Лінкі ўнівэрсальнага доступу

​Кошт і каштоўнасьць сучаснага белліту


Сяргей Дубавец у кнігарні "логвінаЎ"
Сяргей Дубавец у кнігарні "логвінаЎ"
69 000
69 000

У кнізе ўсё мусіць быць прыгожа: і твар, і адзеньне, і душа, і думкі.

Гэта асабліва актуальна ў цяперашніх сацыяльна-эканамічных варунках, калі людзі рупліва ашчаджаюць грошы на кнігі, усё менш робяць так званых імпульсных пакупак, зьвяртаюць увагу на модных аўтараў і раскручаныя бэстсэлеры. Сёньня людзі даўжэй стаяць ля паліцаў у кніжных крамах, яшчэ больш прыдзірліва разглядаюць тавар з усіх бакоў, павольна гартаюць выданьні і чытаюць пяць старонак тут, тры старонкі — там, каб лепш зразумець, ці спадабаецца ім тая новая кніга, ці будзе ад яе карысьць.

84 000
84 000

Канешне, рабіць кніжныя набыткі лягчэй, калі вы зайшлі ў кнігарню «Логвінаў», а на касе «сядзіць» сам Уладзімер Арлоў ці Андрэй Хадановіч — выдатная рэклямная акцыя, дарэчы! Гэтыя прадаўцы «80-га лэвэла» ня проста дапамогуць вам весела і нязмушана разьвітацца з грашыма, а дадуць прафэсійную кансультацыю, ацэнку таму або іншаму новаму твору, параяць найлепшыя сьвежыя выданьні дый яшчэ падораць свой аўтограф, калі вы прыдбаеце і іх кнігу. Альбо, уявіце, быццам вы любіце творчасьць Андрэя Федарэнкі і вось даведаліся, што ў яго выйшла новая кніга. Вам цудоўна вядома, чаго можна чакаць ад гэтага тактоўнага пісьменьніка-рэаліста, які піша ня лоўка, а роўна і гладка. І таму вы, не вагаючыся, набываеце асобнік.

179 900
179 900

Але найчасьцей беларускамоўныя чытачы ня маюць надзейнага кніжнага навігатара ў сьвеце навінак, акром меркаваньняў сяброў і некалькіх крытычных водгукаў у мас-мэдыях. І таму, агледзеўшы папяровых «незнаёмцаў», яны абіраюць для сваіх грошай больш надзейнае ўкладаньне: набываюць клясыку ў букіністычных аддзелах, дэманструючы тым самым здаровы кансэрватызм.

72 000
72 000

Кніжная клясыка — ня проста мастацтва са знакам якасьці, што могуць засьведчыць пакаленьні чытачоў. Гэта яшчэ і ўнікальная магчымасьць спасьціжэньня, адкрыцьця новых сэнсаў і новай прыгажосьці ў часе перачытаньня. Тады як кнігі многіх нашых сучасьнікаў ну зусім ня хочацца перачытваць. Акром таго, кошты на букіністычную літаратуру сёньня вельмі танныя: прыкладам, збор твораў Кузьмы Чорнага ў 8-мі тамах можна набыць у Менску за 35 тысяч (!) рублёў, ці крыху даражэй за Біг Мак. А цяпер пытаньнечка: каго з сучасных беларускіх пісьменьнікаў можна прыдбаць за гэткія грошы? Літаральна некалькіх аўтараў — і я хацеў бы сказаць «дзякуй» луканоміцы за тое, што сучасныя кнігі зрабіліся найкаштоўнейшым падарункам, ды толькі язык не паварочваецца.

180 000
180 000

У вачах чытачоў пранумараваныя кнігі Чорнага, як і іншых прызнаных майстроў слова, выглядаюць салідна, густоўна — о, неаслабны ціск кніжнай клясыкі! Нягледзячы на тое, што кнігазбор Чорнага выдадзены ў 1972-1975 гадах, ён захаваўся ў добрым стане. Больш за тое, якасьць паперы — цудоўная. Бег часу ня здолеў зрабіць на ёй цяжкі адбітак, бо савецкія выданьні па сваім «хімічным» складзе адрозьніваюцца ад сучасных кніг, якія хутка і непрыгожа старэюць, асабліва калі выдадзены на газэтнай паперы.

Не дае перавагі сучасным выданьням у параўнаньні з клясыкай і той факт, што сучасныя выдаўцы сьпехам абгортваюць кнігі пераважна ў мяккія вокладкі, неахайна мацуюць кніжны блёк — іншым разам зь яго тырчыць клей жоўтымі застыглымі плямамі. Бярэш такую кнігу ў рукі і думаеш са скрухаю: як ты, гаротніца, з такім непрывабным карашком будзеш стаяць-выглядаць у маёй прыватнай бібліятэцы? Ці не развалісься ты наагул у часе чытаньня на кавалкі?

115 000
115 000

Ашчаджаць — дык ашчаджаць на ўсім (асабліва калі надарыўся марудны эканамічны крызыс і краіна застыгла ў адным бясконцым дні сурка). Такая вось сёньня кнігавыдавецкая палітыка ў Беларусі, якая абмінула, хіба, мастацкія альбомы, падарункавыя і сувэнірныя выданьні. Ня дзіва, што з сучасных кніг прозы і паэзіі ці не назаўсёды зьніклі ілюстрацыі. «Ат, тое драбяза! — зьедліва пажартуе нехта. — Добра, што не карэктары са стыль-рэдактарамі». Але, на мой асабісты густ, кнігі без малюнкаў — гэта як страва бяз солі, якую цяжка есьці. Азіраючыся на паліцы сваёй хатняй бібліятэкі, бачу толькі дзьве «пасоленыя» кнігі: падарожныя нататкі Адама Глобуса «Сшыткі» (2003) і зборнік прозы Лявона Вольскага «Міларусь» (2011) — абодва выданьні ўпрыгожаныя густоўнымі малюнкамі, мініятурамі, якія выканалі самі аўтары, мастакі паводле адукацыі.

113 000
113 000

Іншым разам здаецца, што сучасныя беларускія аўтары ладзяць своеасаблівае спаборніцтва ў тым, хто зь іх напіша самую танюткую кніжку дый яшчэ выдасьць яе самым мізэрным шрыфтам і фарматам. Калі гэтак і далей будзе, мы, чытачы, хутка наагул не пабачым сучасную беларускую літаратуру — выдатны атрымаецца пэрформанс!..

Падкрэсьлю: вызначальным фактарам для людзей сёньня ёсьць кошты на тавары. І калі чытачы, якія сочаць за разьвіцьцём падзеяў вакол літаратурнай прэміі імя Ежы Гедройця, захочуць набыць усе шэсьць кніг з шорт-ліста прэміі, то ім давядзецца выкласьці 453 тысячы рублёў (пры ўмове, што кнігі будуць набытыя праз інтэрнэт-краму — так будзе таньней).

148 000
148 000

Атрымліваецца нібыта невялікая сума, калі забыцца пра кошты на букіністычныя зборы твораў нашых клясыкаў. Але ж той, хто ўвачавідкі пабачыць твар і адзеньне сучасных беларускіх кніжак, дый яшчэ будзе вымушаны паасобку аддаць за кожную з тых мяккіх і танюткіх істотаў, якія ганарліва называюць сябе «аповесьцямі» і «раманамі», альбо 91 тысячу, альбо 156 тысяч, альбо 63 тысячы рублёў, моцна задумаецца, ці сапраўды кошт гэтай друкаванай прадукцыі адпавядае яе заяўленай высокай якасьці, ці сапраўды яна будзе вартая чытаньня і перачытаньня. (Вы ж ведаеце, што ў нас апрыёры лічыцца, быццам сучасная беларуская літаратура — амаль элітарная рэч.) Цалкам магчыма, што ў выніку чытач, каб спаталіць сваю эстэтычную прагу, не «милорда глупого с базара понесет», а набудзе сьвежы нумар «Дзеяслова» за 45 тысяч рублёў, у якім багата і аўтараў, і літаратурных жанраў. Ці выправіцца да букіністаў.

Зразумела, што беларускім пісьменьнікам цяпер даводзіцца цяжка і вялікіх грошай яны не зарабляюць. Але ж патрабаваньне працаваць ня толькі над самім творам, але і над зьнешнім выглядам кніг ніхто не адмяняў — гэта пытаньне прафэсійнага гонару і адказнасьці.

Цана пад вокладкай адлюстроўвае кошт кнігі ў інтэрнэт-краме. У кнігарні яна, як правіла, вышэйшая.​

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG