Пра гэта паведаміла ў сваёй інтэрнэт-вэрсіі газэта The Wall Street Journal.
Абвінаваўчы дакумэнт, паводле газэты, павінен быць прадстаўлены ў фэдэральным судзе ў Брукліне ў сераду раніцай. Хто зьяўляецца аб’ектам абвінавачваньняў, у чым яны абвінавачваюцца, пакуль невядома, але крыніцы газэты кажуць пра тое, што сярод абвінавачаных — 12 чалавек. Пра гэта будзе абвешчана ў сераду раніцай у Нью-Ёрку на прэс-канфэрэнцыі з удзелам міністра юстыцыі ЗША, дырэктара ФБР і кіраўніка падатковай управы.
Газэта паведамляе, што абвінавачваньні могуць быць прад’яўленыя некалькім дзейным і былым функцыянэрам ФІФА, яе крыніцы паведамілі пра тое, што выдадзеныя ордэры на іх арышт. Гэта стала вынікам шматгадовага расьсьледаваньня паведамленьняў аб карупцыі ў кіроўных органах Міжнароднай футбольнай арганізацыі. З амэрыканскімі праваахоўнымі органамі супрацоўнічае амэрыканскі сябра выканаўчага камітэту ФІФА Чарльз Блэйзэр, які нібыта перадаваў ФБР інфармацыю пра выпадкі махлярства і адмываньня грошай супрацоўнікамі арганізацыі.
Рашэньню ФІФА даць права на правядзеньне чэмпіянатаў сьвету па футболе 2018 году Расеі і 2022 году — Катару спадарожнічалі шматлікія паведамленьні ў прэсе аб подкупе сябраў выканаўчага камітэту. У выніку ФІФА прыняла рашэньне аб прызначэньні для расьсьледаваньня гэтых паведамленьняў незалежнага інспэктара, былога амэрыканскага фэдэральнага пракурора Майкла Гарсіі, чыя справаздача застаецца неабнародаванай.