Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Танкачова: Сярод крымскіх татараў пануе пачуцьцё трывогі і небясьпекі


Ukraine - A Crimean Tatar woman stands by a Ukrainian flag as pro-Ukrainian demonstrators march in the streets of Simferopol in support of the Crimean Tatar community, on March 14, 2014
Ukraine - A Crimean Tatar woman stands by a Ukrainian flag as pro-Ukrainian demonstrators march in the streets of Simferopol in support of the Crimean Tatar community, on March 14, 2014

У Дзень памяці ахвяраў дэпартацыі крымскіх татараў Свабода пагутарыла зь беларускай праваабаронцай Аленай Танкачовай, якая брала ўдзел у Крымскай палявой місіі па правах чалавека. Алена нядаўна была дэпартаваная зь Беларусі.

Алена Танкачова працавала ў складзе Крымскай палявой місіі па правах чалавека ў канцы красавіка. У інтэрвію Свабодзе яна распавяла пра парушэньні, якія былі зафіксаваныя місіяй у дачыненьні як да крымскіх татараў, так і да ўсіх іншых жыхароў паўвострава.

— Спадарыня Алена, найперш распавядзіце пра Крымскую палявую праваабарончую місію.

Місія ўяўляе сабой сталую прысутнасьць у Крыме прадстаўнікоў праваабарончых арганізацыяў. Удзельнічаюць праваабаронцы з розных краінаў, але пераважна з Расеі, Украіны і Беларусі. Гэтым разам зь Беларусі былі тры чалавекі, мы каардынавалі свае дзеяньні з расейскімі і ўкраінскімі калегамі. Адразу адзначу, што ў праваабарончай сфэры няма ніякіх розначытаньняў адносна ацэнкі падзеяў. Нам няма чаго дзяліць паміж сабой, нам ня трэба дамаўляцца адносна таго, з наколькі сур’ёзнымі выклікамі сутыкаюцца людзі ў Крыме.

— Чаму неабходна, каб у Крым ехалі праваабаронцы з іншых краінаў?

— Па-першае, там цяпер няма ніякіх міжнародных арганізацыяў, якія б маглі рабіць прафэсійныя ацэнкі. Па-другое, на тэрыторыі Крыму практычна не засталося мясцовага грамадзянскага сэктару, які б мог быць крыніцай незалежнай інфармацыі, — прадстаўнікі грамадзянскага сэктару былі вымушаныя пераехаць у цэнтральную Ўкраіну. Па-трэцяе, мясцовым жыхарам рабіць крытычныя ацэнкі нашмат складаней, чым тым, хто прыяжджае з назіральнай місіяй, а пасьля зьяжджае. Мясцовым складаней, бо яны не адчуваюць сябе абароненымі. Па-чацьвёртае, нягледзячы на палітычную заяву ўкраінскай улады пра тое, што жыхары Крыму застаюцца грамадзянамі Ўкраіны, ніякай прысутнасьці Ўкраіна на акупаванай тэрыторыі не забясьпечвае. З аднаго боку, зразумела, што ва Ўкраіны дастаткова іншага клопату, але зь іншага — для шэрагу грамадзянаў на тэрыторыі Крыму такое стаўленьне выліваецца ў вялікі нэгатыў.

Алена Танкачова
Алена Танкачова

— Як зьмянілася жыцьцё людзей, якія засталіся ў анэксаваным Крыме?

— Яны сутыкаюцца з рознымі бытавымі праблемамі. Напрыклад, на тэрыторыі Крыму цяпер ня дзейнічаюць ніякія плацёжныя карткі — ні ўкраінскія, ні расейскія, ні выдадзеныя іншымі краінамі. Падобная сытуацыя з мабільнай сувязьзю: у Крыме ня дзейнічаюць ніякія ўкраінскія сім-карткі. Гэта значыць, што людзі, у якіх частка сям’і ва Ўкраіне, частка — у Крыме, кожны дзень сутыкаюцца з праблемай камунікацыі. Аўтамабілі з новымі нумарнымі знакамі, якія трэба было ўсталяваць пасьля акупацыі Крыму Расеяй, на тэрыторыю Ўкраіны ўехаць цяпер ня могуць — украінскія ўлады прызнаюць такія нумарныя знакі як незаконныя.

— Які парушэньні былі зафіксаваныя ў сфэры правоў чалавека?

— Самае значнае тое, што ў Крыме няма ўмоваў для адкрытай грамадзянскай актыўнасьці. Сэктар некамэрцыйных арганізацыяў надзвычай аслаблены, і няма надзеі, што ён хутка адновіцца. Пра палітычныя правы і свабоды нават няма сэнсу гаварыць — ніякай свабоды сходаў, ніякай свабоды слова няма. Таксама вельмі сур’ёзная сытуацыя з парушэньнем права на свабоднае перамяшчэньне — мы зафіксавалі цэлы набор абмежаваньняў, зьвязаных зь перамяшчэньнем. Гэта тычыцца як умоўнай мяжы паміж Украінай і Расеяй, так і забесьпячэньня візавай падтрымкі з боку іншых краінаў, якія не прызнаюць прававы статус Крыму.

— Зь якімі цяжкасьцямі, апроч усіх вышэйпералічаных, сутыкнуліся крымскія татары? Што вы зафіксавалі ў дачыненьні да іх?

— Шырокавядомыя факты пра закрыцьцё сеткі вяшчаньня на татарскай мове. Гэты факт вельмі моцна ўзмацняе пачуцьцё трывогі і небясьпекі сярод крымскіх татараў. Апроч гэтага ідзе сур’ёны ціск на орган татарскага самакіраваньня — Мэджліс. Пасьля паседжаньняў гэтага органа людзей забіраюць на допыты, вядуцца гутаркі з боку праваахоўных органаў Расейскай Фэдэрацыі. У выніку крымскія татары пастаянна адчуваюць пагрозу. Што да настрояў сярод крымскіх татараў, то, з аднаго боку, у іх ёсьць моцнае перакананьне, што Крым — гэта іх зямля, і яны адтуль па сваёй волі ня зьедуць, а зь іншага — ёсьць пастаяннае чаканьне дадатковых прыцясьненьняў і адчуваньне трывогі.

— Вядома, што цягам доўгага часу крымскія татары паступова вяртаюцца ў Крым адтуль, куды былі дэпартаваныя ў 1944 годзе, — з Узбэкістану. Ці паўплывала акупацыі Крыму на інтэнсіўнасьць гэтага працэсу зараз?

— Насамрэч, для мяне было вялікай нечаканасьцю тое, што працэс вяртаньня працягваецца і мае масавы характар. Цягам апошніх 6 месяцаў паўтары тысячы крымскіх татараў зьвярнуліся да працэдуры вяртаньня ў Крым. Я думаю, гэта вельмі шмат. Вярнуўшыся, гэтыя людзі трапляюць у надзвычай складаную сытуацыю — украінскія законы аб рэпатрыяцыі крымскіх татараў больш ня дзейнічаюць. І цяпер крымскі татарын, які прыехаў з Узбэкістану ў Крым, прыраўноўваецца да ўзбэка, які прыехаў з Узбэкістану ў Маскву. З-за таго, што ня дзейнічае спрошчаная працэдура, якая прадугледжвалася ўкраінскім заканадаўствам для крымскіх тарараў, людзі не пасьпяваюць у агульныя тэрміны аформіць дакумэнты, на запыты ад сучаснай крымскай улады Ўзбэкістан не адказвае, дэманструючы сваё стаўленьне да акупаванай тэрыторыі. Праблема ня ў тым, што крымскія татары вяртаюцца, а ў тым, у якія ўмовы яны вяртаюцца.

— Якім чынам крымскія ўлады зьбіраюцца вырашаць праблемы крымскіх татараў, якія працягваюць вяртацца на радзіму?

— Цяпер проста складаюць сьпісы такіх людзей, якія прабылі на тэрыторыі Крыму 90 дзён і не пасьпелі аформіць неабходныя дакумэнты. Да сьпісаў маюць доступ ФСБ і органы па міграцыі. Уявіць, у які момант і для чаго гэтыя сьпісы будуць выкарыстаныя, складана. Але людзі ставяцца зь вялікай трывогай да гэтых сьпісаў.

— Якое практычнае выкарыстаньне вынікаў працы вашай місіі?

— У межах Крымскай палявой місіі па правах чалавека пэрыядычна выходзіць справаздача. Яна накіроўваецца міжнародным арганізацыям, ААН і АБСЭ, а таксама ўкраінскім і расейскім уладам.

— Спадарыня Алена, як вы ўладкаваліся пасьля дэпартацыі зь Беларусі? Чым зараз займаецеся?

— Я ўжо скончыла ўсе працэдуры, зьвязаныя з атрыманьнем дакумэнтаў у Расеі. Пасьля гэта я адразу паехала ў Крымскую палявую місію. Пасьля вяртаньня адтуль я сабрала рэчы і пераехала для жыцьця і працы ў Вільню. Тут я асноўную частку сваёй дзейнасьці арыентую на праваабарончую дзейнасьць у Беларусі, іншымі словамі, мая дзейнасьць у межах Цэнтра прававой трансфармацыі «Lawtrend» не зьмянілася. Яшчэ я разважаю пра пэўную працу ў рамках кансорцыюма «Эўрабеларусь», які зарэгістраваны і фізычна знаходзіцца ў Вільні, — гэта кансультаваньне беларускіх кампаніяў, якія ўтрымліваюць праваабарончы кампанэнт. Мая дачка, мае самыя блізкія людзі працягваюць жыць у Беларусі, я скрайне эгаістычна зацікаўленая ў тым, каб краіна разьвівалася ў бок эўрапейскіх каштоўнасьцяў і правоў чалавека.

— Сумуеце па Беларусі?

— Вядома. Вельмі моцна сумую.

Крымскіх татараў савецкія ўлады дэпартавалі з Крыму 18-20 траўня 1944 году. Паводле афіцыйных зьвестак, больш за 183 тысячы чалавек пагрузілі ў таварныя вагоны і цягам 20 дзён без мэдыцынскай дапамогі, пітной вады і дастатковага харчаваньня вывезьлі ва Ўзбэкістан і на прылеглыя да яго тэрыторыі Казахстану і Таджыкістану. Крымскіх татараў вывозілі туды на спэцпасяленьні без права пакідаць іх без дазволу камэндатуры. Паводле перапісу, праведзенага самімі крымскімі татарамі, за першыя паўтара года дэпартацыі ад хвароб і складаных умоў жыцьця памерлі 46,2% крымскіх татараў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG