«Каго вы бачыце наступным прэзыдэнтам Беларусі?» — з такім пытаньнем наш карэспандэнт зьвярнуўся да гарадзенцаў.
Мужчына пэнсійнага веку: «Я хацеў бы бачыць прэзыдэнта, які стаіць за народ, за нашу тэрыторыю, за адзінства, згуртаванасьць і энэргію. Нам цяпер такіх людзей не паказваюць, каб мы маглі сказаць: гэта замена Лукашэнку. Пакуль нам ніхто пра іх не гаворыць, але відавочна: калі зьявяцца такія — народ пойдзе па гэтым выбары».
Мужчына сярэдняга веку: «Лукашэнку я ня бачу болей прэзыдэнтам, я яго не люблю».
Ягоная жонка: «Пытаньне, вядома, цікавае, але Лукашэнку я б болей не хацела бачыць прэзыдэнтам. Але мы ня ведаем, каго тут абіраць, хто будзе лепшы. А Лукашэнка нічога добрага нам не зрабіў».
Мужчына пэнсійнага веку: «Больш няма каго абіраць, акрамя Лукашэнкі, там няма такіх. А Кабякова яшчэ мала ведаюць. Лукашэнка будзе так ці інакш, хацелі б гэтага ці не, а ён будзе ўсё роўна».
Жанчына сярэдняга веку: «Хацелася б разумнага, прыстойнага чалавека, сярэдняга веку. Ім павінен быць мужчына, каб мог нечага дамагчыся для людзей».
Малады мужчына: «Ня ведаю я наагул ні ад апазыцыі нікога і наагул нікога, а Лукашэнку болей не хачу. Прэзыдэнтам павінен быць той, хто любіць нашу Радзіму».
Мужчына пэнсійнага веку: «Не магу вам нічога сказаць, я напэўна ня буду галасаваць зусім. Мне здаецца, што выбары ў нас не зусім сумленныя. Я цяпер нават ня ведаю, каго я хачу, дый наагул цяпер ня бачу сэнсу ў гэтых выбарах. Я да гэтага часу заўсёды хадзіў, а цяпер мне здаецца, што гэта бессэнсоўна. Такая мая думка».
Мужчына пэнсійнага веку: «Толькі за цяперашняга буду галасаваць, бо мы добра жывём, горад прыгожы, чысты...»
Ягоная жонка: «Пэнсію своечасова атрымліваем, дзеці пры кватэрах, у крамах усё ёсьць, нам усяго хапае. Ну проста прыемна глядзець на гэтае жыцьцё, хочацца жыць і радавацца...»
Малады мужчына: «Я б хацеў, каб новым прэзыдэнтам стаў міністар замежных спраў Макей. Апошнім часам ён стаў больш заўважны, часьцей недзе езьдзіць, вырашае нейкія пытаньні. Такая асоба заўважная».
Ягоная жонка: «Я таксама за Макея — выглядае вельмі прадстаўніча...»
А што вы думаеце пра выбары? Што кажуць вашыя сябры ці сваякі? Пішыце ў камэнтарах ці нам на пошту svaboda@rferl.org