Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Біямэтрычныя візы не ўскладняюць пераход шэнгенскай мяжы


З 23 чэрвеня кансуляты Польшчы ў Беларусі распачынаюць выдачу шэнгенскіх біямэтрычных візаў.

З гэтай нагоды гарадзенскія журналісты былі запрошаныя генэральным консулам Анджэем Хадкевічам на памежны пераход Кузьніца Беластоцкая, дзе ім прадэманстравалі, як будзе выглядаць перасячэньне мяжы з новымі візамі.

Каб атрымаць шэнгенскую візу ў Генэральным кансуляце Польшы ў Горадні давядзецца здаць адбіткі пальцаў. Такім чынам, дакумэнты на візу цяпер можна будзе падаць толькі асабіста. Плянуецца, што першыя грамадзяне Беларусі з новымі біямэтрычнымі візамі накіруюцца ў Польшчу ўжо ў першыя дні ліпеня.

Зьнешне працэдура перасячэньня мяжы практычна не зьмяняецца. Калі чалавек перасякае мяжу на ўласным аўтамабілі, то падчас пашпартнага кантролю выходзіць з машыны да акенца памежніка і прыкладвае далонь на невялікі стацыянарны сканэр, які стаіць у памежніка на стале. Кіроўцы грузавых фураў пры перасячэньні мяжы не выходзяць з кабіны аўта, памежнік сам скануе адзін палец мабільным сканэрам.

Такім чынам, на мяжы падчас пашпартнага кантролю чалавек выходзіць з машыны да акенца памежніка і прыкладвае далонь на невялікі прыбор
Такім чынам, на мяжы падчас пашпартнага кантролю чалавек выходзіць з машыны да акенца памежніка і прыкладвае далонь на невялікі прыбор

Пры перасячэньні мяжы аўтобусам альбо цягніком пры падачы пашпарту для кантроля памежніку, які непасрэдна заходзіць у салён аўтобуса альбо вагон цягніка, прыкладваецца толькі адзін палец да мабільнага сканэра, які знаходзіцца ў руках памежніка. Паводле камэнданта Падляскага аддзелу аховы мяжы палкоўніка Анджэя Рытвіньскага, чалавеку, які адмаўляецца ад сканаваньня ягоных пальцаў, адмаўляюць ва ўезьдзе на тэрыторыю Польшчы.

Палкоўнік Рытвіньскі зьвяртае ўвагу на тое, што 90% тых, хто перасякае мяжу на памежных пераходах у Падляскім ваяводзтве, — беларусы, і таму важна іх праінфармаваць аб тым, што новаўвядзеньні зь біямэтрычнымі візамі не павінны стварыць дадатковых праблемаў падчас кантролю. Рытвіньскі запэўніў, што ягоныя падначаленыя будуць імкнуцца да таго, каб новая працэдура кантролю праходзіла як найлягчэй для грамадзянаў Беларусі.

Адбіткі пальцаў, узятыя падчас афармленьня візы, будуць лічыцца сапраўднымі на працягу 59 месяцаў — прыкладна пяць гадоў. Яны будуць захоўвацца ў сыстэме ВІС і могуць паўторна выкарыстоўвацца пры вырабе новых візаў. Дзеці да 12 гадоў адбіткі пальцаў не здаюць.

Паводле Генэральнага консула Рэспублікі Польшча ў Горадні Анджэя Хадкевіча, візавая інфармацыйная сыстэма ВІС дзяржаў- удзельнікаў Шэнгенскага пагадненьня была створаная 11 кастрычніка 2011 году. З таго часу зьдзяйсьняецца паступовае падключэньне да яе візавых аддзелаў усіх амбасадаў дзяржаў-удзельнікаў Шэнгенскага пагадненьня.

Да цэнтральнай базы дадзеных ВІС, якая знаходзіцца ў францускім Страсбуры, падключаюцца ўсе консульскія прадстаўніцтвы і кантрольна-прапускныя пункты на межах Шэнгенскай зоны. Інфармацыя са сканэра на мяжы даходзіць да Страсбура за хуткі час — ад 20 сэкундаў да аднае хвіліны. Беларусь стала 17 рэгіёнам, дзе пачынаюць выдаваць біямэтрычныя візы.

Анджэй Хадкевіч перакананы: «Біямэтрычныя візы — гэта элемэнт палітыкі Эўразьвязу, а не польскае новаўвядзеньне. І гэта тое, што дасьць магчымасьць дакладна індыфікаваць асобу чалавека, які перасякае мяжу — гэта асноўная мэта сыстэмы».

Падчас прэс-канфэрэнцыі на памежным пераходзе ў Кузьніца Беластоцкая. У цэнтры генэральны консул Польшчы ў Горадні Анджэй Хадкевіч і камэндант Падляскага аддзелу аховы граніцы палкоўнік Анджэй Літвінскі
Падчас прэс-канфэрэнцыі на памежным пераходзе ў Кузьніца Беластоцкая. У цэнтры генэральны консул Польшчы ў Горадні Анджэй Хадкевіч і камэндант Падляскага аддзелу аховы граніцы палкоўнік Анджэй Літвінскі

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG