала Ўкраіне, але была захопленая апалчэнцамі. Другая — сыстэма належыць Расеі і перасекла расейска-ўкраінскую мяжу. Калі Расея прызнае, што адказнасьць нясуць апалчэнцы, то даводзіцца і вырашаць пытаньне пра прыналежнасьць супрацьпаветранай сыстэмы, зь якой быў зьбіты самалёт. Цяпер тыя, хто на міжнародным узроўні расьсьледуе катастрофу, схіляюцца да таго, што «Бук» расейскі. Але Расея не гатовая прызнаць гэты факт і ня будзе гатовая ніколі і ні на якіх умовах. Калі б паводле міжнароднай вэрсіі лічылася, што ўстаноўка належыць Украіне, але была захопленая апалчэнцамі, — то тады Расея магла б пагадзіцца з такой вэрсіяй.

Прарасейскі сэпаратыст на месцы крушэньня
Прарасейскі сэпаратыст на месцы крушэньня

— Як доўга Расея будзе блякаваць трыбунал і адмаўляць свой удзел?

— Насамрэч, разбор можа быць і бяз згоды Расеі. Пытаньне ў тым, ці прызнае яна высновы трыбуналу. Відавочна — не прызнае. Расея будзе адмаўляць любыя прадстаўленыя трыбуналам доказы і ўскладаць усю адказнасьць на Ўкраіну. І тут справа ня толькі ў міжнародных наступствах такога прызнаньня з боку Расеі, але і ў тым, што гэта было б вельмі кепска з пункту гледжаньня ўнутранай палітыкі. Калі прызнаць, што цягам году расейскую грамадзкасьць падманвалі што да катастрофы з малайзійскім «Боінгам», то зьявіцца вялікі недавер да фэдэральных СМІ. Людзі падумаюць, што калі падманвалі ў адным, то, відаць, хлусілі і ў другім, і ў трэцім. Тады ўся створаная канструкцыя, уся кансалідацыя грамадзтва можа пасыпацца. Таму Расея будзе адмаўляць сваю датычнасьць і да моманту агучваньня высноваў трыбуналу, і пасьля яго. У агляднай пэрспэктыве Расея не прызнае сваю датычнасьць.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG