Арганізатары песеннага конкурсу «Эўрабачаньня» паведамілі пра адмену вынікаў галасаваньня журы ад дзьвюх балканскіх краін — Чарнагорыі і Македоніі.
Рашэньне было прынятае пасьля кансультацый з кампаніяй PwC, якая праводзіла незалежнае назіраньне за падлікам галасоў.
«У абедзьвюх краінах вынікі галасаваньня тэлегледачоў былі прынятыя за 100%» — паведамляецца на сайце конкурсу «Эўрабачаньня». Між тым паводле правілаў, якія дзейнічаюць з 2009 году, канчатковая адзнака мусіць складацца напалову з вынікаў галасаваньня тэлегледачоў, а напалову — прафэсійнага журы.
Паводле паведамленьня арганізатара конкурсу на перамозе швэдзкага сьпевака Монса Зэлмэрлева адмена вынікаў галасаваньня ад Чарнагорыі і Македоніі не адаб'ецца, паколькі ягоны адрыў ад расейскай сьпявачкі Паліны Гагарынай, якая заняла другое месца, складаў 62 пункты.
А як галасавалі падчас фіналу конкурсу «Эўрабачаньня» ў Беларусі?
Тэлегледачы зь Беларусі аддалі першыя тры месцы Расеі, Эстоніі і Бэльгіі, а прафэсійнае журы аддало перавагу Швэцыі, Расеі і Аўстраліі. У выніку ад Беларусі Расея атрымала 12 балаў, Швэцыя —10, Бэльгія — 8. Сьпевакі з Італіі, якія занялі ў конкурсе выніковае 3 месца, ад Беларусі атрымалі толькі адзін бал.
Стала вядома, што ў паўфінале конкурсу прадстаўнікі Беларусі Юзары і Маймуна занялі 12 месца, між тым выхад ў фінал быў магчыма праз патрапленьне ў дзесятку.