Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Янукевіч: Выбары прысьпешвае кепскі стан эканомікі


Аляксей Янукевіч
Аляксей Янукевіч

Старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч мяркуе, што ідэю правесьці прэзыдэнцкія выбары ўжо ў кастрычніку выклікала кепская сытуацыя ў эканоміцы Беларусі.

«Можна казаць пра яўнае прысьпешваньне даты выбараў, і зьвязана гэта ў першую чаргу з тым станам эканомікі, які мы можам цяпер назіраць. Ён пагаршаецца, а рэсурсаў, каб да выбараў трымаць высокі ўзровень заробкаў, каб трымаць курс беларускага рубля, у беларускай дзяржавы няшмат. Каб не дапусьціць перад выбарамі нейкага сур’ёзнага пагаршэньня, і зьявілася прапанова правесьці іх раней, чым плянавалася. У гэтым я перакананы».

Карэспандэнт: «Ці такі тэрмін правядзеньня выбараў паўплывае на выбарчую кампанію?»

«Выбары ў кастрычніку — гэта дадатковыя складанасьці найперш для апазыцыйных структураў, асабліва падчас збору подпісаў. Гэта адзін з самых адказных выбарчых пэрыядаў, калі за вельмі абмежаваны час трэба сабраць 100 тысяч подпісаў за кандыдата на прэзыдэнта. Прыйдзецца зьбіраць подпісы ўлетку, калі людзі ў адпачынку ці на лецішчах, ня дома, і гэта створыць дадатковыя складанасьці для ініцыятыўных групаў. Найперш для апанэнтаў рэжыму, бо відавочна, што для Аляксандра Лукашэнкі збор подпісаў будзе арганізаваны і тут праблемаў ня будзе».

Карэспандэнт: «Літаральна ўчора міністар замежных спраў Уладзімер Макей быў зь візытам у Маскве, дзе заручыўся падтрымкай кіраўніцтва Расеі. Ці можна зьвязаць гэтую ідэю з гэтым візытам?»

«Перанос выбараў можа сьведчыць і пра тое, што Расея не гатовая ці ня хоча дапамагаць, перадусім эканамічна, цяперашнім беларускім уладам у тым аб’ёме, у якім было б пажадана Менску. Не выключаю, што гэта было ўзята пад увагу, калі вырашалася дата выбараў».

Карэспандэнт: «Каго будзе падтрымліваць Партыя БНФ на гэтых выбарах?»

«Мы прынялі рашэньне падтрымліваць кандыдатуру Тацяны Караткевіч. Мяркую, зараз будзе прысьпешаны працэс фармаваньня ініцыятыўнай групы, папярэдніх сьпісаў, фармаваньня рэгіянальных штабоў. Натуральна, што давядзецца працаваць улетку больш інтэнсіўна. Мяркую, усё роўна будзем намагацца дасягнуць найлепшага выніку, які магчымы ў цяперашніх умовах».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG