Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Магілёўская сэнсацыя, ці нашто нам доказы


Старшыня Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў, намесьнік дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Алесь Суша ў допісе на Свабоду адгукнуўся на зьвесткі пра сэнсацыйную знаходку запісу пра кнігу «Апостал», якая нібыта была выдадзеная ў 1504 годзе ў Магілёве.

«Днямі інтэрнэт, а за ім і многія мэдыі абляцела сэнсацыйная навіна: першую беларускую кнігу надрукавалі ў Магілёве за 13 гадоў да Скарыны!!! Навіна і праўда захапляльная, дадае нам нацыянальнай гордасьці! І гонару! Чаму ж не крычаць пра гэта з кожнага слупа? Чаму ж не перадрукаваць ва ўсіх газэтах? Чаму б каторы раз не перапісаць чым хутчэй нашы падручнікі па гісторыі, літаратуры, культуралёгіі...


І тут лепш не задавацца лішнімі пытаньнямі, лепш не зьвяртацца да экспэртаў-кнігазнаўцаў, лепш не удакладняць інфармацыю па іншых крыніцах — а то, не дай Бог, сэнсацыя сарвецца. Гэтак адбылося і ў нашым выпадку: аніяк не правяраючы інфармацыю, далі яе ў эфір. І паўсюдная эўфарыя захапіла народныя масы!


І нічога, што на праверцы тая інфармацыя можа аказацца беспадстаўнай. І нічога, што над беларусамі і іх легкавернасьцю будуць пасьміхацца. І нічога, што абвяржэньне чарговай нагоды для гонару можа зрабіць нам толькі шкоду...


У такіх выпадках лепш спачатку праверыць інфармацыю, удакладніць яе сапраўднасьць цудоўнай весткі, а пасьля крычаць пра адкрыцьцё. То паспрабуем жа трошкі разабрацца з фактамі.


Як адзначана ў сэнсацыйных навінах, «украінская дасьледчыца старадрукаў Святлана Кагамлык лічыць, што першая беларуская друкаваная кніга зьявілася ў 1504 годзе — на 13 гадоў раней, чым Францішак Скарына ў Празе выпусціў „Псалтыр“». І яшчэ: «У архівах Кіева-Пячэрскай Лаўры знойдзеныя дакумэнты, якія пацьвярджаюць, што ў 1504 годзе быў выдадзены магілёўскі старадрук. Гэтая інфармацыя ўтрымліваецца ў пераліку друкаваных кніг 18 стагоддзя. Гэта толькі пералік, рэестар, але ня сам старадрук. Самой кнігі, якая называецца „Апостал“ і была надрукаваная ў 1504 годзе ў Магілёве, пакуль ніхто не знайшоў». Гэту інфармацыю «падаў у народ» дырэктар Музея гісторыі Магілёва Аляксей Бацюкоў.

Што ж давайце разбірацца. І пачнём з канца.

Па-першае, самога такога старадрука няма і ніколі нікім не было зафіксавана ні ў адной зь бібліятэк свету. Рэальны старадрук, выдадзены ў Магілёве, на вялікі жаль, мы нідзе пабачыць ня можам.

Па-другое, у Магілёве пачатку 16 стагодзьдзя, на жаль, не існавала адпаведных умоў для заснаваньня друкарні: горад ня меў магдэбурскага права, буйных манастыроў, вышэйшых навучальных ўстаноў... ня быў нават цэнтрам павету і цэнтрам эканоміі. Што казаць, калі такіх умоў не існавала ні ў адным з гарадоў Беларусі таго часу. Іх не існавала нават у сталіцы Вялікага Княства Літоўскага — Вільні, дзе двума дзесяцігоддзямі пазьней Францішак Скарына распачаў кнігадрукаваньне (і тое толькі пасля таго, як шмат папрацаваў у Празе, дзе кнігавыдавецкія традыцыі ўжо налічвалі некалькі дзесяцігодзьдзяў). Сюды ж ён перавёз з Прагі шрыфты, гравіравальныя дошкі, а магчыма і майстроў. Прынамсі ў 1530 годзе ён употай хацеў вывезьці з Кёнігсбэрга майстра-друкара для таго, верагодна ж, каб працягнуць у Вільні сваю працу. Пра адсутнасьць умоў для заснаваньня кнігадрукаваньня (тэхналёгія, тэхніка, шрыфты, папяровыя млыны, гравёры, друкарскія работнікі і інш.) у тагачасным Магілёве мог бы распавесьці любы кнігазнавец, але, на жаль, у іх пра гэта не спыталі.


Па-трэцяе, ні адна з беларускіх летапісных крыніц не захавала зьвестак пра такі важны факт, як зьяўленьне ў Магілёве свайго кнігадрукаваньня. Нават уласна магілёўскія хронікі, якія вяліся ажно да 19 стагодзьдзя і захавалі самыя падрабязныя апісаньні гісторыі горада ня згадваюць пра такі важны факт. Няма яго і ў Мэтрыцы Вялікага Княства Літоўскага. Няма ні ў адной зь вядомых на сёньня гістарычных крыніц таго часу. Чаму? Бо і факта такога, відавочна, не было.


Па-чацьвёртае, дакладнасьць зьвестак у падобных рукапісных рэестрах, як знойдзены, вельмі ўмоўная. Часта ў іх прыводзяцца памылковыя зьвесткі, апісаньні кніг даюцца з апіскамі. Таму яны могуць успрымацца толькі ў якасьці другасных крыніц інфармацыі і заўжды патрабуюць рознабаковай праверкі. Каб пераканацца ў гэтым, дастаткова праглядзець хаця б зь дзясятак падобных рэестраў. Але каб далёка не хадзіць, глянем у працытаваны рэестр з «магілёўскім Апосталам». Адразу ж пасьля яго названы нейкі Трэфалогій друку Наўгародскага 1685 г. Але мы добра ведаем, што ніякага Трэфалогія ў гэтым годзе ні ў адным з Ногарадаў не выходзіла. У беларускім Наваградку, як і ў Ніжнім і ў Вялікім Ноўгарадзе на той час кірылічнае кнігадрукаваньне проста не існавала, а ў Ноўгарадзе-Северскім, пра каторы магла б ісьці гаворка, друкарня Лазара Барановіча дзейнічала толькі да 1679 г., калі яна была перанесеная ў Чарнігаў. Адным словам, ніякага Трэфалогія Наўгародскага друку 1685 г. навука не ведае (як і згаданага яшчэ ніжэй кіеўскага Буквара з талкаваньнем), але ж чамусьці ўкраінскія дасьледчыкі ня кінуліся біць у званы з сэнсацыйнай знаходкай новага ўкраінскага выданьня. Не зьдзіўлюся, калі яны і цяпер стаяць у баку і пасьміхаюцца з амбітных беларусаў. Упэўнены, што многія з украінскіх кнігазнаўцаў бачылі згаданы рэестар, але правільна на яго зрэагавалі — з разуменьнем відавочнай яго недакладнасьці.

Па-пятае, усе іншыя выданьні ў згаданым рэестры (а іх там толькі дзесяць) датуюцца канцом 17 — пачаткам 18 стагоддзя. Таму найбольш верагодным выглядае, што складальнік рэестра зрабіў памылку, запісваючы час выхаду кнігі. Мы ведаем, што Апостал выдаваўся ў Магілёве ў 1638 годзе, але з пазначэньнем месца выданьня як Кіеў, таму малаверагодна, што складальнік рэестра мог апісваць гэту кнігу. Наогул жа беларускімі друкарнямі да часу складання рэестру Апостал выдаваўся ў Вільні (Скарынам у 1525; Мамонічамі ў 1591, каля 1592 і пасля 1595; віленскай брацкай друкарняй каля 1596, у 1623, 1641), Еўі (у 1611), Куцейне (каля 1632, у 1652). Некаторыя зь іх выйшлі не самастойна, а ў складзе выданняў Новага Запавету з Псалтыром.

Па-шостае, усе іншыя выданні з рэестру той жа бібліятэкі ў вёсцы Ялоўка (Ялуўка) паходзяць з усходнеўкраінскіх друкарань у Кіеве, Чарнігаве і Ноўгарадзе-Северскім (?), а адна з Масквы. Таму магчымай падаецца і памылка складальніка ў вызначэнні месца друкавання кнігі — на той час Апостал шматразова выдаваўся як украінскімі, так і расейскімі друкарнямі. Але канешне ж не ў 1504 годзе.


Па-сёмае, сама вёска Ялоўка мае не вельмі багатую гісторыю. Найбольш раньнія са знойдзеных намі крыніц, дзе згадваецца гэта вёска і яе царква, датуюцца 18 стагодзьдзем. Як паказвае практыка, найбольш старажытныя рукапісы і старадрукі захоўваліся найчасьцей у старажытных духоўных і кніжных цэнтрах. Гэта, як і значна больш позьняе датаваньне ўсіх іншых кніг з рэестру зьяўляецца чарговым сьведчаньнем на карысьць памылкі складальніка гэтага спісу.
Урэшце восьмае. Спасылка на аўтарытэтную ўкраінскую даследчыцу, якую для большай пэўнасьці ў нас ужо пасьпелі назваць «украінскай дасьледчыцай старадрукаў» таксама выглядае не вельмі ўдалай. Сьвятлана Кагамлык сапраўды зьяўляецца гісторыкам, але ні спэцыялістам у старадруках, ні дасьледчыкам беларускага кнігадрукаваньня, ні нават спэцыялістам па 16 стагодзьдзі яна не зьяўляецца. Як сьведчаць яе публікацыі і кандыдацкая дысэртацыя, яна займалася тэматыкай культурна-асьветніцкай дзейнасьці Кіева-Пячорскай Лаўры ў другой палове 17 — 18 стагодзьдзі, вывучала архівы Лаўры, даследавала жаночы і іншыя фактары ў фарміраваньні ўкраінскай эліты 17–18 стагодзьдзяў, цікавілася праваслаўным духавенствам у часы Расейскай Імпэрыі, украінскімі царкоўна-асьветніцкімі асяродкамі, спадчынай украінскай эміграцыі... Многа чым, але ўласна старадрукамі амаль не займалася, а беларускімі ды яшчэ і 16 стагоддзя — то дакладна. Таму фраза «ўкраінская даследчыца старадрукаў Сьвятлана Кагамлык лічыць, што першая беларуская друкаваная кніга зьявілася ў 1504 годзе» выглядае вельмі дзіўна. Гэтаксама дзіўным можа падацца яе выказваньне пра магчымасьць падрыхтоўкі гэтай кнігі Францішкам Скарынам, што можа быць зьвязана зь няведаньнем гісторыі беларускага кнігадрукаваньня: у 1504 годзе Скарына, будучы яшчэ зусім маладым юнаком (каля 14 гадоў) толькі паступіў у Ягэлёнскі ўнівэрсытэт у Кракаве і яшчэ не пазнаёміўся з працай праскіх друкароў.
Таму, натуральна, кожны мае права на любое меркаваньне. Але, скажам, калі б хірург пачаў казаць, што ён адкрыў новы хімічны элемэнт і ня здолеў бы прадставіць яго іншым навукоўцам, то да яго вынаходзтва паставіліся б зь, мякка кажучы, некаторым недаверам. Ды што казаць: калі б спэцыяліст па французскай мове пачаў разважаць пра скланеньне назоўнікаў у беларускай мове ды яшчэ бяз доказаў, то, відаць, у дачыненьні да яго выказваньняў было б некаторае непаразуменьне. Прыблізна з такім недаверам і непаразуменьнем успрынялі кнігазнаўцы навіну пра «магілёўскую сэнсацыю». Усё ж у навуковых колах прынята спачатку зрабіць адкрыцьцё, а пасля пра яго актыўна заяўляць, а не наадварот.


Таму, натуральна, падобныя зьвесткі неабходна праверыць. Любы шанец зрабіць падобнае адкрыцьцё неабходна выкарыстаць, нават у такой амаль беспэрспектыўнай для пошукаў сытуацыі. Таму трэба было б прыслухацца да разумнай думкі Аляксея Бацюкова: «Хутчэй за ўсё гэта нечая памылка... Тым ня менш мы зьбіраемся правесьці сваё дасьледаваньне». А каб не рабіць лішніх крокаў і беспадстаўных высноў, вельмі б параіў ініцыятарам гэтых дасьледаваньняў заручыцца падтрымкай спэцыялістаў па кнігадрукаваньні на беларуска-ўкраінскіх землях у 16 стагоддзі — такія ёсьць і ў Беларусі, і ва ўсіх суседніх краінах.


На мой жа асабісты погляд, пакуль няма ніякіх падстаў казаць пра магчымае існаваньне магілёўскага выданьня 1504 года. Любы дасьледчык, які шмат працаваў з падобнымі рэестрамі царкоўных бібліятэк, можа зрабіць безьліч падобных сэнсацыйных адкрыцьцяў. У дадзеным выпадку мае месца нярэдкая, на жаль, зьява, калі неправераныя зьвесткі з крыніцы, якая сама па сабе выклікае шмат пытаньняў, былі «кінуты ў народ» без адпаведнага тлумачэньня і ўдакладненьня. Адчуваньне такое ж, як было калі пасьля некалькіх месяцаў сэнсацыйных заяў пра знаходку ў 2011 годзе ў Расонскім раёне тысячагадовага паганскага ідала раптам высьветлілася, што гэта «дзіўная статуя, аналягаў якой няма ў славянскім сьвеце» і «знаходка сусьветнага значэньня» зьяўляецца падробкай і сучасным вырабам. То давайце не будзем самі сабе ствараць новых ідалаў!"

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG