Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хто забіў камандзіра «ЛНР»: украінскія партызаны ці «апалчэнцы»?


Гібель 23 мая ў Данбасе Аляксея Мазгавога, камандзіра брыгады «Прывід» самаабвешчанай «Луганскай народнай рэспублікі» (ЛНР), абрастае новымі падрабязнасьцямі.

Данбаскія сэпаратысты і шэраг крыніц у Кіеве сьцьвярджаюць, што ён быў забіты ў выніку нападу групы ўкраінскага спэцназу, хоць некаторыя зь іх самі не выключаюць і іншых вэрсіяў. Адначасова афіцыйныя ўлады Украіны і большасьць кіеўскіх экспэртаў і дэпутатаў Вярхоўнай Рады заявілі, што сьмерць Мазгавога стала вынікам барацьбы за ўплыў і «перадзелу» нелегальнага бізнэсу паміж лідэрамі ЛНР.

На Аляксея Мазгавога, які лічыўся сярод сэпаратыстаў вельмі аўтарытэтнай фігурай, замахваліся некалькі разоў з моманту пачатку баявых дзеяньняў на ўсходзе Ўкраіны. Сьпікер адміністрацыі прэзыдэнта Ўкраіны па пытаньнях спэцапэрацыі ў Данбасе Аляксандар Матузянік 24 траўня нагадаў, што ў Аляксея Мазгавога ўжо даўно быў канфлікт з кіраўніцтвам ЛНР, падкрэсьліўшы, што лідэры сэпаратыстаў пастаянна гінуць у выніку крымінальнага суперніцтва паміж сабой. Батальён «Прывід», у прыватнасьці, «кантраляваў» горад Алчэўск у Луганскай вобласьці, дзе разьмешчаны важны мэталюргічны камбінат. У інтэрвію агенцтву «Росбалт» у пачатку красавіка Мазгавой крытыкаваў кіраўніцтва ЛНР, абвінавачваючы яго ў карупцыі. Апошні замах здарыўся ў сакавіку гэтага года — тады выжыўшы Аляксей Мазгавой заявіў, што гэта «правакацыя, накіраваная на дэстабілізацыю сытуацыі ў ЛНР».

Паводле інфармацыі першага намесьніка «генпракурора Луганскай народнай рэспублікі» Сяргея Гарэнкі, Аляксей Мазгавой быў забіты ў выніку дывэрсіі на трасе Перавальск — Луганск ў раёне Алчэўску. Пазадарожнік, у якім ён ехаў разам з камандзірам сваёй «службы бясьпекі», вядомым пад кодавай назвай «Песьня», прэс-сакратаром па імені Ганна і двума ахоўнікамі, таксама загінулымі ўчора, быў падарваны з дапамогай выбуховага прыстасаваньня, а затым абстраляны з кулямётаў.

24 мая лідэр украінскага партызанскага атраду «Цені» Аляксандар Гладкі напісаў у сваім Facebook, што Мазгавога нібыта зьнішчылі яго байцы. А дарадца кіраўніка МУС Украіны Антон Герашчанка 23 мая распавёў у Кіеве журналістам, што цяперашні ўдалы замах на Мазгавога нібыта арганізаваў спэцназ ГРУ Генштабу Расеі, магчыма, па ўказаньні цяперашняга кіраўніка ЛНР Ігара Платніцкага.

Аляксей Мазгавой (зьлева) на сустрэчы з журналістамі
Аляксей Мазгавой (зьлева) на сустрэчы з журналістамі

Адзін зь лідэраў данбаскіх сэпаратыстаў Алег Цароў, які стаў «сьпікерам» аб’яднанага «парлямэнту» так званай «Новороссіі» (саюза непрызнаных Луганскай і Данецкай народных рэспублік), асабіста ведаў Аляксея Мазгавога, падтрымліваў зь ім добрыя адносіны і нават выступаў у ролі пасярэдніка ў яго «прымірэньні» зь іншымі лідэрамі ЛНР:

