21 год таму, ідучы на свае першыя прэзыдэнцкія выбары, Аляксандар Лукашэнка абяцаў «запусьціць заводы». Ці выканаў ён тое сваё абяцаньне? Адказваюць гарадзенцы.
Мужчына перадпэнсійнага веку, рабочы на заводзе: «Ну возьмем, да прыкладу прадпрыемствы „Леспаперарама“. Калі верыць радыё, то з 9 буйнейшых прадпрыемстваў працуе толькі адно, а мільярд даляраў у гэта ўкладзена. Ну і хто вінаваты — на месцы нехта ці хто іншы? Але ж нехта вінаваты. Ну, а ў нас — дзе тыя заводы? Завод карданных валоў — на нулі, „Азот“ — больш-менш, ну і што тут больш узяць? Усё па нулях, і б’ем па хвастах, от, нешта робім, перарабляем... Мне здаецца, нешта ня тое, бо павінен быць прыбытак...»
Маладая жанчына: «Можа, якія-небудзь і запусьціў, а можа, фінансы ўсё ж не дазваляюць, бо цяпер крызіс: грошай няма, заробкі скарацілі, цэны на прадукты — касьмічныя, а дзяцей у школу апранаць трэба. Я вось ня ведаю, што ён там запусьціў...»
Мужчына сярэдняга веку, рабочы: «Некаторыя запусьціў, а некаторыя разваліў. Ня ён, вядома, сам разваліў — іншыя развалілі. Я б усё гэта начальства пасадзіў бы...»
Жанчына пэнсійнага веку: «Не зусім відавочна запусьціў, не зусім. Я ня ведаю чаму, але не зусім».
Малады хлопец: «Мне здаецца, што заводы цяпер ня вельмі працуюць, бо складаная сытуацыя ў краіне. Але, тым ня менш, мы павінны неяк рухацца наперад, не здавацца. І тут ня толькі прэзыдэнт павінен даваць абяцаньні, людзі таксама павінны ўкладаць у гэта сваю сілу і волю».
Малады хлопец: «Часткова ён запусьціў заводы, але ня ён адзін вінаваты ва ўсім. Трэба людзям сур’ёзьней ставіцца да ўсяго. А тое, што абяцаў, дык гэта нармальная справа. Любы чалавек, калі абіраецца, дае нейкія абяцаньні, хоча, каб за яго галасавалі. Гэта нармальная практыка, любы б так зрабіў».
Малады хлопец: «Думаю, выканаў свае абяцаньні. Мне здаецца, старыя заводы ўзьняліся і новыя зьявіліся. Магчыма, на раёне недзе падняліся заводы, бо ў Горадні і так усе працавалі: тытунёвая, „Азот“...»
Мужчына сярэдняга веку: «Мне здаецца, яму ўдалося падтрымаць іх настолькі, наколькі гэта магчыма, хоць цяпер гэта ня так проста. Радыкальна яго лаяць або хваліць ня трэба. Але, думаю, ён упраўляецца са сваімі абавязкамі».