Рада Беларускай Народнай Рэспублікі заяўляе, што ніякія выбары ня могуць лічыцца законнымі і справядлівымі без выкананьня базавых дэмакратычных нормаў, без стварэньня атмасфэры для свабоднага волевыяўленьня і без забесьпячэньня аднолькавых умоваў для правядзеньня перадвыбарчае кампаніі для ўсіх кандыдатаў, у тым ліку прадстаўнікоў апазыцыі.
У афіцыйнай заяве Рады БНР канстатуецца, што на дадзены момант у Беларусі адсутнічаюць умовы для правядзеньня свабодных і дэмакратычных выбараў.
Рада БНР адзначае, што ў інфармацыйным полі Беларусі дамінуюць дзяржаўныя СМІ, якія выконваюць прапагандысцкія задачы на карысьць аўтарытарнага рэжыму Аляксандра Лукашэнкі. Незалежныя журналісты, у тым ліку журналісты тэлеканалу «Белсат», Радыё Рацыя, рэгіянальных СМІ, знаходзяцца пад безупынным ціскам з боку ўладаў.
У заяве сьцьвярджаецца, што за кратамі застаюцца некалькі палітычных вязьняў, у тым ліку кандыдат у прэзыдэнты на выбарах 2010 году Мікалай Статкевіч. Працягваецца незаконны ціск з боку ўладаў на актывістаў, палітыкаў, грамадзкія і палітычныя арганізацыі, якія выказваюць крытыку на адрас рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.
Рада БНР заклікае ўлады Рэспублікі Беларусь гарантаваць грамадзянам краіны дэмакратычныя правы і свабоды, замацаваныя ў тым ліку ў дзеючым заканадаўстве Рэспублікі Беларусь, стварыць у Беларусі перадумовы для правядзеньня паўнавартасных свабодных і справядлівых выбараў, пасьля чаго правесьці ў адпаведнасьці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусі і міжнароднымі дэмакратычнымі стандартамі перавыбары ва ўсе органы дзяржаўнай і мясцовай улады.
Рада БНР патрабуе неадкладнага вызваленьня і рэабілітацыі ўсіх беларускіх палітычных вязьняў: Мікалая Статкевіча, Юрыя Рубцова, Яўгена Васьковіча, Мікалая Дзядка, Ігара Аліневіча, Арцёма Пракапенкі, а таксама рэабілітацыі ўсіх раней вызваленых палітычных вязьняў.
Рада БНР заклікае міжнародную супольнасьць працягнуць ціск на афіцыйныя ўлады Рэспублікі Беларусь, каб дамагчыся абароны правоў чалавека і рэальных крокаў дзеля дэмакратызацыі палітычнага рэжыму ў Беларусі.