З вострай крытыкай Расеі выступіў падчас Уроцлаўскага Глябальнага форуму польскі эўрадэпутат, намесьнік старшыні фракцыі хрысьціянскіх дэмакратаў Яцэк Сарыюш-Вольскі. Паводле яго словаў, «Менск» памёр і самы час разгледзець пытаньне паставак зброі ва Ўкраіну.
Палітык распавёў Радыё Свабода пра сваё бачаньне расейска-беларускіх адносінаў новай геапалітычнай сытуацыі і пра Лукашэнку, які «хістаецца з боку ў бок».
— Пару дзён таму амбасадар Сурыкаў заявіў, Расея будзе падтрымліваць Лукашэнку на найбліжэйшых выбарах. Як у Эўрапарлямэнце ацэньваюць гэтыя заявы?
— Ёсьць дзьве магчымыя інтэрпрэтацыі яго словаў. Калі Расея кажа, што будзе, то зробіць наадварот. Ведаем, што на папярэдніх выбарах Расея спрабавала ствараць альтэрнатыву для Лукашэнкі. Не для таго, каб выйграць, а для таго, каб дэстабілізаваць яго самога. Цяжка мне сказаць, што Расея робіць шчыра, а што не.
— Цягам апошніх месяцаў Лукашэнка зрабіў шэраг заявіў, якія ня вельмі спадабаліся б Пуціну. Нягледзячы на гэта, у Расеі, здаецца, працягваюць яго лічыць «сваім»...
— Цяжка сказаць, што Лукашэнку б дапамагло, калі выбары былі б вольныя і дэмакратычныя. Пры свабодных мэдыях, відаць, меў бы праблему з пераадоленьнем 50-працэнтнага бар’еру. Коратка кажучы, свабодная Беларусь выбрала б, хутчэй за ўсё, іншага прэзыдэнта. Але паколькі Расея не зьбіраецца дазволіць свабодныя выбары ў Беларусі, то ўсё, што яна кажа, ня вартае даверу.
— Ужо больш за год таму Лукашэнка пачаў выкарыстоўваць праўкраінскую і рыторыку. Але апошнія вайсковыя вучэньні на мяжы з Польшчай і Украінай ня вельмі адпавядаюць яго словам. Гэта што, скарачэньне так званага «павадка», на якім Пуцін трымае Лукашэнку?
— Трэба глядзець на тое, што робіць, а не на тое, што кажа. Тое, што кажа, мае на мэце заблытаць як Маскву, так і Захад. А таму ня варта ўспрымаць гэтыя мэандры сур’ёзна. Гэта хістаньні з аднаго боку ў іншы. Факты такія, што Беларусь мае супольную вайсковую прастору з Расеяй, факт — вучэньні на мяжы, факт, што калі Беларусь будзе патрэбная для перакідкі расейскіх войскаў, то гэта будзе зроблена. Таму я ня маю аптымізму, які пачынае зьяўляцца на Захадзе, як толькі ён ці яго прапаганда нешта там заявяць. А зь іншага боку, я ня думаю, што ён на 100% у абдымках Масквы. Ён гуляе сваю гульню, і адмоўным элемэнтам гэтай гульні ёсьць недахоп свабоды ў Беларусі.
— Шмат гаворыцца, што эўрапейскія інстытуцыі рыхтуюць адказ на расейскую прапаганду. Што будзе рабіцца ў дачыненьні Беларусі? Якая плянуецца падтрымка і дапамога?
— Так, ёсьць ідэі. У гэтым кірунку ўжо вядзецца праца. Створаная невялікія камісія ў межах Эўрапейскай дыпляматычнай службы, мае пэўныя інструмэнты і Эўрапейская камісія. Гэта будзе нешта, арыентаванае на ўсіх, ня толькі на Беларусь. За аснову будзе брацца расейская мова, зразумелая і ў Беларусі, і ў Расеі і Малдове, і ва Ўкраіне, і ў Грузіі, каб даць адказ расейскай прапагандзе. І неўзабаве будзе прадстаўленая справаздача Эўрапейскай фундацыі дзеля дэмакратыі, у якой будзе 5 прапановаў, што рабіць, а мы ў парлямэнце будзем старацца схіліць эўрапейскую камісію знайсьці сродкі на гэты праект.
— Ці будзе падтрымка ўжо існых мэдыяў?
— Давайце пачакаем справаздачы. Незалежныя мэдыі ўжо атрымліваюць падтрымку. Сам стараўся дапамагаць. Ведаю, што тых сродкаў недастаткова, але ўвогуле на ўсходнюю палітыку вылучаецца мала сродкаў. І ня ўсе ў Эўрапейскім зьвязе, кажучы наўпрост, ёсьць прыхільнікамі такой палітыкі цяпер.