Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Бульбяны» фэст у Германавічах


На Віцебшчыне прайшоў першы фэст, прысьвечаны бульбе.

Ініцыятарам стала заснавальніца культурна-адукацыйнага цэнтру імя Драздовіча і арганізатарка шматлікіх пленэраў Ада Райчонак.

Фэст адбыўся 27 чэрвеня ў Германавічах Шаркаўшчынскага раёну — у той самай вёсцы, дзе жыве Ада Эльеўна. А ў падрыхтоўцы ёй дапамагалі сябры, аднадумцы і нават журналісты, якія ня проста прыехалі сюды, каб напісаць пра сьвята, але й выпусьцілі адмысловыя «насьценгазэты», каля якіх з задавальненьнем фатаграфаваліся вяскоўцы.

Ада Райчонак
Ада Райчонак

«У Германавічах мае ідэі ня дужа падтрымліваюць — лічаць апазыцыянэркай, а таму трымаюцца наводдаль. Затое ў мяне шмат сяброў, якія дапамагаюць заўжды і ва ўсім. У нас некалі ладзілі бардаўскія фэсты, а вось сёлета мы вырашылі падысці да гэтага зь іншага боку — правесьці фэст, прысьвечаны бульбе. Яе спажывае ўся Беларусь, і ў нас захавалася шмат рэцэптаў дужа смачных страваў», — гаворыць Ада Райчонак.

Рэцэпты ўвасабляліся ў жыцьцё тут жа: двое дзяўчат проста ў двары на працягу ўсяго фэсту смажылі дранікі. А гаспадыні — сяброўкі Ады Эльеўны частавалі гасьцей стравамі з бульбы, прыгатаванымі загадзя.

На вялікіх сталах былі і клёцкі, і зразы, і тоўчаная бульба, і бульбяныя піражкі з журавінамі, мясам, грыбамі. Была і грыбная поліўка, і юшка зь мясцовай рыбы, якую гатавалі тут жа, на вогнішчы, у вялікім вядры — каб хапіла на тры-чатыры дзясяткі прысутных...

Эмблема фэсту — кветка бульбы
Эмблема фэсту — кветка бульбы

Бард Георгі Станкевіч
Бард Георгі Станкевіч

Была і «забаўляльная праграма»: сьпяваў бард Георгі Станкевіч, які прыехаў зь Бешанковічаў, а вядомая выканаўца беларускіх песень Тацяна Матафонава ня толькі сьпявала, але й навучала моладзь старадаўнім народным танцам.

Скокі пад кіраўніцтвам Тацяны Матафонавай
Скокі пад кіраўніцтвам Тацяны Матафонавай


Пачастункі перамяжаліся конкурсамі — віктарынамі пра бульбу і гісторыю тутэйшых мясьцін, Глыбоччыну і Шаркоўшчыну. Пераможцы атрымлівалі сувэніры, моладзь чытала вершы, старэйшыя запісвалі адно ў аднаго рэцэпты і спрачаліся, як трэба варыць юшку зь лінёў і карасёў «па ўсіх правілах» традыцыйнай беларускай кухні.

Плён працы журналістаў — насьценгазеты
Плён працы журналістаў — насьценгазеты

Пераможцам конкурсаў — сувэніры
Пераможцам конкурсаў — сувэніры

Напрыканцы Ада Эльеўна пачаставала ўсіх кісялём уласнага прыгатаваньня — з журавінаў, і вядома ж, «з бульбы» — бо які кісель без крухмалу! А госьці наперабой зычылі ёй, каб гэты фэст быў не апошні, каб зьбірацца так штогод, узнаўляючы традыцыі гатаваньня нацыянальных страваў.

Музыкі
Музыкі

Фэст так і не займеў агульнай назвы: Ада Райчонак прапанавала назваць яго «Германавіцкі бульбяны калейдаскоп», нехта агучыў прапанову — «Дранік-фэст», ці проста «Бульбяны фэст». Зрэшты, назва тут ня мае вялікага значэньня, бо сутнасьць імпрэзы зразумелая — гэта захаваньне традыцый і зносіны з сябрамі, зь якімі дужа прыемна зьбірацца разам за вялікім, шчодра накрытым сталом. І не на загад раённага аддзелу культуры, каб уразіць прыежджае начальства «этнаграфізмам», а ад шчырага сэрца.

Традыцыйнае і сучаснае
Традыцыйнае і сучаснае

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG