Былы прыёмны сын Ірыны Моцнай Аляксандар Пугачоў пакончыў з сабой. Гэтую інфармацыю пацьвердзіла tut.by яго сястра Крысьціна. Па словах дзяўчыны, малады чалавек павесіўся ў нядзелю, 7 чэрвеня.
Крысьціна апавядае, што даведалася пра сьмерць брата ў панядзелак днём. Хавалі яго ў сераду, 10 чэрвеня, у Клімавічах. Пахаваньнем займалася адміністрацыя Менскага вышэйшага радыётэхнічнага каледжу, у якім вучыўся Саша. Дэталі трагедыі дзяўчыне невядомыя.
Упраўленьнем Сьледчага камітэту па Менску праводзіцца праверка па факце сьмерці Аляксандра Пугачова. Пра гэта паведаміла афіцыйная прадстаўніца СК Юлія Ганчарова:
«Цела маладога чалавека было знойдзена ў пакоі інтэрнату, у якім ён пражываў. На месца выяжджала сьледча-апэратыўная група. Першапачатковыя праверачныя мерапрыемствы дазваляюць зрабіць выснову, што гэта суіцыд. У цяперашні час прызначана судова-мэдычная экспэртыза, праводзяцца праверачныя мерапрыемствы».
17-гадовы Саша Пугачоў жыў у сям’і Ірыны Моцнай шэсць гадоў.
Летам 2014 году ў маці-выхавацелькі сямейнага дзіцячага дому з Клімавіч Ірыны Моцнай забралі шасьцярых прыёмных дзяцей пасьля самагубства яе мужа Віктара. Неўзабаве на былую прыёмную маці завялі крымінальную справу, абвінавацілі яе ў злоўжываньні правамі апекуна, абмежаваньні асабістай свабоды і катаваньні малалетніх. Суд прызнаў Ірыну Моцную вінаватай і асудзіў яе да 4 гадоў пазабаўленьня волі.