Старшыня Менскага саюзу прадпрымальнікаў і працадаўцаў Уладзімер Карагін паведаміў, што зь Беларусі на Трэці бізнэс-форум «Усходняга партнэрства» прыбыла прадстаўнічая дэлегацыя, каля сарака чалавек:
«Беларускія бізнэсоўцы даўно ўдзельнічаюць у такіх форумах, нашы бізнэс-асацыяцыі, канфэдэрацыя і Гандлёвая палата, — тут мы адзіныя. Фактычна тут прадстаўленыя шэсьць нацыянальных арганізацыяў. І ўсе нашы прадпрымальнікі з праектамі, мы загадзя іх давялі, і тут, апрача ўдзелу ў форуме, адбываюцца перамовы па канкрэтных эканамічных прапановах нашага бізнэсу. Цяпер з боку Эўразьвязу існуе шэраг праграмаў дзеля падтрымкі малога і сярэдняга бізнэсу. У прыватнасьці, учора мы выказалі задавальненьне, што зьявілася праграма East-invest-2 з добрымі рэсурсамі для разьвіцьця інфраструктуры падтрымкі малога і сярэдняга бізнэсу. І нас там бачаць як партнэраў. Учора была таксама кантактна-каапэрацыйная біржа, на якой я правёў больш за 10 сустрэч з тымі людзьмі, якія самі да нас прыходзяць і прапануюць дапамогу ў навучаньні на прадпрыемствах, выхадзе на эўрапейскі рынак. Гэтыя праекты будуць фінансавацца Эўрапейскім Зьвязам, і мы маем шанцы ў іх удзельнічаць».
Паводле спадара Карагіна, Эўракамісія цяпер займаецца прагматычнай працай, а на палітычных форумах павінны быць створаныя нармальныя ўмовы для працы бізнэсу:
«Мы яўна назіраем пацяпленьне адносін з Эўразьвязам, і ёсьць разуменьне з боку ўраду Беларусі, улады лепей разумеюць, што інтарэс нашага супрацоўніцтва з Эўропай павінен замацоўвацца і палітычнымі жэстамі, пэўнымі ўчынкамі. Для нас вельмі важна захаваць сувязі і з Расеяй, і з эўрапейскімі краінамі, эўрапейскім бізнэсам, а магчыма, нават яго пашырыць. Таму што Эўропа — крыніца новых ведаў, новых тэхналёгій. У спалучэньні з сыравіннай базай Расеі мы разам можам дасягнуць някепскіх вынікаў».
Паводле спадара Карагіна, нічога антырасейскага ў Рыскім саміце няма:
«Гэты форум узьнік з ідэі ўмацаваць сувязі з усходнім рынкам, таму тут ня трэба нешта залішне палітызаваць, трэба проста наладжваць супрацоўніцтва».
У тым, што Беларусь пакуль адстае ў супрацоўніцтве з Эўразьвязам ад іншых краін партнэрства, віна самой Беларусі, — перакананы спадар Карагін:
«Мы самі вінаватыя. Чым больш урад будзе ўдзельнічаць у перамовах на розных узроўнях, тым больш узьнікне праектаў. Таму ня трэба зьдзіўляцца, што мы не дайшлі да праектнай стадыі, як Малдова, Украіна і Грузія. Там ідуць ужо вялікія праекты з Эўразьвязам, працуюць разам бізнэс і ўрады, няўрадавыя структуры».
Паводле спадара Карагіна, без разьвіцьця грамадзянскай супольнасьці эканоміка ня будзе разьвівацца — і пра гэта сёньня шмат гаварылі на бізнэс-форуме «Ўсходняга партнэрства».