— Я ведаў Аляксея, мы зь ім пазнаёміліся на пачатку ўсіх гэтых падзей. Ён быў сумленны, прамы, і, цалкам магчыма, на гэтым фоне ў яго не заўсёды складваліся адносіны з кіраўнікамі Луганскай Народнай Рэспублікі. Мне даводзілася яго мірыць з кіраўніцтвам ЛНР, калі яе ўзначальваў Валерый Болатаў. У маёй прысутнасьці яны паціснулі адзін аднаму рукі. Мне заўсёды было прасьцей, таму што я ніколі ня браў у рукі зброі, у мяне не было ніякіх атрадаў, я не займаў ніякіх гарадоў і не прэтэндаваў ні на якія пасады або паўнамоцтвы ўнутры Луганскай і Данецкай абласьцей. Таму я аднолькава добра меў зносіны з усімі — з Ігарам Платніцкім, з Валерыем Болатавым, і з Аляксеем. Я ня ведаю, хто яго забіў. Гэта трэці замах.

Я спадзяюся, што кіраўніцтва ЛНР зробіць усё, каб знайсьці вінаватых, асабліва з улікам таго, што існуюць такія розныя вэрсіі. Хачу сказаць, што адносіны паміж усімі кіраўнікамі апалчэньня не заўсёды простыя. Таму што людзі, якія прыйшлі на цяперашняй хвалі, рызыкавалі вельмі шматлікім, як правіла, кіраваліся рамантычнымі настроямі і, па сутнасьці сваёй, яны — максымалісты.

— Аляксей Мазгавой быў сапраўды аўтарытэтнай фігурай?

— Ён быў вядомым чалавекам і аўтарытэтным. У яго быў досыць вялікі атрад і вялікая колькасьць гуманітарнай дапамогі, якая вылучалася канкрэтна пад яго. Калі людзі бачылі яго зварот у YouTube, заявы ў інтэрнэце, любое яго прозьвішча, то пры адпраўцы гуманітарнай дапамогі зьвязвалі яе зь ім і накіроўвалі канкрэтна яму. У гэтым і была праблема, таму што лідэры апалчэньня досыць яркія людзі, і каштоўная гуманітарная дапамога звычайна ішла «адрасна», калі нейкія арганізацыі, нейкія людзі адпраўлялі нейкую дапамогу.

Алег Цароў
Алег Цароў

Я асабіста для сябе паставіў задачу — збор і дапамогу толькі грамадзянскім асобам. Таму што іх няма ў YouTube, няма ў інтэрнэце. Пра іх хтосьці таксама павінен быў клапаціцца. Мы вось так выразна падзяліліся. І парлямэнт «Наваросіі» аказваў дапамогу выключна цывільным людзям.

— Вэрсія, што яго сьмерць — вынік барацьбы клянаў унутры самой «Наваросіі», мае права на існаваньне? Увесну Аляксей Мазгавой вельмі крытыкаваў кіраўніцтва ЛНР і казаў пра маштабную карупцыю.

— Тым ня менш, ён быў дастаткова «сыстэмным» чалавекам. Калі Ігар Стралкоў змагаўся пад Славянскім, ён, па-мойму, адзіны з камандзіраў Луганшчыны, накіроўваў яму ў дапамогу сваіх байцоў. Калі сталі ствараць узброеныя сілы ЛНР, ён досыць лёгка, бязь нейкіх унутраных праблем увайшоў у іх склад і стаў падпарадкоўвацца адзінаму камандаваньню. Адзінае — на эмблемах яго аддзелу заставаліся знакі «Наваросіі», а не ЛНР.

— Што гэта азначала, узровень яго незалежнасьці?

— Ён быў досыць вядомым чалавекам і таму мог сабе дазволіць лёгкія «вольнасьці». Але пры гэтым выконваў вайсковую дысцыпліну. Я не займаўся ваеннымі пытаньнямі, але мне здаецца, што ён выконваў усе ўказаньні, быў на ўсіх нарадах і г. д.

Чытайце увесь рэпартаж тут.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG