Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка прызнаў беларуска-швэдзкі дыпляматычны канфлікт вычарпаным


Будынак швэдзкай амбасады ў Менску. 8 жніўня 2012 году
Будынак швэдзкай амбасады ў Менску. 8 жніўня 2012 году

Надышла пара аднавіць поўнафарматнае супрацоўніцтва са Швэцыяй, — заявіў Аляксандар Лукашэнка, прымаючы 25 чэрвеня даверчыя лісты швэдзкага амбасадара Марціна Обэрга.

«Беларусь заўсёды выступала за ўзважаны, станоўчы і прагматычны дыялёг з усімі краінамі», — цытуе Лукашэнку дзяржаўнае агенцтва БелТА.

Швэцыя, адзначыў Лукашэнка, грае важную ролю ў рэгіянальных і субрэгіянальных працэсах на поўначы Эўропы:

«Яе голас важка гучыць у Эўразьвязе. Дый мы ніколі не хавалі, што нам ёсьць чаму павучыцца ў Швэцыі», — дадаў ён.

Марцін Обэрг зь ліпеня 2013 году працаваў у Менску ў рангу часовага паверанага ў справах Швэцыі ў Беларусі, а сёлета ў канцы красавіка быў прызначаны амбасадарам.

У жніўні 2012 году, пасьля «дэсанту» швэдзкіх плюшавых мядзьведзяў у Беларусі, паміж Менскам і Стакгольмам выбухнуў дыпляматычны канфлікт. Нагодай стала рашэньне беларускіх уладаў не працягваць акрэдытацыю швэдзкага амбасадара Стэфана Эрыксана, якога Менск абвінаваціў у дэструктыўнай дзейнасьці. У адказ швэдзкія ўлады заявілі, што ня прымуць новага амбасадара Беларусі, і рэкамэндавалі двум супрацоўнікам беларускай амбасады пакінуць Стакгольм. 30 жніўня абедзьве амбасады спынілі сваю працу. Функцыі швэдзкай амбасады ў Менску выконвала дыппрадстаўніцтва Эстоніі, беларускай у Стакгольме — амбасада Латвіі.

Вясной 2013 году беларускі бок акрэдытаваў у Менску часовага паверанага ў справах Швэцыі ў Беларусі. Разам з тым беларуская амбасада ў Стакгольме не працуе дагэтуль.

30 красавіка 2015 году, пасьля свайго прызначэньня паслом, Марцін Обэрг заявіў БелаПАН, што Швэцыя вітала б адкрыцьцё беларускай амбасады ў Стакгольме. «Мы гатовыя прыняць беларускую амбасаду. Спадзяемся, што яна будзе адкрыта. Але Беларусь — незалежная і сувэрэнная дзяржава <...>. Канчатковае рашэньне — за беларускім бокам».

Обэрг адзначыў, што ў Беларусі і Швэцыі «ёсьць шмат тэмаў, над якімі можна працаваць». У прыватнасьці, ён назваў гандаль, дзе ў краін «вялікі патэнцыял, але мала чаго адбываецца». «Ёсьць яшчэ прамыя кантакты паміж нашымі народамі, экалягічная і культурная сфэры. Ёсьць над чым працаваць», — сказаў новы пасол Швэцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG