Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Андрэй Саўчанка: «Мне нестае людзей, зь якімі можна працаваць па-беларуску»


Чаму рэжысэр першай драматычнай сцэны краіны шукае сябе ў самастойных тэатральных праектах? Якія магчымасьці для сцэнічных экспэрымэнтаў і ўзьнікненьня незалежных тэатральных ініцыятываў ёсьць у сучаснай Беларусі? Як пашырыць яе вузкую тэатральную прастору? Ці можна разьвязаць непаразуменьне паміж драматургіяй і тэатрам? Над гэтымі пытаньнямі разважае рэжысэр Беларускага тэатру імя Янкі Купалы, аўтар шэрагу прыватных тэатральных праектаў Андрэй Саўчанка.

Фрагмэнты перадачы:

Вячаслаў Ракіцкі: Свой монаспэктакль «Сад» паводле камэдыі Чэхава «Вішнёвы сад» вы назвалі монапэрформансам. Якімі формамі можна зацікавіць сучаснага гледача, які, так бы мовіць, абмінуў традыцыйны тэатар? Пэрформансам, вулічнай дзеяй, рытуальным відовішчам?

Андрэй Саўчанка: Так, тэатру патрэбныя іншыя і розныя формы. Мне падаецца, што для Беларусі сёньня актуальны час дакумэнтальнага тэатру. У нас яго няшмат, а ён дапамагае асэнсаваць рэчаіснасьць неяк больш прадуктыўна, на мой погляд. Мне падаецца, што ёсьць патрэба і ў форме споведзі. Людзі чакаюць яе, хочуць самі спавядацца. У іх ужо не хапае інстытуцыяў для споведзі — і рэлігійных, і сацыяльных. Гэтай аддушыны споведзі ў сучасным тэатры амаль што няма.

Ракіцкі: А тэатральны балаган надакучыў?

Саўчанка: У мяне адчуваньне таго, што гэтая традыцыя адмірае, адыходзіць. Тым болей, па-мойму, мы ня ўмеем гэта добра рабіць.

Ракіцкі: А чаму традыцыйны тэатар, які, у прынцыпе, у Беларусі ўмеюць рабіць, становіцца ўсё меней і меней запатрабаваным?

Саўчанка: Выглядае, што існуе канфлікт напаўненьня традыцыйнага тэатру. Тады, у савецкую пару, і ў рэальнасьці, і на сцэне была ідэалёгія, і быў падтэкст, якім людзі ўмела карысталіся — дадавалі яго да ідэалёгіі і крыху пераварочвалі яе. І ўзьнікаў глыток сьвежага паветра. Сёньня ж амаль усё дазволена, і неабходнасьці далучаць да тэксту падтэкст няма. Альбо павінен прыйсьці час напаўненьня тэатру новымі, сьвежымі ідэямі, якія ўзьнімуць яго на новы ўзровень, і ён пойдзе далей, альбо сапраўды трэба мяняць формы і ключы напаўненьня.

Ракіцкі: Сёньня, з майго гледзішча, існуе непаразуменьне паміж сучаснай драматургіяй і тэатрам. Адзін на аднаго наракаюць. У Беларусі існуе цэлы пласт расейскамоўнай драматургіі, якая найперш — ва ўсялякім разе, я так яе прачытваю — арыентуецца на неабсяжны расейскі рынак. Пра якасьць яе я тут ня буду казаць. Драматургі злуюцца, што тэатры іх на радзіме ня ставяць. У той жа час тэатры задыхаюцца ад нястачы беларускай сучаснай п’есы, а таму шукаюць сябе ў правераным — у клясыцы. Драматургія адстае ад тэатру, ці тэатар ад драматургіі? І ці магчыма гэтае непаразуменьне ліквідаваць, натуральна, калі яно насамрэч ёсьць?

Саўчанка: Яно ёсьць. У кожнага свае задачы. Я ня ведаю, ці ёсьць у нас нейкая інстытуцыя або асяродзьдзе, якое можа нараджаць драматургаў. Мне асабіста нестае людзей, якія думаюць і пішуць па-беларуску, зь якімі можна працаваць па-беларуску. Мне ўсё ж падаецца, што гэтае непаразуменьне будзе з часам перараджацца. Але гэта будзе яшчэ ня хутка.

Ракіцкі: Калі б вы цалкам былі незалежным у прафэсіі, мелі свой тэатар, што, каго б ставілі?

Саўчанка: Я спрабаваў бы ставіць беларускую клясыку, дзеля таго каб асэнсаваць усё, што з намі адбывалася. Таксама я спрабаваў бы ствараць сучасныя беларускія тэксты, сучасныя п’есы, каб асэнсоўваць нашу рэчаіснасьць.

Ракіцкі: Ці існуюць у Беларусі нейкія істотныя перадумовы, каб паўстаў новы тэатар?

Саўчанка: На мой погляд, у нас існуе патэнцыял гэтага, але не існуе мэханізмаў і інстытуцыяў, здольных гэта зрабіць.. З часам яны зьявяцца. Беларусь чамусьці заўсёды аддае перавагу эвалюцыі. Да рэвалюцыі ў тэатры мы не гатовыя — я так лічу. Можа, гэта добра, можа, гэта дрэнна. Але час сваё возьме, і зьмены будуць.

Ракіцкі: Я не кажу, што тэатральнага крызісу няма ў Эўропе ці на ўсходзе. Але ўсё ж нешта і там, і там адбываецца, узьнікаюць новыя невялікія тэатры, экспэрымэнтальныя сцэны, прыватныя ініцыятывы. А ў Беларусі застаецца тая ж колькасьць дзяржаўных тэатраў, як і за камуністамі, няма прарываў у новую якасьць, прыватных ініцыятываў адна-дзьве. Чаму?

Саўчанка: У нас праблема зь верай. Мы ня верым у сябе. Мы ня верым, што мы патрэбныя тут, на гэтай зямлі. Мы ўвесь час думаем, калі, куды, з кім. У нас няма сваёй ідэі. Яна не сфармаваная, а калі яна фармуецца, у яе няма магчымасьці жыць, ажыцьцяўляцца на нейкіх маштабных узроўнях.

Ракіцкі: І ў грамадзтва няма патрэбы ў тэатры?

Саўчанка: Патрэба ёсьць, толькі яна маленькая, лякальная. Мне падаецца, што ў нас няма таго выхаваньня, калі тэатар уяўляецца неабходнай часткай грамадзкага жыцьця. Але я адчуваю ў людзей прагу да сучаснага, да сьвежых думак. Гэта ёсьць, адно што яно неяк прыхаванае, сьнегам прымеценае.

Ракіцкі: Чаго вы яшчэ хочаце ад мастацтва тэатру, якім займаецеся, і ад самога сябе?

Саўчанка: Ад самога сябе мне важна не спыняцца, ісьці далей, паглыбляцца і не пашкодзіць людзей, якія ідуць са мной побач. А ад мастацтва — каб яно ня вельмі сапсавала жыцьцё.

  • 16x9 Image

    Вячаслаў Ракіцкі

    Вячаслаў Ракіцкі – беларускі журналіст, тэатральны і кінакрытык, рэжысэр і сцэнарыст дакумэнтальнага кіно, перакладчык. Кандыдат мастацтвазнаўства. Сябра Саюзу беларускіх пісьменьнікаў і Беларускай асацыяцыі журналістаў. Аўтар Радыё Свабода з 1997 году.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG