Мастак-дэкаратар са Слоніма Надзея Салейка прыдумала, як рабіць гліняныя рэчы пад мэталічныя, прычым гэтак, што кавалі не адразу іх распазнаюць. Да гэтага далучыла дрэва, тканіну, скуру ды іншае... Цяпер сама ня можа вызначыць, у якім стылі працуе. Але ейныя творчыя працы пасьпяхова прадаюцца. За год яе майстэрню наведваюць да трох тысяч чалавек.
Дом Надзеі Салейка на ўскрайку Слоніма адметны: у двары — драўляныя фігуры, дэкаратыўна аздобленыя арэлі, невялікі млын, фантан. Усё, нават лаўкі, зроблена па-мастацку. Спадарыня Надзея зрабіла невялічкі музэй са сваіх працаў на паддашшы. Тут мы сядзім сярод іх і размаўляем.
Карэспандэнт: Насамрэч, ваша кераміка нагадвае мэтал, і вельмі цяжка ў гэтым засумнявацца...
Салейка: Я доўгі час ляпіла толькі з гліны, у мяне ўсё было тут застаўлена керамікай. Але пастаянна хацелася нейкіх новых рэчаў. Я шмат думала, як надаць кераміцы новы выгляд, і прыйшла да высновы, што лёгка магу імітаваць гэтыя ўдары молата па мэталу на гліне. Нават дадумалася, як імітаваць зварку — запраўляю шпрыц і раблю на гліне шоў, і кавалі не пазнавалі, што гэта такая вось падманка. Многія папросту не маглі даць веры, што гэта кераміка, а не мэтал.
Карэспандэнт: Але вашы працы ня толькі ператварылі кераміку ў мэтал, у іх спалучаецца і тканіна, і скура, і тынк, і яшчэ самыя розныя матэрыялы. Гэта вашы фантазіі ці матэрыялы самі так прыцягваліся адзін да аднаго ў працэсе працы?
Салейка: Насамрэч, яно само ўсё дадавалася. Я проста раней працавала з гэтымі матэрыяламі і добра ведаю іх каштоўнасьць. Я ведаю, якая тканіна складаецца зь дзьвюх нітак і што атрымліваецца, калі адну дастанеш — імітацыя арнамэнту. Усе гэтыя матэрыялы ляжалі ў мяне пад рукой, і я іх выкарыстоўвала.
Карэспандэнт: Як вы самі вызначаеце стыль, у якім працуеце?
Салейка: Пакуль такога слова няма. Я называю свае працы папросту — дэкаратыўна-прыкладное пано з гліны. Людзі, калі набываюць іх, то думаюць, што гэта мэтал, але я іх папярэджваю, што малатком па маіх працах лепей ня стукаць.
Карэспандэнт: Наколькі я разумею — у вас не было і ніякіх настаўнікаў...
Салейка: Так, ніколі не было, я да ўсяго даходзіла сама. Мне напачатку было нават і крыўдна, бо ў Слоніме былі раней майстры, я да іх зьвярталася, але бачыла, што перашкаджаю. І таму сама ішла да гэтага індывідуальнага почырку.
Карэспандэнт: Вы таксама цяпер ні з кім ня дзеліцеся сваімі сакрэтамі?
Салейка: Ды няма ў мяне такіх сакрэтаў у творчасьці, каб іх трэба было хаваць. Як і ў любой іншай працы, самае галоўнае — быць максымальна зацікаўленым тым, што ты робіш, і не адыходзіць ад сваёй працы. Справа павінна жыць у табе і ўвесь час цябе тачыць. Я ніякіх плянаў не будавала, не даведвалася пра адмысловыя тэхналёгіі, я проста працавала, і само па сабе ўсё прырастала. Шмат што атрымлівалася з маіх назіраньняў. Нават гэтыя рамкі, якія цяпер раблю — гэта звычайнае гнільлё, якое ніхто ня возьме нават на дровы, а як глядзяцца арыгінальна. І так усё астатняе.
Карэспандэнт: Надзея, сярод вашых працаў амаль не сустракаюцца нацыянальныя матывы, хоць сама кераміка — вельмі традыцыйнае беларускае мастацтва, нашы продкі заўсёды ляпілі з гліны. Чаму ў вашых вобразах не знаходзіцца для гэтага месца?
Салейка: У мяне на роднай мове ёсьць і песьні, і вершы, але я скончыла школу на расейскай мове і тата мой з Расеі. Магчыма, у мяне такое сэрца, і я раблю такое, што ёсьць у мяне ўнутры. Але я вельмі люблю Беларусь, хоць размаўляю на той мове, на якой думаю. І я, і мая сям’я — мы ніколі не пераедзем у іншую краіну. Маё сэрца прывязана да гэтае зямлі і да гэтых традыцыяў, і гэта мне падабаецца.
Карэспандэнт: Наколькі ваша творчасьць камэрцыялізаваная? Ці вы ўсё ж імкняцеся перш за ўсё не прадаць, а стварыць...
Салейка: Абавязкова на першым пляне ў мяне мастацкая вартасьць у творчасьці. Вядома, прыемна, што мае творы запатрабаваныя. Але калі б мне прапанавалі працу ў дзесяць разоў больш аплатную, я б усё роўна ня кінула таго, чым займаюся, бо гэта маё асноўнае захапленьне ў жыцьці. І нават калі б мае працы не купляліся, я ўсё роўна працягвала б іх рабіць.
Карэспандэнт: Да вас у майстэрню часта наведваюцца людзі, набываюць вашы працы. А што вы думаеце пра тое, як сёньня людзі ставяцца да мастацтва?
Салейка: Не магу сказаць пра ўсіх, але адзінае магу сказаць, што ў нас яшчэ не было ніводнай экскурсіі, каб людзі не выказвалі мноства эмоцыяў. Я думаю, што сапраўднае мастацтва, творчасьць кранае чалавека. Гэта датычыць усіх відаў мастацтва, галоўнае, каб мастацтва сапраўды было высокае. Яно папросту не пакіне любога чалавека абыякавым.