Дакумэнтальны фільм «Прададзены футбол», які зьнялі нямецкія журналісты раскрывае карупцыйныя схемы ў кіроўным органе сусьветнага футболу ФІФА.
Пры гэтым у цэнтры ўвагі дакумэнталістаў апынуліся абставіны галасаваньня аб правядзеньні чэмпіянатаў сьвету па футболе ў 2018 і 2022 гадах у Расеі і Катары.
29 траўня ў Цюрыху павінны адбыцца выбары на пасаду прэзыдэнта ФІФА. Дзейны прэзыдэнт ФІФА Зэп Блатэр падаў сваю кандыдатуру на ўдзел у іх. Напярэдадні галасаваньня журналіст Радыё Свабода пагутарыў з адным з аўтараў фільма «Прададзены футбол» Робэртам Кэмпэ.
— Ваш дакумэнтальны фільм «Прададзены футбол» абвінавачвае кіраўніцтва ФІФА ў карупцыі і хабарніцтве, у прыватнасьці падчас галасаваньня аб правядзеньні чэмпіянатаў сьвету па футболе ў Расеі і Катары. Вы лічыце, што права на правядзеньне гэтых чэмпіянатаў было «прададзена» Расеі і Катару?
— Калі мы дасьледавалі гэтую тэму, усё, што мы знаходзілі, сьведчыла аб тым, што заяўкі Расеі і Катару не былі пераканаўчымі. Нават старшыня камісіі па ацэнцы ФІФА, калі мы зь ім размаўлялі, прызнаў, што Катар і Расея падалі слабыя заяўкі на ўдзел у чэмпіянатах сьвету ў 2018 і 2022 гадах. Гэта азначае, што не было аб’ектыўных прычынаў для абраньня Расеі і Катару, паколькі іх прапановы ацэньваліся як найбольш рызыкоўныя. Гэта значыць, павінна быць нешта іншае, чым яны пераканалі ФІФА.
— У фільме гаворыцца, што трох чыноўнікаў ФІФА падазраюць у атрыманьні хабару ў памеры 1,5 мільёна даляраў кожны ад Катару. Прынамсі аднаго зь іх падазраюць у тым, што ён прадаў свой голас таксама і Расеі. Ці ня думаеце Вы, што былі і іншыя выпадкі хабарніцтва, зьвязаныя з чэмпіянатам сьвету па футболе ў Расеі, пра якія пакуль невядома?
— Так, вядома. Думаю, гэта толькі вяршыня айсбэргу. Што да Расеі, то нам пакуль вядома пра Марыёса Лефкарытыса, сябра выканаўчага камітэту ФІФА ад Кіпра, па галасаваньні якога аб месцы правядзеньня чэмпіянатаў у 2018 і 2022 гадах, праводзілася расьсьледаваньне. Ён заяўляе, што нічога не рабіў са сваім голасам. Але зноў жа, мы маем справу з карупцыйнымі схемамі і канфліктам інтарэсаў. Але значна складаней расьсьледаваць магчымае хабарніцтва і ціск ФІФА па Расеі, чым па Катары. Думаю, ёсьць шмат таго, чаго мы пакуль ня ведаем. Цяпер мы ня маем дакладнай карціны таго, што адбываецца.
— ФІФА абвяргае абвінавачваньні, якія зьмяшчаюцца ў вашым фільме, і называе Вас і вашых калегаў хлусамі. Чакалі Вы такой рэзкай рэакцыі?
— Так. ФІФА звычайна пачынае абараняцца і агрызацца. Мы бачым гэта на прыкладзе з актывісткай Банітай Мэрсэдэс, былым прадстаўніком заявачнага камітэта Аўстраліі (яна абвінаваціла ФІФА ў раскрыцьці яе асобы). Яны правялі тэлевізійную кампанію супраць яе. Так што рэакцыя ФІФА ня стала для нас сюрпрызам.