«Мы не павінны дазволіць Пуціну гуляць з намі ў кошкі-мышкі, мы павінны будаваць нашыя дзеяньні на тым, каб мы ацэньвалі яго дзеяньні, а не наадварот. Мы павінны быць у вайсковым сэнсе, і ня толькі, падрыхтаваныя да самых розных сцэнароў. І трэба прызнаць, што „Менск“ памёр».
Яцэк Сарыюш Вольскі заявіў, што трэба разглядзець варыянт узбраеньня ўкраінскай арміі:
«Мы павінны інвэставаць у нешта такое, што мы рабілі ў Беларусі. Давайце не забываць, што ёсьць іншая Расея. Расея Паліткоўскай, Сахарава, Нямцова, Кавалёва і „Мэмарыялу“».
Уроцлаўскі Глябальны форум — штогадовая канфэрэнцыя, прысьвечаная трансатлянтычнай эканамічнай супрацы і палітычным сувязям паміж Эўрапейскім Зьвязам і Злучанымі Штатамі. Кожны год у панэльных дыскусіях, арганізаваных у межах гэтага мерапрыемства бяруць удзел некалькі сотняў палітыкаў, дыпляматаў, экспэртаў і прадстаўнікоў бізнэсу, у першую чаргу з Польшчы, краін Эўразьвязу і ЗША.
У праграме сёлетняга форуму заплянаваны шэраг дыскусіяў, падчас якіх будуць абмяркоўвацца, у прыватнасьці, пытаньні, якія тычацца дзеяньняў Расеі на ўсходзе Ўкраіны, будучыні Ўсходняга партнэрства, прагрэсу і праблемаў трансатлянтычнага партнэрства ў гандлі і інвэстыцыях. Уроцлаўскі Глябальны форум завершыцца ў суботу.