Тэлевізар можна не ўключаць, але яна ўсё роўна ўсё жыцьцё прэцца ва ўсе шчыліны, не дае жыць спакойна. Таму што сама спакою ня мае. У яе гістарычная бяссоньніца і яна тузае за плячо суседа: ня сьпіш? З табой пад бокам засьнеш, як жа…
Расея – гэта шыла ў мяшку. Гэта двухвострая брытва, якая раніць сябе ды навакольных. Яна садамазахістка. А Беларусь – авечка, хочацца чым даўжэй пашчыкаць траўку. Наіўнае спадзяваньне накарміць ваўка салодкімі байкамі.
Расея ашалела аб бязьмежных земляў, уладкаваць якія ня здатная. Яна вар’яцкі дом і сам вар’ят у ім. Яна сябе самаспальвае і самапажырае. Па чарзе, ці адначасова. Як атрымаецца. Таму што ня ўмее асьцярожна з запалкамі. Спакойна, уежна, самадастаткова жыць ёй не цікава, яе пастаянна знутры штось грызе… Яе разрывае мяжа Эўропы і Азіі на целе і ўнутры, у мазгах.
У думках Беларусі – адцягнуць увагу Расеі, увесьці ў зман. Ня дзеля самой сябе, а каб прэзыдэнту было чым кіраваць. Сябе Беларусь ня цэніць, ня лічыць вартай існаваць асобна, годна, жыць сваім розумам.
Комплекс мачахі, якую ўсе абавязаныя любіць як маці, то зацямняе Расеі мазгі, то пад’юджвае. Беларусь прывыкла пры ёй быць другім гатункам, меншым братам ці сынам палка, калі датычыць армейскіх спраў.
Што аб’ядноўвае іх, дык пачуваньне ні госьцем, ні гаспадаром. Толькі што ў Расеі маштабы іншыя, глябальныя. Не дае жыць ні сабе, ні іншым. Як басурман у сваім жа доме. Мангола-татарская стрэмка не дае спакою. Нібы праглынула лыжку, а яна зь яе ня выйшла.
Заляцела ў космас, закружылася галава. Але не даравала Месяца – як права першай ночы тым янкі. Прычым яна ня можа вырашыць: напраўду было ці падманулі? Што містыфікацыя Кубрыка? Адчуваць сябе ў дурнях прыкра Расеі.
Расея не краіна, яна больш. Яна выдае дазволы на існаваньне іншых. БНР не дазволіла, дала па руках. А потым астыла крыху і адшкадавала шэсьць паветаў на мапе. Выкарыстала БССР пазьней, каб амаль да Варшавы яе зрабіць. Каб потым кінуць пад гусяніцы нямецкіх танкаў. Падступная, і ў сваіх вачах «грозная і справядлівая».
Расея трапіла ў няласку да самой сябе. Праз свой шалапутны і нязносны характар. Пакуль прымушала за агульным сталом усіх піць безупынна і конча да дна, бяседнікі сталі разьбягацца. Выключаючы Беларусь. Яна засталася. Прыніжана і самааддана.
Беларусі стала здавацца з часам, што далучыла да сябе Расею, што круціць ёю як захоча. Салодкая ілюзія. Так, гуляе на пачуцьцях, гэта праўда. Цёмных імпэрскіх пачуцьцях Расеі ля разьбітага карыта. Імпэрскіх адчуваньнях пакінутасьці і нелюбові.
Расея драпежніца. Нікому не даравала. І сабе таксама, што выпусьціла з кіпцюроў. Не даравала ўласнай ласкі, зробленай у прыпадку вялікадушша, уласнай часовай слабасьці. Яна нямала рабіла станоўчага, каб самой захапляцца і чакала любові ў адказ, няхай няшчырай, паказушнай.
Але дракон унутры ня спаў. А ў Беларусі стваралася ўражаньне, што мірна яго ўтаймоўвае, што зрабілася Георгіем з затупленай дзідай. Што ўдалося прыручыць, перавесьці на сена, у разрад траваежных. Але ў душы Беларусь ведае, што сама яна ёсьць падкормленым Расеяй для свайго дракона трусом, даволі тлустым, нерухлівым: наедку няшмат, але спакусна.
Беларусь любіць паўтараць, што маленькая, што кавалачак на мапе, каб выціснуць сьлязу замілаванасьці ў Расеі. І калі няхай не расчулілася, але часткова абяззброеная, не разявае пакуль пашчы, тут Беларусь нечакана здымае са сьцяны тэатральную дубальтоўку і зачынае бразгаць зброяй, выхваляцца перад старшай сястрою, якая яна баявая (ажно сама паверыла).
Але важна не перабаршчыць. Жар любові Расеі небясьпечны. Агонь з пашчы некантраляваны, гэта вам не фаерка. Нічога ў цябе, Беларусь, не атрымаецца з моркаўкай, з гароднінай і сенам, Расея любіць крывавыя біфштэксы. Як любіла іх, напрыклад, Нямеччына... Сама сябе накарміць ня можа, але занатурылася, адмовілася раптам браць з чужых рук, разявае пашчу на галаву дрэсіроўшчыка, які мае рэвальвэр з хлапушкай.
Ну што, Беларусь сінявокая, то авечкай ты выглядаеш, то як трус зь вялікімі шчырымі вачыма, якога шкада. Нават рэзьніку. Толькі ня рыцарам выглядаеш, якога закапала. Няма рыцара, сінявокая! А сьвятым Георгіем можаш выглядаць толькі ў наіўных снах. Ён жыве на Брытанскіх астравах, каб ты ведала. Так, ведаю, у душы ня рыцар застаўся, а толькі прысмак уласнай здрады, пячэ нутро.
Расеі здаецца, што была дойнай каровай. Што залатыя яйкі часам раздавала. А насамрэч здаралася пачкі купюр у печку кідаць, як у рамане «Ідыёт». Не суседзі вінаватыя былі, свой шалапутны характар.
Меркаваньне аўтара можа не супадаць зь меркаваньнем рэдакцыі.