На пытаньне Свабоды «Каго вы бачыце наступным прэзыдэнтам Беларусі?» адказваюць жыхары Гомеля.
Гамяльчук у гадах: «Я ня бачу яшчэ кандыдатаў. Ведаю, што дзейны прэзыдэнт балятуецца, зьбіраецца балятавацца. А хто яшчэ — ня ў курсе. Рэгістрацыя ж толькі пачалася — адкуль жа я буду ведаць? Пачнецца рэгістрацыя, пазнаёмлюся зь іх праграмамі і вызначуся канкрэтна».
Малады чалавек: «Цяжка сказаць, трэба падумаць. Я падумаю!»
Мужчына сярэдняга ўзросту, шпацыруе з сабачкам: «Лукашэнку! Ён жа вёску падымае, калгасы. Аграгарадкі парабіў. Чыста, культурна паўсюль. І галоўнае — мір».
Гараджанін, на выгляд адстаўнік: «У прынцыпе, кандыдатаў няма, бо ніхто нармальна не прапануе сябе другім кандыдатам. Калі й ёсьць апазыцыя, то, на жаль, яна коціць бочкі на дзяржаву. Гэта кепска. Каб стаць прэзыдэнтам, патрэбна добрая каманда. Эканамісты павінны быць, добрыя юрысты. У такім разе можна нешта зрабіць для дзяржавы. А калі прыходзяць проста так, то нічога ня будзе».
Малады інжынэр, які працуе рабочым: «Калі я гэтых людзей ня ведаю, што яны зь сябе ўяўляюць, то як я магу за іх галасаваць.? Выбіраю таго, каго ведаю. А ведаю я Аляксандра Рыгоравіча (сьмяецца). Складана нешта меркаваць пра людзей, калі іх чуеш першы раз перад выбарамі».
Беларускі азэрбайджанец, ахоўнік і грузчык на прадпрыемстве: «У мяне двое дзяцей, карміць няма чым. У буфэце я бяру прадукты ў доўг, каб карміць дзяцей. Цяпер я на дзьвюх працах. Каго хачу бачыць прэзыдэнтам? Я люблю прэзыдэнта Лукашэнку — дай бог яму здароўя».
Малады пэсыміст: «Мне ўсё адно. Улада знаходзіцца ў тых, каго б я не хацеў бачыць».
Мужчына сярэдніх гадоў: «А там трэба выганяць усіх. Старыя! Мясьніковічы, сямашкі... Ну што гэта такое? Маладым дарогі няма».
Пэнсіянэр: «Найбольш карысны цяпер для дзяржавы — Лукашэнка. Проста ня маю інфармацыі пра ягоных канкурэнтаў».
Маладая жанчына: «Лукашэнка будзе, больш ніхто. Быў ён і будзе, я ўпэўнена».
Малады гамяльчук: «Не хаджу, не выбіраю — ня ведаю. Бюракратыя — нельга ні да кога дастукацца. Ня ведаю, штосьці трэба рабіць, трэба мяняць».
Прадпрымальнік: «Сябе — і толькі, больш нікога».
Пэнсіянэрка: «Хто быў, той няхай і будзе. Падабаецца палітыка ягоная, адносіны да людзей».
Саракагадовы гамяльчук: «Пакуль нікога, бо рэальнай канкурэнцыі няма. І выбараў таксама. Выбары — гэта калі выбіраюць, а ў нас не выбіраюць. Апазыцыя павінна „перафарматавацца“. Да ўлады павінны прыходзіць тыя лідэры апазыцыі, якія хоць бы паміж сабой могуць дамовіцца».