Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кyky.org разблякавалі часткова: шэраг правайдэраў лічаць за лепшае пачакаць


Амаль праз тыдзень пасьля блякаваньня на загад Міністэрства інфармацыі сайта kyky.org асобныя правайдэры аднавілі доступ да папулярнага рэсурсу.

Але, як кажуць у рэдакцыі сайта, паколькі праблемы з наведваньнем старонкі яшчэ застаюцца, па-ранейшаму працуе рэзэрвовая пляцоўка па адрасе kyky.io.

Кіраўніцтва інтэрнэт-выданьня мела 22 чэрвеня сустрэчу зь першым намесьнікам міністра інфармацыі Ігарам Луцкім і юрыстам ведамства Юрыем Бябешкам. Чыноўнікі паабяцалі паступова аднавіць доступ да заблякаванага сайта, бо прэтэнзіі былі выпраўленыя, а праблемныя матэрыялы «зьнятыя». Ігар Луцкі параіў журналістам больш уважліва ставіцца да падбору тэмаў і аўтараў.

15 чэрвеня міністар інфармацыі Лілія Ананіч загадам № 233 абмежавала доступ да сайта kyky.org. Падставай для незадаволенасьці стаў зьмест чатырох артыкулаў: тэкст рэдактара Паўла Сьвярдлова «Парад перамогі над сабой» і тры калёнкі бізнэсоўца Аляксандра Кныровіча: «Пост дня. Подзьвіг аднаго — заўсёды злачынства іншага», «Чаму ня трэба хадзіць у царкву», «Мы яшчэ будзем рабіць трактары, але гэта ўсё ўжо будзе без эрэкцыі». Цяпер на месцы гэтых артыкулаў — «заглушкі».

Як гаварылася ў атрыманым рэдакцыяй паведамленьні, у згаданых публікацыях утрымліваюцца «прыніжальныя выказваньні ў дачыненьні да дзяржаўнага сьвята Рэспублікі Беларусь — Дня Перамогі. Аспрэчваецца значнасьць гэтай падзеі ў гісторыі дзяржавы, тым самым скажаецца гістарычная праўда аб Вялікай Айчыннай вайне. Таксама ў матэрыялах на сайце kyky.org прысутнічае табуіраваная лексіка, пагардлівыя, а часам і абразьлівыя выказваньні на адрас прадстаўнікоў пэўных сацыяльных групаў, нацыянальнасьцяў і рэлігійных канфэсіяў».

Пазьней стала вядома, што кампанію супраць kyky.org распачаў колішні ініцыятар «маўклівых» акцыяў, а цяпер прарасейскі «місіянэр» Вячаслаў Дзіянаў, якога «да глыбіні душы» абразілі публікацыі на папулярным моладзевым рэсурсе.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG